Жыць інтарэсамі людзей


Дэпутатам раённага Савета дэпутатаў выбрана другое скліканне запар. Але па тэрытарыяльнаму прынцыпу  адрозненні ёсць – балаціравалася ў 26-м скліканні па Паселіцкай выбарчай акрузе № 34 па той прычыне, што пражываю ў гэтай вёсцы.

Першае, што зрабіла пасля прайшоўшых 25 красавіка 2010 года выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, гэта аб’ехала ўсе населеныя пункты, якія ўваходзяць у маю акругу: Лісцвін, Мархлеўск, Берасцечка, Карчовае, каб даведацца, якімі клопатамі жывуць мае выбаршчыкі. Першыя ўражанні аб добраўпарадкаванні гэтых вёсак не прынеслі аптымізму. Не толькі склалася ўражанне, а так яно і ёсць на самай справе, што людзі ў большай частцы чакаюць, што нехта прыдзе і навядзе парадак каля іх падворкаў. Такія ўтрыманскія настроі, што вельмі засмучае, пануюць сярод даволі маладых людзей. У гэтай сувязі не магу не сказаць пра жыхарку вёскі Паселічы, 86-гадовую Елізавету Данілаўну Курленка. У вельмі паважаным узросце яна можа ўзяць у рукі касу і падкасіць траву каля свайго дома, у якім жыве адна. І ў хаце парадак падтрымлівае.

Прыемна, што не забываюць пра мяне былыя выбаршчыкі па Веляцінскай выбарчай акрузе № 35. Давялося мне паўдзельнічаць у вырашэнні жыццёвага лёсу маладой выбаршчыцы, у якой бацька памёр, а маці не аказвала дачцы належных клопатаў. Пасадзейнічала таму, каб рашэннем райвыканкома дзяўчыну прызналі дзеяздольнай, і яна цяпер сама распараджаецца пенсіяй з выпадку страты кармільца. Жыве ў вёсцы Дуброва, працуе на малочнатаварнай ферме, водгукі аб ёй самыя добрыя.

Для таго, каб наладзіць культурны і змястоўны адпачынак вяскоўцаў, калектыў Паселіцкай СШ  паўдзельнічаў у конкурсе праектных ініцыятыў ПРААН. Атрыманыя сродкі ў памеры 12 тысяч долараў ЗША будуць выкарыстаны прама прапарцыянальна: па 50 працэнтаў на абустройства спартыўнай пляцоўкі ў вёсцы Ліствін і столькі ж на рамонт школы ў Паселічах спартыўнай залы ў прыватнасці.

Аб тым, што людзей хвалюе, даведваюся ў час сустрэч з імі, хаця вядомы графік прыёму па асабістых пытаннях.  Вядома, ёсць праблемы, якія немагчыма адразу вырашыць. Таму вызначыла асноўныя напрамкі сваёй дэпутацкай дзейнасці, каб апраўдаць давер выбаршчыкаў.



Г. ОКУНЕВА, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дырэктар Веляцінскага д/с-БШ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *