На шляху станаўлення


Дырэктар КДБУП “Хойніцкая ПМК” Аляксей Уладзіміравіч ПІСКУН:
– Ад усёй душы віншую ўзначальваемы калектыў з прафесійным святам. Шчыра ўдзячны усім за сумленную і самаадданую працу, якая з’яўляецца трывалай асновай нашых здабыткаў і дасягненняў. Жадаю здароўя, шчасця, дабрабыту і ладу   ў сем’ях, аптымізму і бадзёрасці.

Калі браць па чалавечых мерках, то тры гады – гэта  толькі  дзетсадаўскі  ўзрост. Але ў маштабах прамысловага прадпрыемства і за гэты час можна многае паспець зрабіць. Такое меркаванне можна ў поўнай меры адрасаваць калектыву камунальнага дачыннага будаўнічага унітарнага прадпрыемства “Хойніцкая перасоўная механізаваная калона”.

Прадпрыемства было створана ў 2007 годзе. І за прайшоўшыя з таго часу тры гады рукамі і тэхнікай хойніцкіх будаўнікоў былі пабудаваны зусім нядаўна перададзены пад ключ “Хойніцкаму камунальніку” 60-кватэрны дом у райцэнтры, 4 цагляных і 5 зборных шчытавых індывідуальных дамоў у аграгарадку Глінішча, па 5 індывідуальных жылых дамоў па вуліцы Берагавога ў Хойніках і аграгарадку Стралічава, 6 – у будуемым зараз аграгарадку Веляцін, 2 – у вёсцы Казялужжа, дом для мнагадзетнай сям’і ў вёсцы Паселічы, капітальныя рамонты будынка і добраўпарадкаванне тэрыторыі ГЦКіС “Меліяратар”, капрамонт фасада дома № 80 па вул. Савецкай у райцэнтры.

Хапае работы ў спецыялістаў Хойніцкай ПМК і сёння. Зараз асноўны ўпор акцэнтаваны на будаўніцтве малочнатаварнай фермы КУП “Аравічы” ў Храпкаве. Дакладней сказаць, што гэта будзе не проста МТФ, а цэлы жывёлаводчы комплекс на 600 галоў жывёлы, якая будзе ўтрымлівацца тут круглагадова. Такі комплекс у нашым раёне ўжо ёсць (праўда, крыху большы – на 720 галоў) у сельгаспрадпрыемстве імя Мележа. Нават у гэтыя спякотныя ліпеньскія і жнівеньскія дні на ім удаецца альбо пазбегнуць страт па вытворчасці малака, альбо мінімізаваць іх. Таму многае ў будучай жыццядзейнасці новага комплексу будзе залежаць ад якасці работы будаўнікоў. Цяперашняе ж ажыўленне і актывізацыя работ на гэтым аб’екце ў многім звязана з тым, што першая чарга Храпкаўскай МТФ, якая ўключае ў сябе два кароўнікі па 280 галоў кожны, даільна-малочны блок і халадзільнік, сіласныя і сянажныя траншэі і воданапорную вежу, павінна быць здадзена да пачатку зімова-стойлавага перыяду ўтрымання жывёлы – 1 кастрычніка. Таму зараз на будаўніцтве гэтай фермы адначасова працуюць брыгады муляраў, бетоншчыкаў і рабочых па будаўніцтву дахаў.

На маё пытанне аб тым, як працуецца ва ўмовах сёлетняй анамальнай спёкі, брыгадзір муляраў Уладзімір Мікалаевіч Галеня адказаў так:
– Цяжка не толькі нам адным – побач працуюць спецыялісты мазырскіх прадпрыемстваў нашага трэста “Мазырпалессебуд”. А што датычыць спёкі, то паступова прызвычаіліся да яе. Галоўнае пакуль што – належнае фінансаванне работ і своечасовая дастаўка матэрыялаў.

Давялося пераканацца ў тым, што падстаў для хвалявання ў брыгадзіра, які ў час нашага знаходжання на гэтым аб’екце, узнікнуць не павінна, бо адна за адной сюды пад’язджалі машыны з растворам, бетоннымі канструкцыямі, сталяркай, тут і там узвышаліся акуратныя штабелі цэглы. А на двух кароўніках ужо бялеюць забетаніраваныя падлогі, роўнымі радкамі нікеліраваных дужак чакаюць сваіх рагатых пастаялак стойлы, блакітам неба адлівае на каньку даха светлавы праём даўжынёй на ўвесь кароўнік.

На сённяшні дзень Храпкаўская МТФ галоўны, але не адзіны аб’ект Хойніцкай ПМК. Поўным ходам вядуцца работы на будаўніцтве індывідуальных жылых дамоў для працаўнікоў    Глінішча, Велеціна і Стралічава. Распрацаваныя па тыпавых праектах, гэтыя дамы будуць мець ванну, туалет, кухню, два спальных пакоі, залу, веранду. Для іх ацяплення будуць выкарыстоўвацца універсальныя катлы, якія могуць працаваць як на газавым паліве, так і на вугалі, і на дрывах. Разам з галоўным інжынерам прадпрыемства Аляксандрам Уладзіміравічам Русаковым мы пабывалі на месцы ўзвядзення такога зборнага шчытавога дома ў Велеціне. Будаўніцтвам занята брыгада цесляроў пад кіраўніцтвам прараба Уладзіміра Дзмітрыевіча Грамыкі.

Нават не верыцца, што яшчэ месяц  назад тут была  пустэча, а сёння ўжо ўзвышаюцца пафарбаваныя жоўтыя сцены дома разам з кроквамі будучага даху над ім.

– Да пачатку зімы мы павінны здаць у эксплуатацыю па 5 такіх дамоў у Велеціне і Стралічаве, –  гаворыць А.У. Русакоў. – Мяркую, што ў тэрміны мы ўкладзёмся: людзі на будоўлі працуюць ужо не першы дзень, усе яны маюць належныя навыкі і кваліфікацыю, так што праблем узнікнуць не павінна.

Работнікі прадпрыемства ўносяць свой уклад і ў справу падрыхтоўкі горада да правядзення Дня беларускага пісьменства. Так, спецыялісты ПМК удзельнічалі ў рабоце па ўстаноўцы уніфікаванай агароджы дамоў па вуліцы Савецкай (на ўчастку ад старой воданапорнай вежы і да канца вуліцы ў бок Стралічава), а зараз яны працуюць у гарадскім парку, дзе ўкладваюць тратуарную плітку на будучых яго алеях.

На сённяшні дзень у калектыве Хойніцкай ПМК працуе 126 чалавек, якія складаюць па дзве брыгады муляраў і цесляроў, брыгаду аддзелачнікаў, штат вадзіцеляў, кранаўшчыкоў і трактарыстаў, інжынерна-тэхнічных работнікаў і служачых.

– Важна тое, – падкрэслівае дырэктар ПМК Аляксей Уладзіміравіч Піскун,– што ў апошні час нам удалося стабілізаваць кадравы састаў прадпрыемства, якое зараз поўнасцю ўкамплектавана кваліфікаванымі кадрамі па асноўных будаўнічых спецыяльнасцях муляраў, аддзелачнікаў, цесляроў і бетоншчыкаў. Хаця ад вопытных спецыялістаў, калі яны прапануюць нам свае паслугі, мы, канешне ж, не адмовімся. Гэты фактар дазволіў нам працаваць стабільна і без зрываў.

У падмацаванне свайго тэзісу кіраўнік прадпрыемства прывёў і такі факт. Калі ў першым квартале бягучага года па шэрагу прычын (у тым ліку і з-за цякучкі кадраў) планавае заданне па аб’ёму будаўніча-мантажных работ уласнымі сіламі не было выканана, то ў наступныя тры месяцы другога квартала будаўнікі з ім справіліся на 100 працэнтаў. У многім стабілізацыі кадравай сітуацыі паспрыяў і рост заработнай платы, якая ў чэрвені ў сярэднім па прадпрыемству складала 1071 тысячу рублёў.

Сярод лепшых работнікаў прадпрыемства  кіраўнік назваў  муляра Уладзіміра Мікалаевіча Галеню, аддзелачнікаў Ігара Яўгенавіча Бяспалага, Сяргея Алегавіча Гарунова, Анастасію Сяргееўну Біран і Юлію Уладзіміраўну Осіпаву, цесляра Ігара Іванавіча Дэмскага. Ды і іх таварышы па рабоце, у асноўным, працуюць сумленна і адказна. А гэта дазваляе з аптымізмам глядзець у будучае.

У планах Хойніцкай ПМК ужо на гэты год значыцца пачатак будаўніцтва  20-кватэрнага  жылога дома, які будзе размешчаны  каля нядаўна здадзенага 60-кватэрнага дома, а на год будучы запланавана прыступіць да ўзвядзення 40-кватэрнага жылога дома насупраць касцёла па вуліцы Савецкай горада. Па-ранейшаму спецыялісты ПМК будуць весці будаўніцтва ў вёсках і аграгарадках раёна, а на будучы год яны прыступяць і да ўзвядзення такога ж, як у Храпкаве, жывёлагадоўчага комплексу ў Велеціне.

Так што па ўзроставых катэгорыях прамысловых прадпрыемстваў Хойніцкая ПМК зараз паспяхова праходзіць стадыю станаўлення. Хочацца верыць у тое, што за ёй прыдзе і стадыя росквіту. Са святам!



Віктар НАЗАРАНКА.


 





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *