Людзі аднаго калектыву Дапамагаюць вопыт і майстэрства


Святлана Міхайлаўна Паўлючэнка, касір.

Глядзіш на Святлану Міхайлаўну – і дзіву даешся: колькі ў яе аптымізму, шчырасці. Магчыма, гэта і дапамагае ёй крочыць па жыцці.


Пачынала працоўную дзейнасць С.М. Паўлючэнка ў АТУП-14 кантралёрам адразу пасля заканчэння школы. У якасці касіра ўжо 29 год. Вельмі насычаны працоўны дзень гэтай жанчыны: продаж білетаў, адпраўленне вадзіцеляў у рэйсы, аб’яўленне прыбыцця і адпраўкі пасажырскага транспарту, інфармаванне і адказы на пытанні па тэлефоне.

– Да катастрофы на ЧАЭС на тэрыторыі нашага раёна знаходзілася шмат вёсак, таму і маршрутаў было ў некалькі раз больш, –  расказвае Святлана Міхайлаўна. – Раней працавалі тры касы. Уяўляеце, колькі пасажыраў было?

Вялікая нагрузка для касіра ў выхадныя, калі “мігрыруюць” да месца вучобы і назад, да матуліных бліноў і пірагоў студэнты, а таксама ў святочныя дні. 

На працоўным месцы яе цэняць не толькі за прафесіяналізм, але за сумленнасць і добрасардэчнасць. Зараз, калі за плячыма 31 год працоўнай дзейнасці, Святлана Міхайлаўна нават не ўяўляе для сябе іншай прафесіі. Як жанчына, лічыць сябе шчаслівым чалавекам. У яе любячы муж, добрыя сыны і цудоўныя ўнучкі. Побач сябры і тыя людзі, якія разумеюць і падзяляюць яе погляды на жыццё.  Святлана Міхайлаўна – клапатлівая жонка, выдатная маці, увішная гаспадыня. 

НАТАЛЛЯ ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *