У чаканні гасцей свята


Усё менш і менш часу застаецца да таго дня, калі ў нашым горадзе разгорнецца вялікае свята славянскай культуры – Дзень беларускага пісьменства. І зараз усе мы бачым, якім кардынальным чынам мяняецца аблічча райцэнтра. Пракладваюцца новыя дарогі, другое жыццё набываюць аб’екты сацыяльнага, гандлёвага, культурнага прызначэння. Паглядзіце, як прыгожа выглядае абноўлены будынак цэнтральнай раённай аптэкі, якая прыгожая каляровая гама з’явілася ў яго вонкавым афармленні. Побач вымалёўваюцца адметныя рысы будынка новай гасцініцы, гарадской лазні. У будаўнічых лясах знаходзяцца пакуль будынкі раённага вузла паштовай сувязі, двухпавярховых дамоў па вуліцы Савецкай, але ўжо відавочна, што праз параўнальна кароткі час абнаўленне гэтых аб’ектаў завершыцца.

Поўным ходам вядуцца работы па добраўпарадкаванню і на іншых вуліцах горада, якія будуць знаходзіцца ў эпіцэнтры свята – К. Маркса, Калгаснай. Усімі колерамі вясёлкі зіхацяць абноўленыя фасады шматкватэрных дамоў. Праводзяцца работы па замене і рамонце дахаў.

Да фінальных акордаў буйнамаштабнага пераўтварэння нашага горада засталося толькі некалькі крокаў. Многае зроблена з дапамогай дзяржавы. Але ў справе падрыхтоўкі да правядзення Дня беларускага пісьменства многае залежыць і ад нас саміх. У нашым горадзе многа вуліц з акуратнымі прыватнымі домаўладаннямі, гаспадары якіх праяўляюць ініцыятыву, фантазію, нават не шкадуюць  уласных сродкаў, каб упрыгожыць свой арэал  пражывання. Як напрыклад, муж і жонка Аляксандр Васільевіч і Аксана Яўгенаўна Філончык, работнікі ветлячэбніцы. Агароджа іх двара выгадна выдзяляецца на фоне іншых домаўладанняў па вуліцы Калініна. Выраблена яна з бетону і пры ўстаноўцы выкарыстаны нядрэнны дызайн.

На свята да нас прыедзе многа гасцей, у тым ліку ўраджэнцаў раёна, з розных населеных пунктаў Беларусі, а таксама блізкага і далёкага замежжа. Адзначу, што 5 верасня патрэбна будзе размясціць больш за тысячу адзінак аўтамабільнага транспарту, дзеля чаго ў “старых” Хойніках выдзелена 17 пляцовак. Некаторыя з іх – у прыватным сектары: на вуліцах Калініна, Камсамольская, Карася, Катоўскага, Паркавая. Таму асобна хачу звярнуцца да жыхароў менавіта гэтых вуліц навесці парадак каля сваіх дамоў, на прыдамавых тэрыторыях, пастаянна падкошваць траву. Раўнадушных у гэтай справе не павінна быць, добраўпарадкаваць свае падворкі павінны  не толькі пражываючыя на адзначаных вуліцах, але і ўсе маючыя прыватнае жыллё.

Давайце ж не будзем забываць пра аснову беларускай гасціннасці – усё павінна быць зроблена так, каб людзі, пабываўшыя ў нашым горадзе на свяце, ацанілі наша старанне ў добраўпарадкаванні свайго жытла, а разам з гэтым, каб госці павезлі на сваю радзіму самыя добрыя ўспаміны аб нас.


А. МАШЭЎСКІ, намеснік старшыні райвыканкома.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *