У цэнтры ўвагі – якасць жыцця людзей


4 жніўня адбылася прэс-канферэнцыя старшыні раённага выканаўчага камітэта  Аляксандра Васільевіча    Бічана журналістам раённай газеты “Хойніцкія навіны”.

– Аб’яўленне 2010 года Годам якасці прымусіла задумацца аб прадуктыўнасці сваёй работы. А Вы, Аляксандр Васільевіч, задаволены вынікамі працаўнікоў Хойнікшчыны? Ці няма скідак на раён як адзін з пацярпеўшых ад катастрофы на ЧАЭС?

– Што варта разумець пад словам якасць? Гэта не толькі якасць прадукцыі, выпускаемай нашымі прадпрыемствамі. Патрэбна ўкладваць сюды больш глыбінны сэнс. Гэта нагода задумацца аб якасці работы, сацыяльных, жыллёвых умоў, аб якасці жыцця ў цэлым. Таму невыпадкова пытанні якасці з’яўляюцца прыярытэтнымі ў сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны, аб’яўленне Года якасці – яркае таму пацвярджэнне.

Не магу сказаць, што мы на 100%  дасягнулі задач, якія ставілі перад сабой, у сферы сельскагаспадарчай вытворчасці, у прыватнасці ў жывёлагадоўлі. Даволі цяжкай была мінулая зімоўка. Але ў тых сельгаспрадпрыемствах, дзе захоўвалася тэхналогія ўтрымання і кармлення жывёлы, там дасягнуты станоўчы вынік. У гэтым годзе аднымі з першых у Гомельскай вобласці пачалі нарыхтоўку кармоў для грамадскага статка, па стану на 5 жніўня нарыхтавана 19,62   цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы (у 2009-м на гэтую дату было13,79 ц к. а.). І верым, што затрачаныя намаганні вернуцца даволі адчувальнымі вынікамі ў прадстаячай зімоўцы.

А скідак на тое, што мы пацярпеўшы раён, у нас няма і не павінна быць. Мы стараемся звесці да мінімуму чарнобыльскі фактар. Ды, і калі чэсна, няма калі аб гэтым думаць: трэба справай займацца.


– Як Вы ацэньваеце ход цяперашняга жніва, ці выканальны намечаныя задачы ў галіне раслінаводства, і ці не паўплывалі на гэта ўмовы надвор’я?

– Увогуле ўраджай складваецца з многіх фактараў, але самы асноўны – чалавечы. Заўсёды стараемся ўкладвацца ў тэрміны ўборкі. Тэхніка ў нас сучасная, высокапрадукцыйная, а людзі прывыклі працаваць на сумленне. Але з-за анамальных тэмператур надвор’я, на жаль, не выходзім на запланаваныя паказчыкі, па прычыне ўсталяваўшайся  спякоты яны ў параўнанні з мінулым годам ніжэйшыя. Да леташняга змаглі ўзяць толькі 72%  збожжа. Сёлета валавы збор яго складае 26791 тону пры сярэдняй ураджайнасці 30,7 ц/га, летась адпаведныя паказчыкі складалі 37207 тон і 39 ц/га.

– Развіццю малых гарадоў, якім з’яўляюцца і Хойнікі, як вядома, у апошні час удзяляецца асаблівая ўвага. Наколькі прыцягальны наш горад для інвестыцый?

– Гэта самая складаная тэма. Псіхалагічна мы яшчэ не паверылі, што да нас можа прыйсці рэальны інвестар, у першую чаргу нам самім трэба навучыцца працаваць у гэтым напрамку. За адну базавую велічыню заводам гідраапаратуры рыхтуецца да продажу будынак на прампляцоўцы каля гарадскога парка, дзе пакупнік плануе адкрыць вытворчасць па пракату металапрофілю. Продаж па такой цане ажыццяўляўся з галоўнай умовай – стварэнне новых рабочых месц.

У асноўным выкарыстоўваюцца дзяржаўныя інвестыцыі – для набыцця тэхнікі сельгаспрадпрыемствамі. За кошт іх у КСУП імя Мележа пабудавана новая збожжасушылка. Актыўна працуюць у гэтым напрамку торфабрыкетны завод і ПУП “Палескія сыры” ў справе мадэрнізацыі вытворчасці. Так, на апошнім прадпрыемстве наспела неабходнасць мадэрнізацыі сыраробнага цэха дзеля нарошчвання экспартнага патэнцыялу. Заяўка на набыццё сучаснага абсталявання для вытворчасці сыроў ужо зроблена. ПУП “Палескія сыры” ўключана ў інвестыцыйную праграму па перапрацоўцы сывараткі і вытворчасці сухіх малочных прадуктаў. Новы цэх павінен адкрыцца ў 2012 годзе.

– Як вядома, здаровы лад жыцця фарміруецца з самага ранняга дзяцінства. У гэтай сувязі хацелася б спытаць, ці ёсць у нашым раёне праблема добраўпарадкавання школьных спартыўных пляцовак і стадыёнаў, і калі ёсць, як вырашаецца?

– Хачу адзначыць, што такой праблемы не існуе. І ў гэтым вялікая заслуга ўсяго калектыву аддзела адукацыі райвыканкома. Паўсюдна ў дашкольных і школьных установах створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам. Сёння мы па праву можам ганарыцца дасягненнямі нашых юных землякоў, якія выступаюць на самых прадстаўнічых спартыўных форумах аж да міжнароднага класа.

Добрыя перспектывы адкрываюцца  і ў сувязі з правядзеннем у нашым горадзе Дня беларускага пісьменства. У строй дзеючых уступіць стадыён у гарадскім парку з укладкай штучнага газона футбольнага поля, сёлета павінен закончыцца і рамонт спартыўнай залы ў будынку ГЦКіС “Меліяратар”.

– На Ваш погляд, як абстаяць справы з развіццём турызму, аграэкатурызму, у прыватнасці? Ці знаходзіць ён сваіх прыхільнікаў?

– І ў нашым раёне гэтая справа зрушваецца з месца. Плануецца ўзвядзенне аграсядзібы ў Клівах, справай гэтай зоймецца фермер. ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” удалося стварыць такі турыстычны прадукт, які адпавядае ўсім крытэрыям адпачынку: якасны, цікавы, недарагі.  На тэрыторыі Дубровіцкага лясніцтва пабудаваны паляўнічы домік з цывілізаванымі пакоямі для начлегу па ўпаўне даступнаму тарыфу, прадастаўлены неабходныя бытавыя ўмовы. Асабліва ахвотна карыстаюцца паляўнічыя гэтымі паслугамі ў сезон палявання. Сюды прыязджаюць людзі з розных рэгіёнаў Беларусі, з-за яе межаў, каб з карысцю правесці  вольны час, здабыць паляўнічыя трафеі і потым пахваліцца імі ў сябе дома. Гэта самая лепшая рэклама аб’ектаў турызму.

Што датычыць Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, на тэрыторыю якога па агульнараспаўсюджанаму меркаванню, нікога не трэба пускаць і нічога не трэба рабіць, –  то гэта цэлы рэгіён, які жыве сваім жыццём. Прыродаахоўная дзейнасць тут цесна звязана з навуковай і вытворчай. Багаты жывёльны і раслінны свет запаведніка, дзе таксама мэтазгодна аказваць турыстычныя паслугі. Адным словам, стварыць турыстычны эксклюзіў на Хойнікшчыне – гэта рэальнасць.

– У працяг папярэдняга пытання хацелася б пацікавіцца, чаму не знаходзіць належнага развіцця ў нашым раёне прыдарожны сервіс, хаця, як вядома, жадаючым адкрыць справу прадастаўляюцца немалыя дзяржаўныя прэферэнцыі?

– У першую чаргу прычынай гэтага з’яўляецца абмежаванасць дарожнага руху. Хаця прыдарожны сервіс у нас пачынае набываць акрэсленыя рысы. Так, на аўкцыёне індывідуальным прадпрымальнікам выкуплены неэксплуатуемы будынак ПМС. Планы гаспадара даволі амбіцыёзныя ў добрым сэнсе гэтага слова. Калі намечанае ператворыцца ў жыццё, гэта будзе першай ластаўкай у арганізацыі сапраўднага прыдарожнага сервісу ў нашым раёне.

– Пытанне, якое хвалюе многіх хайнічан: ці паспеем выканаць намечаныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да Дня беларускага пісьменства?

– Мой адказ адназначны – мы павінны ўсё падрыхтаваць самым належным чынам, другога выйсця ў нас няма. У гэтай сувязі хачу звярнуцца да ўсіх жыхароў раёна, каб яны навялі парадак каля сваіх дамоў і на прыдамавых тэрыторыях. Да нас на свята прыедзе многа гасцей, у тым ліку ўраджэнцаў раёна, якія жывуць зараз у розных населеных пунктах не толькі нашай роднай Беларусі, але і далёка за яе межамі. І трэба зрабіць усё, аб яны ўвезлі з сабой самыя добрыя ўражанні не толькі ад свята, але і ад чысціні і добраўпарадкаванасці нашага агульнага дома.

– Пасля правядзення Дня беларускага пісьменства ў Хойніках з’явіцца магчымасць правядзення буйнамаштабных культурных мерапрыемстваў. У гарпасёлку Акцябрскім, напрыклад, адзін раз у два гады праводзіцца міжнароднае фальклорнае свята “Берагіня”, у Калінавіцкім раёне – свята гумару, у Гомелі – “Сожскі карагод”. Магчыма, ёсць рэзон праводзіць падобныя мерапрыемствы і ў нашым горадзе, каб паўней раскрыць прыгажосць і культуру нашага краю?

– Цікавае пытанне. Так, сапраўды на Хойнікшчыне многа таленавітых людзей, якія беражліва захоўваюць народныя абрады і традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Хацелася б і ў гэтым знайсці сваю нішу. Ініцыятыва павінна зыходзіць ад аддзела культуры райвыканкома, які павінен сур’ёзна абмеркаваць гэта пытанне.

– Аляксандр Васільевіч, споўнілася тры гады Вашай працы на пасадзе старшыні раённага выканаўчага камітэта. Што галоўнае вынеслі за гэты час для сябе?

– Галоўнае заключаецца ў тым, што не я не памыліўся ў людзях, у падборы сваёй каманды. Асноўны касцяк яе – надзейныя людзі, аддадзеныя сваёй справе. Каманда – гэта аснова асноў. Працуем у адной звязцы з кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў дзеля стварэння стабільных і дружных працоўных калектываў, здольных вырашаць вялікія задачы.
І другое: наша жыццё мы ўсе павінны самі паляпшаць сваімі адносінамі да яго – гэта ўжо не эканамічны, а маральны аспект.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *