Перспектыўнае планаванне — гарантыя поспеху



28 ліпеня адбылося пасяджэнне райвыканкома, на якім у якасці асноўных разглядваліся пытанні аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Хойніцкага раёна і аб выкананні бюджэту Хойніцкага раёна за першае паўгоддзе 2010 года.

Чырвонай стужкай у каментарыях кіраўніка раёна А.В. Бічана, выступленнях яго намеснікаў праходзілі словы “расслабляцца нельга нікому”. Ва ўсіх сферах неабходна згуртавацца і працаваць на вынік. Шукаць не апраўданні, а шляхі выхаду са складаных сітуацый. Арганізацыя ўсіх відаў работ павінна быць дакладнай, а запыт за яе выкананне – жорсткі. На кожным прадпрыемстве павінен быць дакладны план па выкананню прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Патрэбна сістэматычна рабіць яго аналіз і даваць ацэнку дзейнасці спецыялістаў. Цана ўпушчэнняў з кожным днём павялічваецца, таму дзейнічаць трэба смела, граматна і настойліва з раніцы да позняга вечара, правільна расставіўшы пры гэтым прыярытэты.

На пасяджэнні райвыканкома прысутнічаў і выступіў намеснік начальніка фінансавага ўпраўлення Гомельскага аблвыканкома В.С. Козыраў. Ен адзначыў, што Хойніцкі раён займае адно з лідзіруючых месц у вобласці па паступленню грашовых сродкаў у даходную частку бюджэту вобласці.   






З даклада намесніка старшыні райвыканкома А.М. Іўковай аб выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця ў прамысловасці

За першае паўгоддзе 2010 года ўдалося забяспечыць выкананне наступных асноўных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна:

– на 19,1% павялічаны аб’ём вытворчасці прамысловай прадукцыі;

– на 16,7% – павялічаны аб’ём вытворчасці тавараў народнага спажывання, у тым ліку на 22,2% па прадпрыемству раённай камунальнай уласнасці КВУП “Хойніцкі рамонтны завод”;

– на 81,9% павялічаны экспарт тавараў;

– дасягнута станоўчае сальда па таварах;

– паказчык па энергазберажэнню пры прагнозе мінус 12% за студзень-май 2010 года склаў мінус 17,1%;

– уведзена 5,095 тыс. кв. м жылой плошчы;

– на 56% павялічаны аб’ём інвестыцый у асноўны капітал па прадпрыемствах камунальнай формы ўласнасці;

– рознічны тавараабарот пры прагнозе 113% склаў 115,3%;

– павялічана выкарыстанне мясцовых відаў паліва на 372 тоны ўмоўнага паліва пры заданні 50 тон;

– на 34,2% павялічаны аб’ём платных бытавых паслуг.

Дасягнута станоўчая дынаміка, аднак не ўдалося забяспечыць выкананне наступных прагнозных паказчыкаў:

– на 12,3% павялічаны аб’ём платных паслуг насельніцтву пры прагнозе 22%;

– на 4,6% павялічаны аб’ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў гаспадарках усіх катэгорый.

За першае паўгоддзе валавая вытворчасць прадукцыі склала 89,3  млрд. руб., тэмп росту ў параўнанні з першым паўгоддзем 2009 года склаў 123,7%.

У аб’ёме вытворчасці прадукцыі па раёну ўдзельная вага прадукцыі прамысловасці за першае паўгоддзе зменшылася на 1,7% і склала 44,1%, вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі ў грамадскім сектары эканомікі зменшылася на 2,9% і склала 17,5%, аб’ём будаўніча-мантажных работ у агульным аб’ёме вытворчасці павялічыўся на 4,6% і склаў 38,4%.

Адзначалася, што кіраўніцтва рэспублікі, вобласці, раёна дакладна ўказвае на рост аб’ёмаў прамысловай вытворчасці са скарачэннем складскіх запасаў. І хаця сітуацыя мяняецца да лепшага, нагадана кіраўнікам, што запасы – гэта замарожаныя абаротныя сродкі, адсутнасць якіх прыроўніваецца да адсутнасці перспектыўнага развіцця прадпрыемства ў цэлым.

Кіраўнікам суб’ектаў гаспадарання неабходна больш адказна падысці да пытанняў рэгістрацыі аб’ектаў нерухомасці і прыняць меры па выкананню работ па тэхнічнай інвентарызацыі і дзяржаўнай рэгістрацыі аб’ектаў.

У дакладзе звернута ўвага на тое, што 2010 год у Беларусі аб’яўлены Годам якасці. Гэта азначае, што асноўнымі арыенцірамі сацыяльна-эканамічнага развіцця павінны быць эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць эканомікі, выніковасці і якасць працы і, у канчатковым выніку, якаснае паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва. Мы не можам дазволіць сабе адкласці вырашэнне пастаўленых задач да лепшых часоў. Гэтым трэба займацца пастаянна. А сёння з улікам маштабнасці і складанасці задач – з падвоенай энергіяй.

Нам жыццёва неабходны якасны прарыў у эканоміцы. А забяспечыць яго можа тэхналагічная стратэгія, састаўнымі часткамі якой павінны стаць структурныя пераўтварэнні эканомікі, стварэнне высокатэхналагічных вытворчасцей, фарміраванне рыначных стымулаў для павышэння інавацыйнай актыўнасці ўсіх суб’ектаў гаспадарання.     






З даклада начальніка фінансавага аддзела райвыканкома Ю. У. Новіка аб выкананні бюджэту  Хойніцкага раёна за першае паўгоддзе 2010 года

Выкананне бюджэту раёна ў першым паўгоддзі 2010 года складвалася дастаткова напружана, разам з тым былі рэалізаваны абавязацельствы як перад бюджэтнай сферай, так і перад даціруемымі арганізацыямі.

Па выніках работы ў раённы бюджэт паступіла 7,9 млрд. руб. даходаў, што склала 47,7% да гадавога плана і 107,6% да плана першага паўгоддзя. За першае паўгоддзе план даходаў райбюджэту выкананы па ўсіх крыніцах.

Да адпаведнага перыяду мінулага года аб’ём рэсурсаў бюджэту павялічыўся на 2,2 млрд. руб. пры тэмпе росту 136,8%.

Павелічэнне паступлення падатку на дабаўленую вартасць адбылося за кошт выканання прадпрыемствамі раёна даведзенага задання па росту аб’ёмаў вытворчасці прамысловай прадукцыі на 6,6%, або 7,8 млрд. руб.
Дадатковае паступленне падатку на прыбытак адбылося ў выніку паляпшэння фінансавых паказчыкаў работы прадпрыемстваў, што дазволіла атрымаць чысты прыбытак у суме 5 млрд. руб. у той час як за адпаведны перыяд мінулага года гэты паказчык склаў 253 млн. руб.

Так, ПУП “Палескія сыры” па выніках работы за 5 месяцаў атрымалі 2,1 млрд. руб. чыстага прыбытку, ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” – 443 млн. руб., ААТ “Хойнікірамбуд” – 223 млн. руб.

У той жа час не былі выкананы першапачаткова прынятыя параметры па такой бюджэтаўтваральнай даходнай крыніцы, як падаходны падатак. Адна з прычын – нізкі тэмп росту сярэдняй заработнай платы. Сярэдні працэнт выканання даведзенага задання па 14 прадпрыемствах з 38,  якім даведзены паказчыкі па росту зарплаты, склаў 85,7%. У выніку ў бюджэт недапаступіла каля 88 млн. руб. падаходнага падатку.

Ніжэй узроўню мінулага года паступілі: падатак на зямлю (па прычыне адсутнасці кадастравай ацэнкі зямлі), адзіны падатак з індывідуальных прадпрымальнікаў (па прычыне змяншэння колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў на 29 плацельшчыкаў), падатак на здабычу прыродных рэсурсаў, працэнты банка за карыстанне бюджэтнымі сродкамі – усяго на агульную суму 185,6 млн. руб.

Запазычанасць па плацяжах у бюджэт па стану на 1.06.2010 г. складае 4,6 млн. руб. (у тым ліку па акту праверкі 3,1 млн. руб.) і ўтварылася па аднаму плацельшчыку СТАА “Беллеспіл”. Уся запазычанасць з’яўляецца бягучай.

Неабходна адзначыць, што па стану на 1.01.2010 г. запазычанасці па плацяжах у бюджэт раёна не было.    






З даклада намесніка старшыні райвыканкома А.У. Машэўскага аб выкананні асноўных прагнозных паказчыкаў па прадпрыемствах будаўнічай галіны і жыллёва-камунальнай гаспадарцы

Даведзенае заданне па інвестыцыях у асноўны капітал за першае паўгоддзе бягучага года прадпрыемствамі будаўнічай галіны і жыллёва-камунальнай гаспадарцы, падпарадкаваных мясцовым выканаўчым і распарадчым органам, пры даведзеным заданні 123% выканана на 218,6% і ў супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года ў грашовым выражэнні склала 31,8 млрд. руб.

Не выканалі заданне КДБУП “Хойніцкая ПМК” (мінус 750 млн. руб.) і ААТ “Хойнікірамбуд” (мінус 371 млн. руб.).

Грашовыя сродкі першага паўгоддзя ўпраўленнем капітальнага будаўніцтва Хойніцкага раёна асвоены ў поўным аб’ёме па наступных крыніцах фінансавання: крэдыты банка – 18,6 млрд. руб.; раённага бюджэту – 1160,0 млн. руб.; па аб’ектах, якія будуюцца па Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме – 113,0 млн. руб.; субвенцыі, выдзеленыя на фінансаванне расходаў, звязаных з пераадоленнем вынікаў аварыі на ЧАЭС, перададзеных з рэспубліканскага бюджэту ў бюджэт Гомельскай вобласці – 5,7 млрд. руб.; субвенцыі рэспубліканскага фонду аховы прыроды – 1,2 млрд. руб.

На 91,3% асвоены грашовыя сродкі абласнога бюджэту, што ў грашовым выражэнні складае 4555,1 млн. руб. Недаасваенне маецца па двух аб’ектах: “Мадэрнізацыя аўтастанцыі ў г. Хойнікі”, бо пытанне з фінансаваннем вырашана толькі ў маі сёлета, і па аб’екту “Збожжасушыльны комплекс у н. п. Тунеўшчына КСУП імя Мележа Хойніцкага раёна”.

КЖУП “Хойніцкі камунальнік” недаасвоіў 1,2 млрд. руб. грашовых сродкаў раённага бюджэту (работы па капрамонту дахаў з частковай мадэрнізацыяй фасадаў жылых дамоў па вул. Савецкая, 80, К.Маркса, 12 і 18 будуць пачаты ў чацвёртым квартале) і 82,4 млн. руб. – рэспубліканскага бюджэту па аб’ектах “Устройства вагона-сауны ў н. п. Веляцін Хойніцкага раёна”, “Рэканструкцыя ачысных збудаванняў гаспадарча-бытавой каналізацыі з напорным калектарам ад КНС па вул. Чапаева ў г. Хойнікі”, “Сеткі каналізацыі ў н. п. Стралічава Хойніцкага раёна”.

Усе прадпрыемствы будаўнічай галіны і жыллёва-камунальнай гаспадаркі спрацавалі з прыбыткам.

Заданне па ўводу агульнай плошчы жылых дамоў у першым паўгоддзі выканана на 196%, або на 98% гадавога плана. З 12 запланаваных на першае паўгоддзе дамоў гаспадаркамі раёна ўведзена ў эксплуатацыю 10 (не ўведзены 2 дамы ў КСУП імя Мележа будаўнічым прадпрыемствам “Хойніцкая ПМК”).






З даклада начальніка аддзела ідэалагічнай работы Ж.М. Чарняўскай аб стане канфесіянальнай абстаноўкі і захаванні заканадаўства аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях

На тэрыторыі раёна ажыццяўляюць сваю дзейнасць 8 рэлігійных арганізацый 5 канфесій. Гэта Пакроўская царква па вул. Сялянскай  г. Хойнікі, прыход храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў вёсцы Храпкаў, рымска-каталіцкі касцёл Успення Прасвятой Дзевы Марыі па вул. Савецкай г. Хойнікі, царква “Благадаць” хрысціян веры Евангельскай, евангельска-лютэранская рэлігійная абшчына “Святога Прычасця” па вул. Карася г. Хойнікі, царква Евангельскіх хрысціян-баптыстаў па вул. А. Кашавога ў г. Хойнікі, Евангельскія лютэране ў в. Дубровіца. Дзейнічае адзін праваслаўны манастыр пры Пакроўскай царкве.

Вядучае месца ў рэлігійным жыцці займае Беларуская Праваслаўная Царква. У дзяржаўнай гімназіі, Слабажанскай БШ-садзе ўведзены курсы па вывучэнню асноў Праваслаўя. Ва ўсіх навучальных установах праводзяцца факультатывы па гэтай тэматыцы.

Пры прыходзе Хрысціян веры Евангельскай у вёсцы Стралічава працуе рэабілітацыйны цэнтр “Вяртанне”, дзе праходзяць рэабілітацыю былыя наркаманы і алкаголікі.

Царква “Благадаць” супрацоўнічае з раённай арганізацыяй інвалідаў-калясачнікаў – праводзіць сустрэчы за “круглым сталом”, вечары адпачынку, спаборніцтвы па шашках, шахматах, аказвае транспартную дапамогу.
У цэлым канфесіянальная абстаноўка ў раёне стабільная і знаходзіцца пад кантролем дзяржаўных органаў.






З даклада намесніка старшыні райвыканкома, начальніка райсельгасхарчу А.Р. Вараб’я аб сацыяльна-эканамічным развіцці аграпрамысловага комплексу

Па выніках першага паўгоддзя сёлета ва ўсіх гаспадарках раёна выпушчана прадукцыі ў супастаўных цэнах 2009 года на 25,5 млрд. руб. і павялічана вытворчасць валавой прадукцыі да адпаведнага перыяду мінулага года на 104,6% пры прагнозе на год 112,5%. На ўзровень зацверджаных прагнозных паказчыкаў выйшла толькі КСУП імя Мележа – 112,6%. У той час дапушчана зніжэнне да ўзроўню мінулага года толькі ў эксбазе “Стралічава” (93,4%).
У грамадскім сектары атрымана прадукцыі на 19,4 млрд. руб., што складае 76,1% ад агульнага аб’ёму вытворчасці.

Фінансавае становішча гаспадарак застаецца складаным. Крэдыторская запазычанасць, крэдыты банкаў і іншыя даўгі склалі 70,3 млрд. руб., або 10 млрд. руб. у сярэднім на адну гаспадарку. За 5 месяцаў даўгі ўзраслі да ўзроўню мінулага года амаль у 1,5 раза.

Выручка ад рэалізацыі тавараў, прадукцыі, работ, паслуг па гаспадарках раёна за першае паўгоддзе ў бягучых цэнах склала 16,4 млрд. руб., што на 16,3% вышэй, чым у студзені-чэрвені 2009 года.
Сярэднямесячная зарплата аграрыяў за гэты перыяд склала 475,7 тыс. руб.

Прадукцыйнасць працы ў сярэднім склала 11,9 млн. руб. на аднаго працуючага ў сельскай гаспадарцы, рэалізацыя прадукцыі – 9,1 млн. руб.

Сума дзяржаўнай падтрымкі, прадастаўленай арганізацыям АПК, склала 4,2 млрд. руб. у выглядзе пагашэння раней выдадзеных крэдытаў і бюджэтных пазык. У сярэднім па раёну на 1 рубель укладзеных бюджэтных сродкаў атрымана 3,2 рубля выручкі.

За 6 месяцаў бягучага года чысты прыбытак гаспадарак раёна склаў 3751 млн. руб., што на 26,5% ніжэй узроўню мінулага года. Рэнтабельнасць ад усёй гаспадарчай дзейнасці склала 25,6%, што ніжэй узроўню мінулага года на 38,8%.
Страт больш за ўсё ў жывёлагадоўлі. Недабор па вытворчасці малака склаў 1174 млн. руб. да задання. Сярод прычын – нізкая выканаўчая дысцыпліна, недаход кіраўніцкіх кадраў.
Гаспадаркамі раёна прададзена малака ПУП “Палескія сыры” 9533 тоны, або 101% да 2009 года. Пры гэтым яго якасць пакідае жадаць лепшага. За шэсць месяцаў прададзена малака класа “Экстра” 5,3%, вышэйшым гатункам – 67,5, першым – 24,8%.

У раёне на 1.07.2010  г. пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 20723 (94% да ўзроўню мінулага года). Усе гаспадаркі, за выключэннем КСУП імя Мележа, дапусцілі яго зніжэнне.

Вырошчванне БРЖ за першае паўгоддзе склала 1372 тоны, або 96,7%. Не знізілі вытворчасць прадукцыі толькі агракамбінат “Віць”, КСУП “Веляцін”, а сельгаспрадпрыемства імя Мележа выйшла на ўзровень мінулага года.       


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *