Ствараюць прыгажосць


Кожны, каму даводзілася праходзіць або праязджаць па вуліцы 8 Сакавіка нашага горада, не мог не адзначыць чысціню і парадак, а яшчэ своеасаблівы дызайн тэрыторыі каля дома №12 (на здымку ўнізе). Вельмі многа розных кветак, якія радуюць вока з ранняй вясны да позняй восені. Размалявана брамка, у двары зроблены арэлі, патанае ў кветках таксама і арка пры ўваходзе ў дом, выкладзены акуратныя дарожкі. Адным словам, жыхары гэтага дома могуць смела прэтэндаваць на званне лепшага домаўладання па добраўпарадкаванасці.

Самы час пазнаёміць нашых чытачоў з тымі, хто стварае гэтую прыгажосць. Гэта сям’я Аляксандра Эдуардавіча і Святланы Міхайлаўны Лаўрусенка, якія жывуць у шлюбе ўжо 23 гады. Гаспадар працуе вадзіцелем у агракамбінаце “Віць”. У вольны ад працы час ахвотна займаецца сваім падворкам. Выбраў шафёрскую справу, пайшоўшы па слядах бацькі сын Аляксандр. Ен працуе ў КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.

Святлана Міхайлаўна займаецца доглядам 16-гадовай дачкі Таццяны, інваліда з дзяцінства. Маці і дачка ў асноўным займаюцца кветкаводствам. Але не замыкаюцца ў рамках свайго дома – Святлана Міхайлаўна водзіць дачку на заняткі ў ЦКРНіР і  абедзве прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія там праводзяцца.

Да слова сказаць, вуліца 8 Сакавіка поўнасцю апраўдвае сваю назву – амаль каля кожнага дома многа кветак, жывучыя тут людзі ствараюць прыгажосць для сябе і іншых людзей.



Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *