Кветкі ў люстэрку вады


Напэўна, усе праходзячыя міма і праязджаючыя па цэнтральнай вуліцы вёскі Казялужжа адзначаюць гэты акуратны домік і падворак. Гэта родавае гняздо Уладзіміра Аляксандравіча Новікава, які сем гадоў таму назад злучыў свой лёс з Таццянай Пятроўнай Пінчук. Абодва яны мелі папярэдні вопыт сямейнага жыцця, абодва працуюць леснікамі Варацецкага лясніцтва Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка і абодва аднолькава захоплены фларыстыкай.

Але перш чым упрыгожыць падворак, вырашылі абнавіць домік, у якім пражывалі  з маці гаспадара Марыяй Кірылаўнай, якая, на вялікі жаль, пайшла з жыцця.

– Спачатку правялі замену вокнаў, – расказвае Таццяна Пятроўна, – потым даху, абшылі дом сайдзінгам. Затым надышла чарга ўнутраных аддзелачных работ: выкінулі печ і грубку, зрабілі перапланіроўку. І, нарэшце, дабудавалі прысценак і веранду, засталося  пліткай выкласці дарожку ад брамкі да дома. А потым заняліся азеляненнем падворка.

Кветкі – адно з самых цудоўных стварэнняў прыроды – у гэтым Уладзімір Аляксандравіч і Таццяна Пятроўны аднадушны. Па іх меркаванню, мір кветак – гэта мір, які зачароўвае, які ўпрыгожвае нашу планету, нашы гарады, нашы прысядзібныя ўчасткі і, урэшце рэшт, нашы кватэры і дамы, ствараючы ў іх спрыяльны мікраклімат. У сваю чаргу яны, аматары кветак, кожны дзень з увагай і клопатам адносяцца да іх. І зазначаюць: “Калі ты палюбіш кветачку, яна абавязкова адчуе і будзе радаваць сваёй прыгажосцю дзень у дзень”.

Так, кветкавае царства гэтага падворка сапраўды прыцягальнае. Тут атрымалі пастаянную прапіску многія віды прыгожых насаджэнняў. Адных толькі руж больш за дзесяць сартоў. Радуюць позірк мнагалетнія асцільбы – ружовыя, бардовыя, белыя, персікавыя. Ліліі, геаргіны, гладыёлусы, каллы і канны, петуніі… Душысты табачок, які раскрывае свае кветачкі ў асноўным раніцай і вечарам. Бела-ружовымі кусцікамі разбягаюцца “Пырскі шампанскага”. У сіняву неба глядзіцца блакітны агератум, а разам з ім суседнічае ружовая ахінацэя. Прыгожым кустоўем аформлены расходнік, які ў народзе называюць заечай капустай. Жывая агароджа з  вінаграду аддзяляе ад прысядзібнага ўчастка, на якім гаспадары вырошчваюць бульбу, збожжавыя, агародніну. Дарожка ад вуліцы да ўваходу ў дом праходзіць праз трайную зялёную арку, якую куплялі ў Маскве, а збіралі на месцы.

– Гордасць нашага падворка, – працягвае Таццяна Пятроўна, – рукатворнае азярцо. –  На яго стварэнне падштурхнуў артыкул аднаго часопіса. Дарэчы, выпісваем мы спецыяльнай перыёдыкі  на вялікую суму грошай. Вырашылі размясціць азярцо на тым месцы, дзе знаходзілася старое, яшчэ даваеннага часу, дрэва.

Не ведаю, як было на самай справе, але ўяўляю, як Уладзімір Аляксандравіч і Таццяна Пятроўна праглядвалі канструкцыю дамашняга вадаёма ў часопісе. Гэты сверб знаёмы кожнаму фларысту. Быццам нехта нябачны сядзіць унутры і няспынна шэпча: знайдзі, зрабі. Па распрацаванаму разам чарцяжы муж згадзіўся ўвасобіць мару ў рэальнасць. Памятаючы з прачытанага, што найбольш выгадна глядзяцца авальныя, кроплепадобныя або ледзь выгнутыя сажалкі, намеціўшы форму будучага азярца, узяўся за рыдлёўку. Спачатку быў зрэзаны дзёрн, выкапана яма з плоскім дном. Дно засыпалі вільготным пяском і  ўклалі “падложку” – звычайную двайную чорную плёнку. І, нарэшце, пачалі патроху запаўняць вадой. Краі азярца задэкарыравалі камянямі, сабранымі  ў навоколлі.

Пабудаваўшы азярцо, прыняліся за абустройства прыбярэжнай зоны, ведаючы, што толькі правільнае азеляненне надасць яму асаблівую прывабнасць. Розныя адценні зялёнага, лёгка-белага, бледна-блакітнага колераў кветак  шыкоўна кантрасціруюць з астатняй каларыстыкай падворка. Плаўныя лініі, спакойныя тоны, цішыня вады , празрыстая, адлюстроўваючая неба роўнядзь азярца – усё стварае атмасферу ціхамірнага спакою. На бераг вадаёма пераехалі хосты, лілейнікі. Змена абстаноўкі падкрэсліла індывідуальнасць кожнай расліны.

На паверхні азярца – ліліі, якія былі закуплены ў Гомелі, а таксама падораныя калегамі па працы. Прыжыліся ў вадзе карасікі, плоткі, былі запушчаны ў азярцо і карпы, але, на жаль, не перанеслі мінулую зімоўку.
У падворка Уладзіміра Аляксандравіча і Таццяны Пятроўны яшчэ многа сакрэтаў. Але галоўнае – адчуванне ўтульнасці, спакою. Воблік яго ўвесь час мяняецца, з’яўляюцца новыя ідэі. Давайце ж пажадаем ім, вялікім аматарам цікавай справы, удачы і росквіту. 


Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *