Ад чаркі да бойкі — адзін крок

Законнасць і парадак

У сучасны час як ніколі востра стаіць праблема алкагалізацыі насельніцтва. Згубны ўплыў непамернага ўжывання спіртных напіткаў вядзе да асацыяльнасці грамадства ў вялікіх маштабах. Актуальнасць гэтай праблемы абумоўлена яшчэ і тым, што смяротнасць у краіне, прама або апасрэдавана звязаная з алкаголем, параўнальна са стратамі дзяржавы ў выніку ваенных дзеянняў у ходзе лакальных канфліктаў. Тэма прафілактыкі гэтай негатыўнай з’явы абмяркоўвалася ў гутарцы карэспандэнта “ХН” з начальнікам аддзела ўнутраных спраў райвыканкома С.А. БАРЫСЕНКАМ.

– Сяргей Анатольевіч, хацелася б, каб спачатку Вы паведамілі аб крымінагеннай абстаноўцы на тэрыторыі нашага раёна за 6 месяцаў бягучага года.

– Хачу адзначыць, што ў параўнанні з мінулым годам адзначаецца зніжэнне ўзроўню злачыннасці: па лініі ўсіх служб РАУС зарэгістраваны 183 злачынствы, у тым ліку крымінальных –109, тэмпы зніжэння складаюць адпаведна 17,6 і 18,7 працэнта. Нашымі супрацоўнікамі раскрыта 90 злачынстваў, што складае 82,5 працэнта ад ліку зарэгістраваных. Здзейснена 6 цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, усе яны раскрыты. Не дапушчана росту такіх злачынстваў, як забойствы, разбоі, крадзяжы аўтамабіляў, махлярства і хуліганства.

У сферы сямейна-бытавых адносін здзейснена 9 злачынстваў, удзельная вага ў структуры злачыннасці склала 4,9 працэнта. 70 злачынстваў здзейснена асобамі ў стане алкагольнага ап’янення, удзельная вага – 42,4 працэнта.

– З гэтага вынікае, што ступень алкагалізацыі грамадства самым непасрэдным чынам уплывае на ўзровень злачыннасці.

– Так, менавіта алкагалізм і п’янства выступаюць стымулятарам павышанай крымінальнай напружанасці. Практычна кожнае трэцяе злачынства здзяйсняецца ў п’яным выглядзе. Алкагольнае ап’яненне стала адной з прычын здзяйснення больш двух трэцей зарэгістраваных забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, згвалтаванняў, грабяжоў і шэрагу іншых злачынстваў. І ў гэтым сэнсе бытавая злачыннасць уяўляе сабой асаблівую сацыяльную небяспеку, выклікае неабходнасць пастаяннага ўдасканальвання работы па яе прафілактыцы.

– Сяргей Анатольевіч, абмалюйце партрэт бытавога правапарушальніка.

– Гэта, як правіла, асобы, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, у мінулым судзімыя за наўмыснае злачынства, але не стаўшыя на шлях выпраўлення. Гэта звычайна алкаголікі, бытавыя п’яніцы, якія пастаянна парушаюць грамадскі парадак, здзяйсняючы хуліганскія дзеянні, а таксама здзекваюцца над членамі сваёй сям’і, родзічамі. І такіх  на ўліку ў нашым райаддзеле ўнутраных спраў знаходзіцца 53 чалавекі. Гэта людзі рознага ўзросту, але аднаго алкагольна-буйнага тэмпераменту. Так, 12 разоў (!) на працягу мінулага года прыязджалі супрацоўнікі міліцыі па выкліку сужыцельніцы Д.В. Ждановіча, 1987 года нараджэння. Вялікі паслужны спіс сямейных разборак у жыхароў горада А.В. Дземідзенкі, 1959 года нараджэння,  С.В. Ярмоленкі, 1968 г.н., У.Г. Дразда, 1986 -га і А.В. Замкевіча, жыхара вёскі Карчовае, 1953 года нараджэння.

– Ад такіх паводзін, як гаворыцца, да непапраўнага адзін крок. Што робіцца для папярэджвання цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў у гэтай сферы?

– Кожны другі месяц квартала на тэрыторыі нашай рэспублікі і ў нашым раёне ў прыватнасці праводзяцца мерапрыемствы па прафілактыцы асацыяльных паводзін грамадзян у сферы сацыяльна-бытавых адносін. У першую чаргу правяраюцца сем’і, дзе пражываюць скандалісты-п’яніцы. Таксама выкарыстоўваецца такая форма прафілактычнай работы, як правядзенне выязных судовых пасяджэнняў па ізаляцыі ў лячэбна-працоўны прафілакторый хранічных алкаголікаў. Гэтая работа праводзіцца ў цесным ўзаемадзеянні супрацоўнікаў РАУС з медыцынскімі работнікамі. За 6 месяцаў сёлета праведзены два такія пасяджэнні, на прымусовае лячэнне ва ўмовах ЛПП накіравана 20 злоўжываючых алкаголем чалавек, сярод якіх чатыры жанчыны.

– На Ваш погляд, прымусовае лячэнне ў гэтай установе які дае эфект?

– Нават калі адзін з дзесяці пабываўшых там стаў на шлях выпраўлення, гэта ўжо перамога. У першую чаргу над сваімі асацыяльнымі паводзінамі. З другога боку, за час знаходжання ў прафілакторыі сям’я алкаголіка адпачывае ад пастаянных п’янак, сварак, боек. Але, як паказвае практыка, ніякі прафілакторый не можа вылечыць чалавека ад алкагалізму, калі гэта ён сам не захоча. Так, у чацвёрты раз сёлета накіравалася ў ЛПП жыхарка горада Т.М. Жаўняк. Прапісалася там Л.В. Сямёнава, 1978 года нараджэння, якая на гарэлку прамяняла самае дарагое на зямлі – сваіх дзяцей, якія клопат і ласку знайшлі ў прыёмнай сям’і. Як абавязаная асоба, яна была працаўладкавана ў ДЛГУ “Хойніцкі лясгас”, але здзяйсняла прагулы, злоўжывала спіртным. Вельмі цяжка верыцца ў тое, што такія асобы могуць выправіцца. Але ж, паўтаруся, пэўны эфект ад знаходжання ў ЛПП і для саміх алкаголікаў, і для соцыуму маецца.

– Сяргей Анатольевіч, чытачы нашай газеты ведаюць, што станоўчыя вынікі ў сферы-бытавых адносін прыносяць мерапрыемствы, якія праводзяцца ў рамках акцыі “Сям’я без насілля”.

– У гэтай сувязі хачу сказаць, што не на ўсе прычыны і ўмовы, якія садзейнічаюць п’янству і алкагалізму, як асноўнага віду асацыяльнасці, могуць эфектыўна ўплываць органы ўнутраных спраў. Неабходна цесная ўзаемасувязь усіх ведамстваў па прыняццю адэкватных кіраўніцкіх рашэнняў, накіраваных на выкараненне гэтай пагубнай з’явы. Толькі аб’яднанне намаганняў па ўмацаванню працоўнай дысцыпліны, павышэнню ўзроўню правасвядомасці насельніцтва змогуць змяніць абстаноўку, якая склалася, і даць жадаемыя вынікі.

Для прафілактыкі негатыўнай з’явы неабходна  стварыць камісіі па барацьбе з п’янствам на кожным прадпрыемстве, у арганізацыі і ва ўстанове. Парушальнікі павінны разглядвацца на таварысцкіх судах, пасяджэннях саветаў прафілактыкі пры сельвыканкомах.

На заканчэнне хачу звярнуць увагу на тое, што вырашэнне праблемы п’янства залежыць ад ўсіх і кожнага. Толькі тады будзе станоўчы вынік, калі ўсе будуць працаваць сумесна, а кропак дачынення будзе больш чым дастаткова.

Кожны з нас павінен задаць сабе пытанне: што асабіста я зрабіў для вырашэння гэтай праблемы, чым дапамог людзям, якія вакол мяне?



Гутарыла Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *