Што патрэбна зрабіць, каб моладзі жылося на вёсцы таксама камфортна як у горадзе? Безумоўна, патрэбны не толькі бытавыя ўмовы, але і магчымасць выбраць справу па душы, рэалізаваць свае магчымасці. Аб гэтым ішла размова на Дні сельсавета, на якім абмяркоўвалася тэма “Арганізацыя работы з моладдзю на тэрыторыі Судкоўскага сельсавета”. Удзел у мерапрыемстве прымалі члены прэзідыума райсавета дэпутатаў, старшыні сельскіх Саветаў, прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, спецыялісты аддзелаў райвыканкома, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі Савета.
Своеасаблівую візітную картку падрыхтаваў для іх Судкоўскі сельвыканком – тыражом у 25 экземпляраў выпушчана газета “Сельскі веснік”, звёрстаная і надрукаваная на камп’ютэры. На чатырох аркушах фармату А2 змешчана цікавая лаканічная інфармацыя аб дзейнасці сельвыканкома па розных напрамках, асобным радком абазначана маладзёжная тэматыка.
Аб тым, што на тэрыторыі Савета ахвотна застаюцца жыць і працаваць маладыя спецыялісты, можна было ўпэўніцца ўвачавідкі. І пачынаецца ўсё з самага ранняга дзяцінства. Трэба было бачыць, з якім імпэтам і запалам у літмантажы вучні малодшых класаў Казялужскай СШ праслаўлялі сваю родную вёску і сельгаспрадпрыемства, як гасцінна запрашалі на імправізаваны сялянскі падворак.
У госці ўдзельнікаў мерапрыемства запрасілі і маладыя сем’і, якія трывала пускаюць карані на судкоўскай зямлі. Як, напрыклад, сям’я ўрачоў Максіма Алегавіча і Людмілы Аляксандраўны Чуяшовых – пераможцаў раённага спаборніцтва “Лепшае сельскае падвор’е маладой сям’і”, якім за другое месца ў конкурсе 3 ліпеня, у дзень святкавання 66-й гадавіны вызвалення рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дня Рэспублікі, ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны заслужаныя ўзнагароды – Дыплом і каштоўны падарунак. Маюць працу па душы і таксама клапоцяцца аб добраўпарадкаванні свайго падворка сем’і Рыгора Уладзіміравіча і Людмілы Іванаўны Пархоменка, Наталлі Мікалаеўны і Уладзіміра Міхайлавіча Чудаковых. Прыклад у працавітасці, актыўнай грамадскай пазіцыі паказвае дэпутат Судкоўскага сельсавета і раённага Савета дэпутатаў Васілій Рыгоравіч Баранаў, які арганізаваў фермерскую гаспадарку “Кліўчанка” і займаецца вырошчваннем агародніны. Удзельнікі мерапрыемства таксама наведалі сям’ю Таццяны Пятроўны Пінчук і Уладзіміра Аляксандравіча Новікава ў вёсцы Казялужжа і зрабілі аднадушны вывад – гэтая сям’я можа быць асноўным прэтэндэнтам на перамогу пры правядзенні раённага конкурсу па добраўпарадкаванню.
Аб творчым патэнцыяле моладзі сельсавета ўдзельнікі маглі меркаваць з падрыхтаваных школьнікамі тэматычных канцэртных праграм на тэму здаровага ладу жыцця ў Судкоўскім цэнтры вольнага часу, Кліўскім сельскім клубе, а таксама ў Казялужскім СДК, дзе выступленне юных артыстаў праходзіла пад дэвізам: “Маладосць, традыцыі, будучае”. Цікавую экскурсію па залах музея “Трагедыя Чарнобыля” правяла яго дырэктар В.А. Гацко.
У ходзе пленарнага пасяджэння пад старшынствам старшыні райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар як станоўчы факт адзначалася тое, што ў аграгарадку Судкова створаны самыя спрыяльныя ўмовы для працоўнага і творчага самавыяўлення моладзі: усім маладым спецыялістам прадастаўляецца жыллё, у кадрах дэфіцыту не маецца, у вёсцы Казялужжа на футбольным стадыёне праводзяцца матчы чэмпіянату раёна па гэтаму віду спорту, удзел у культурна-масавых мерапрыемствах прымае вучнёўская і працуючая моладзь. Судкоўская сярэдняя школа з’яўляецца цэнтрам, каардынуючым работу па фарміраванню здаровага ладу жыцця, яе спартыўная зала да паслуг працоўных калектываў сельсавета да позняга вечара.
Чырвоным радком у ходзе абмеркавання тэмы мерапрыемства праходзіла роля дэпутацкага корпуса ў арганізацыі работы з моладдзю. Тут шырокае поле дзейнасці для рэалізацыі працоўнага, творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу маладога пакалення, бо моладзь – гэта стратэгічны рэзерв, які заўтра возьме адказнасць за будучае нашай краіны.
Клаўдзія БОСАК.