Залаты рэкорд сумеснага жыцця


Існуе меркаванне, што раннія шлюбы не бываюць доўгатэрміновымі. Маўляў, немагчыма многа гадоў запар жыць шчасліва з адным чалавекам. Але прыклад сямейнай пары Галіны Ігнатаўны і Рыгора Сцяпанавіча Каленік аправяргае гэта – іх шлюбу ў гэтым годзе споўнілася 50 гадоў! Падзея гэта прыпала на 28 студзеня, але адсвяткаваць яе ў акружэнні родных і блізкіх было вырашана 16 ліпеня – у дзень нараджэння Галіны Ігнатаўны.

Гісторыя кахання сям’і Каленік адначасова простая і рамантычная. Сустрэліся і пажаніліся яны ў далёкім Казахстане, куды ў шасцідзесятыя гады мінулага стагоддзя моладзь ехала на асваенне цалінных земляў. Галіна Ігнатаўна трапіла туды ў васемнаццацігадовым узросце. Яна нарадзілася і вырасла ў пасёлку Леніна (пасля катастрофы на ЧАЭС гэты населены пункт знік з карты) у мнагадзетнай сям’і, яе маці дачасна пайшла з жыцця, пакінуўшы трох дзяцей, з якіх Галіна была малодшай. Бацька потым ажаніўся зноў, і ў сям’і з’явілася яшчэ тры дзіцяці. Рыгор Сцяпанавіч жа родам з Юравіч Калінкавіцкага раёна.

На момант уступлення ў шлюб нявесце было 19 гадоў, жаніху – 21. Нягледзячы на тое, што гэта не было, як прынята гаварыць “каханне з першага погляду”, у адзін цудоўны момант Рыгор зразумеў, што Галіна – сэнс усяго яго жыцця. І хаця прапанова рукі і сэрца была даволі арыгінальнай (у адзін з зімовых дзён прыйшоў да яе ў пакойчык у бараку, паставіў пад ложак чамадан са сваімі рэчамі, моўчкі выйшаў, а праз тыдзень з’явіўся, каб аб’явіць аб сваім намеры стаць яе мужам), Галіна згадзілася. Распісаліся, пышнага вяселля не было, адзначылі гэтую падзею з сябрамі. І з таго часу ні адзін з іх не пашкадаваў аб аднойчы прынятым рашэнні.

Працавалі абодва на прадпрыемстве па перапрацоўцы збожжа: Галіна – рабочай, а яе малады муж – механізатарам. А праз сорак гадоў, выйшаўшы на пенсію, вырашылі пераехаць на Хойнікшчыну.

У 1961 годзе радаваліся Каленікі нараджэнню першай дачкі Любы. Яна з мужам, чыгуначнікам па спецыяльнасці, засталася ў Казахстане, у горадзе Паўночны Петрапаўлаўск. Працуе метэаролагам у аэрапорце гэтага горада. Другая дачка Ніна, якая нарадзілася праз год, прыехала са сваімі дочкамі таксама ў Хойнікі, працуе тэхнолагам на камбікормавым участку. Пераехала ў наш горад і трэцяя дачка залатых юбіляраў Святлана – яна працуе ў райваенкамаце, выхоўвае трох дзяцей. Адзіны сын іх Анатолій служыць у Дзяржаўтаінспекцыі, пражываў з сям’ёй у горадзе Цеміртау, цяпер пераехалі на Каўказ.

Гавораць, што і адно дзіця ў сям’і – гэта нялёгка. Галіна Ігнатаўна згаджаецца, але працягвае гэтую думку са сцвярджэння: так, з адным сапраўды цяжка, але чым больш дзяцей, тым лягчэй. Па яе словах, жылося цяжка, але дружна. Лягчэй не толькі з таго пункта гледжання, што старэйшыя дапамагаюць бацькам, клапоцяцца аб малодшых і ў прынцыпе адрозніваюцца ад сваіх равеснікаў. Можна сказаць, што па сваіх жыццёвых устаноўках дзеці з мнагадзетных сем’яў сапраўды другія – больш адкрытыя і жыццярадасныя, актыўныя і на дзіва самастойныя.

Сёння залатыя юбіляры радуюцца цудоўнаму прадаўжэнню свайго роду: яны маюць 7 унукаў, дачакаліся ўжо і праўнучка Антона і праўнучку Люду, маленькіх праменьчыкаў, якія аднолькава радуюць як сваіх бацькоў, так і дзядулю з бабуляй.

Дзеці Каленік, акрамя сына Анатолія, які не змог прыехаць, а таксама родныя, блізкія людзі сабраліся на ўрачыстасць з нагоды залатога вяселля. Галіна Ігнатаўна была ў белай вясельнай сукенцы, у строгім касцюме – Рыгор Сцяпанавіч.  Абмяняліся залатымі пярсцёнкамі, павянчаліся ў Пакроўскай царкве.

– Пасля таго, як айцец Уладзімір Козак правёў гэты абрад, – дзеліцца Галіна Ігнатаўна, – адчула такую лёгкасць, быццам камень з душы ўпаў, хаця і перад Богам і людзьмі са сваім мужам пражыла доўгае сумленнае жыццё.
У сто разоў прыемней тое, што ў знамянальны для нас дзень мы былі ў акружэнні блізкіх людзей. Мы з мужам успрынялі гэта як належнае, бо бацькі і дзеці звязаны сямейным ланцужком любові, цяпла і даверу. У тыя шчаслівыя імгненні мяне перапаўняла  вялікае пачуццё радасці і захаплення, я быццам выпраменьвала святло, якое, здавалася, заўважалі ўсе нашы госці.

Калі задала залатым юбілярам пытанне наконт сакрэтаў доўгага шчаслівага жыцця, пачула ў адказ ад Рыгора Сцяпанавіча:

– За гэты час мы быццам зрасліся адзін з другім. І не ўяўляем сябе ў адрыве адзін ад аднаго. Канешне, як у любой сям’і здараліся недаразуменні, спрэчныя пытанні, але мы іх вырашалі спакойна, без крыку і ляманту. На мой погляд, трэба радавацца яркім момантам быцця, жыць з задавальненнем, а смутак і ўсё негатыўнае адкідваць, быццам выйшаўшыя з абыходжання рэчы.

А Галіна Ігнатаўна дадала: 

 – Мы ніколі не гналіся ні за славай, ні за ўзнагародамі, – гаворыць Рыгор Сцяпанавіч. –  Не звярталіся нават за дапамогай дзяржавы, паколькі нараджалі дзяцей не для гэтага, а, у першую чаргу, што так мы разумеем сям’ю для сябе. Сям’я для нас – гэта наш дом, наш свет, тое месца, куды  хочацца прыходзіць заўсёды. Тое месца, дзе можна расслабіцца, дзе цябе чакаюць любячыя людзі. І ты іх любіш і гатовы аддаць за іх жыццё. Мне здаецца, гэта не высакамоўныя словы, а самыя элементарныя паняцці, якіх, на шчасце, мы не згубілі па жыцці.

Пасля гэтых выказванняў па думалася, што менавіта дружныя сем’і, да якіх з поўным правам можна аднесці і сям’ю Рыгора Сцяпанавіча і Галіны Ігнатаўны Каленік, з’яўляюцца асновай шчаслівага, спрыяльнага грамадства, у якім камфортна жыць яго грамадзянам. А залог шчаслівай сям’і – гэта ўменне разумець і дараваць, часцей сустракацца з роднымі і блізкімі, дапамагаць ім і падтрымліваць.


Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *