Пацярпець зараз,каб зімой не мучыцца


У рэдакцыю нашай газеты, КЖУП “Хойніцкі камунальнік”  і службы райвыканкома ў апошні час паступае многа скарг ад жыхароў горада на адсутнасць або слабы напор вады на верхніх паверхах шматкватэрных дамоў. Сітуацыю  растлумачыў галоўны інжынер КЖУП “Хойніцкі камунальнік” С.У. НЕСЦЯРЭНКА:

– Узнікшыя непаладкі з водазабеспячэннем звязаны з правядзеннем падрыхтоўчых работ да замены двух водаводаў на аварыйным участку паміж станцыяй другога пад’ёму вады і перакрыжаваннем вуліц Лермантава і Калесніка. Па праграме падрыхтоўкі праводзіліся пераключэнні падачы вады з аднаго калектара на падачу з другога, аслабляўся і ціск на станцыі другога пад’ёму. А ў “старым” горадзе сваю адмоўную лепту ўнёс і вялікі разбор вады з калонак (пераважна на несанкцыяніраваны паліў садовых і агародных участкаў), што таксама негатыўна адбілася на ціску ў сістэме і станцыі.

Каб палепшыць сітуацыю, у “старых” Хойніках мы пайшлі на такі крок як падвоз чыстай пітной вады ў двары 5-павярховак палівамыечнай машынай. Паслуга гэтая бясплатная, а заказаць яе можна, пазваніўшы ў нашу дыспетчарскую па тэлефоне 3-04-77. Машына прыедзе двойчы на дзень – у 7 і 19 гадзін.

Падрыхтоўчыя да замены водаводаў работы закончым на працягу гэтага тыдня, а пасля іх завяршэння і да Дня беларускага пісьменства вада на ўсе аб’екты водазабеспячэння будзе падавацца ў ранейшым бесперабойным рэжыме.

Адразу ж пасля свята пачнуцца работы непасрэдна па замене магістральнага водаправода на гэтым участку. Зараз ён тут адзін і знаходзіцца ў аварыйным стане,  замест яго запланавана пракласці два – асноўны і рэзервовы. Гэта дасць магчымасць не спыняць падачы вады ў выпадку аварыі. А трубы з полімерных матэрыялаў, якія будуць тут пракладзены, у некалькі разоў больш трывалыя, чым ранейшыя, вырабленыя са сталі. Акрамя таго, не павінна ўзнікнуць і вялікіх праблем з іржавай вадой.

Што датычыць тэрмінаў работы, то яны зоймуць прыблізна два месяцы і павінны завяршыцца ў лістападзе. Займацца заменай водаводаў будуць спецыялісты сумеснага беларуска-дацкага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Інтэрпайп” з Мінска.

На жаль, і ў гэты час не будуць выключаны перабоі ў водазабеспячэнні. Аднак просім жыхароў горада праявіць вытрымку, пачакаць і пацярпець зараз, каб потым не мучыцца зімой. Гэта як раз той выпадак, калі ўсё, што мы робім – да лепшага.






Давядзецца заплаціць
Старая, як свет ісціна, сцвярджае: за ўсё трэба плаціць. Сваёй актуальнасці яна не страціла і ў цяперашні час, калі ў нашай краіне на ўлік пастаўлены расход кожнай адзінкі энергетычных і прыродных рэсурсаў, у тым ліку і вады. Нават у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэнннях Рэспублікі Беларусь унесены адапаведны артыкул, які карае штрафам парушальнікаў правіл водакарыстання. У асноўным гэта датычыць несанкцыяніраванага паліву агародаў, прысядзібных участкаў, цяпліц, кветнікаў і газонаў шлангам, падключаным да водаразборнай калонкі, не абсталяванай прыборам уліку расходу вады, мыцця каля яе бялізны, асабістых і службовых аўтамабіляў.

Дарэчы, паліў агародаў вёдрамі з такіх калонак парушэннем не з’яўляецца. А вось за падключэнне шланга давядзецца заплаціць. У гэтым пераканаліся некаторыя жыхары нашага горада ў час правядзення рэйду 6 жніўня, у якім удзельнічалі спецыялісты КЖУП “Хойніцкі камунальнік”, супрацоўнік міліцыі і карэспандэнт “Хойніцкіх навін”. Так, на ўсю моц цякла на агарод вада са шланга, падключанага да калонкі каля дома № 14 па вул. Дзяржынскага, весела струменіла яна і на бульбяны палетак дома № 40 па вуліцы Паўночнай. Зразумела, што ні ў першым, ні ў другім выпадках калонкі не былі абсталяваны водамерамі. Таму на гаспадароў названых домаўладанняў складзены пратаколы і ім давядзецца заплаціць штраф.


Віктар НАЗАРАНКА.






Каб пазбегнуць непаразуменняў, КЖУП “Хойніцкі камунальнік”
ПАПЯРЭДЖВАЕ:
паліў прыватных агародаў, цяпліц, кветнікаў і г. д. не забаронены, але толькі пры ўмове яго ажыццяўлення з крыніц водакарыстання, абсталяваных водамерамі.






 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *