Трыбуна кіраўніка


Дырэктар Хойніцкага торфабрыкетнага завода І.М. ТАМКО: “Паказчыкі і тэмпы не зніжаем”

Хойніцкі торфабрыкетны завод з’яўляецца адным з першынцаў раённай індустрыі. На рубяжы 70-80-х гадоў мінулага стагоддзя прадпрыемства лічылася градаўтваральным. Важкі ўклад у эканоміку раёна філіял РВУП “Гомельаблгаз” торфабрыкетны завод “Хойніцкі”  ўносіць і зараз.

Адметнасцю работы завода сёлета з’яўляецца той факт, што паралельна з выпускам прамысловай прадукцыі мы вядзём  рэканструкцыю латковых эстакад, па якіх торфабрыкет падаецца ў  склад гатовай прадукцыі, а таксама рэканструкцыю склада з устаноўкай на ім стужачных транспарцёраў. Ажыццяўленне гэтых мерапрыемстваў паслужыць больш эфектыўнай рабоце асноўных вытворчых магутнасцей.

Рэканструкцыяй займаюцца спецыялісты аб’яднання “Магілёўспецэнерга”, якія вядуць работы ў адпаведнасці з палажэннямі спецыяльна распрацаванай рэспубліканскай праграмы, са сродкаў якой яны і фінансуюцца.
Акрамя таго, капітальна адрамантаваны 2 прэсы,  зараз 4 такія агрэгаты задзейнічаны ў рабоце,  яшчэ адзін знаходзіцца на рамонце. Таксама абноўлены цеплавозы, аўтамабільны і вагонны парк, за кошт мадэрнізацыі абсталявання палепшаны ўмовы працы ў цэху перапрацоўкі торфу.

Прадукцыя рэгулярна зыходзіць з заводскага канвеера і, як кажуць, “з колаў” адгружаецца спажыўцам. У асноўным гэта раённыя філіялы аб’яднання “Гомельаблпаліва”, а таксама адзін з нашых галоўных партнёраў – Беларускі цэментны завод у Касцюковічах. Тарфяны брыкет у сувязі з укараненнем у прамысловасці энергазберагаючых тэхналогій і пераводам ацяпляльных катлоў на мясцовыя віды паліва сёння карыстаецца асаблівым попытам, таму  графік паставак у нас распісаны да канца года. Арыентуючыся на ўзросшы попыт, адпаведна павялічваем і вытворчасць прадукцыі. Так, за ліпень бягучага года мы выпусцілі 3 тысячы тон тарфянога брыкету, увесь ён быў адразу ж рэалізаваны спажыўцам. На жнівень запланавана выпусціць ужо 3,5 тыс. тон торфабрыкету, а на далейшае плануем павялічыць яго выпуск да 4,5-5 тысяч тон у месяц.

На сённяшні дзень ужо перавыкананы гадавы план торфаздабычы: 51 тысяча тон пры плане 50 тысяч. Да канца 2010 года плануем асвоіць  70 тысяч тон, амаль на трэць перавыканаць гадавое заданне.

У плане работы па энергазберажэнню выдатны эканамічны эфект дала ўстаноўка частотна рэгулюемых прывадаў на дымасосы і вентылятары катлоў, якая дазволіла спажываць электраэнергіі на 30% менш, чым раней. А ў цэлым укараненне энергазберагаючых тэхналогій на прадпрыемстве дазволіла нам за першае паўгоддзе з’эканоміць 36,4 тоны ўмоўнага паліва.

Важны ўчастак нашай работы – заводская кацельня. Для яе своечасовай падрыхтоўкі да ацяпляльнага сезона 2010-2011 гг. распрацаваны мерапрыемствы і планы-графікі па рамонту тэхналагічнага абсталявання, уцяпленню будынкаў і збудаванняў, рэканструкцыі сістэм цеплазабеспячэння рамонтна-механічнай майстэрні, лакаматыўнага дэпо і помпавага абсталявання кацельні. Зараз выкананы работы па ачыстцы падагравальнікаў сеткавай устаноўкі падагрэву вады, завершаны капрамонт сеткавых і падсілкоўваючых помпаў, ачыстка ўнутраных паверхняў нагрэву ад накіпу на катлах, а таксама рамонт унутранай абмуроўкі топачнай камеры катла. Адноўлена часткова парушаная цеплаізаляцыя магістральнай цеплатрасы, праведзена гідраўлічнае выпрабаванне трасы і ажыццёўлена ўключэнне яе ў работу ў сувязі з неабходнасцю забеспячэння спажыўцоў горада гарачай вадой. Зараз кацельня ў поўным аб’ёме забяспечана запасам паліва (торф фрэзерны) для бесперабойнай работы ў ацяпляльны перыяд.

Многае зроблена і па паляпшэнню ўмоў працы. Праведзены рамонт санітарна-бытавых памяшканняў, абсталяваны пакой для прыёму ежы, усе работнікі забяспечаны спецадзеннем. За шкодныя ўмовы працы людзі атрымліваюць даплаты, малако і дадатковыя водпускі. 

Сярэдняя зарплата  па прадпрыемству  складае 790 тыс. руб.

Хацелася б падзякаваць нашых работнікаў, якія ва ўмовах сёлетняй спякоты заняты на працы ў цэхах, майстэрнях і на месцах торфаздабычы. У тым, што сёння мы не зніжаем тэмпаў і паказчыкаў работы, іх   заслуга.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *