Цяжкае малако гарачага лета

Сельское хозяйство

Спякота гэтага лета негатыўным чынам адбілася на рацыёне кармлення грамадскага, ды і прыватнага статка. Больш таго, гарачыня прымусіла гаспадаркі на 2-3 месяцы раней звычайнага перавесці жывёлу ў памяшканні, таму што адгонныя пашы ўжо не давалі належнай прадукцыйнасці і аддача ад іх стала мінімальнай.

Вось і на Езапоўскай малочнатаварнай ферме агракамбіната “Віць”, на якой утрымліваецца 327 галоў дойнага статка і 60 нецеляў, жывёлу ў памяшканні паставілі яшчэ ў ліпені, калі спякота пачала набіраць абароты, а потым набыла ўстойлівую тэндэнцыю да павышэння. Зразумела, што крок гэты быў вымушаным, аднак ён дазволіў паменшыць страты ў вытворчасці малака. Хаця зусім пазбегнуць іх не ўдалося, што і пацвердзілі лічбы. Калі за ліпень мінулага года валавы надой па Езапоўскай МТФ склаў 1371 цэнтнер малака, то сёлетні ліпень прынёс толькі 1024 ц (-347 ц). Падзенне атрымана і па надою ад каровы: 478 кілаграмаў у 2009 годзе супраць 319 у бягучым годзе.

– На адгонных пашах пры высокіх тэмпературах паветра каровы ўжо не пасвіліся, а проста стаялі нерухома або шукалі цяньку і выратавальнай прахалоды, – гаворыць аператар машыннага даення А.А. Ушакова.

Аляксандра Адольфаўна – не толькі адна з лепшых даярак агракамбіната, але і ва ўсім раёне, нават прызёрам абласнога прафесійнага конкурсу ёй давялося пабыць. На Езапоўскай ферме яна працуе разам з дачкой Таццянай, якая таксама ўваходзіць у лік лепшых у раёне.

– Зараз у кармленні жывёлы, – расказвае А.А. Ушакова, – імкнемся больш выкарыстоўваць зялёную масу. Раней гэта ў асноўным была люцэрна, а цяпер вядучае месца ў рацыёне займае кукуруза, хаця і яна ўжо таксама пачынае падсыхаць. Добры эфект даюць і камбікармы з біядабаўкамі, а даглядчыкі жывёлы ды і ўсе сямёра нашых даярак уважліва сочаць за тым, каб у паілках пастаянна была вада.

– Жывёла ў дзённы час утрымліваецца ў памяшканнях, а на ноч, калі спадае спякота, выпускаем яе ў кашары, – уступае ў размову Таццяна Уладзіміраўна, – добра што яшчэ ў маі-чэрвені будаўнікі агракамбіната адрамантавалі агароджу на іх і давялі да ладу кармушкі і паілкі.

У павышэнні паказчыкаў вытворчасці малака напрамую зацікаўлены ўвесь калектыў фермы, які працуе па канчатковаму выніку: чым большыя надоі будуць атрыманы, тым вышэйшай будзе і заработная плата. Зрэшты, не толькі меркантыльнымі інтарэсамі жывуць людзі, якія працуюць сёння ў экстрэмальных умовах неспадаючай спякоты. Не менш важныя для іх эканамічнае становішча сваёй гаспадаркі, яе сённяшнія праблемы і будучыя перспектывы. Таму і прыкладваюць яны зараз усе намаганні для таго, каб дасягнуць прымальных вынікаў і ў гэтых умовах.


Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *