Плюсы і мінусы на адкорме

Сельское хозяйство

Калі прааналізаваць паказчыкі сельгаспрадпрыемстваў раёна на дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы за 7 месяцаў 2010 года, то на першы погляд яны не вельмі адрозніваюцца ад лічбаў, атрыманых за адпаведны перыяд мінулага года. Напрыклад, па валавых прывагах БРЖ у цэлым па раёну атрымана лічба 15523 цэнтнеры супраць 15612 ц у мінулым годзе –  прыкладна аднаго парадку. А па сярэднясутачных прывагах нават атрыманы рост: 565 грамаў у 2010 годзе супраць 515 г у 2009-м (+50 г). Аднак, калі разглядваць паказчыкі гаспадарак, то малюнак атрымліваецца больш стракатым – адны ў студзені-ліпені бягучага года спрацавалі з плюсам, другія – з мінусам.

Так, па валавых прывагах БРЖ у працэнтных адносінах да сямі месяцаў 2009 года самы вялікі прырост атрыманы ў агракамбінаце “Віць” – 131% (1885 ц – 2010 г. і 1438 ц – 2009 г.). Палепшылі вынікі работы за сем месяцаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года па валавых прывагах сельгаспрадпрыемствы “Веляцін” (103%), імя Мележа (104%) і “Аравічы” (102 %). У абсалютным выражэнні самы высокі паказчык валавых прываг атрыманы ў КСУП імя Мележа (2774 ц) і КУП “Аравічы” (2669 ц).

Што датычыць сярэднясутачных прываг,  то па гэтаму паказчыку ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна сёлета перавысілі лічбы сямі месяцаў мінулага года. Самы вялікі поспех па гэтаму паказчыку атрыманы ў агракамбінаце “Віць” – плюс 111 грамаў, а найбольшыя сярэднясутачныя прывагі ў грамах атрымалі сельгаспрадпрыемствы “Судкова” (609), “Велікаборскі” (591) і агракамбінат “Віць” (587). Самы нізкі гэты паказчык пакуль што ў эксбазе “Стралічава” – 530 грамаў.
У галіне свінагадоўлі лічбы атрыманы куды менш аптымістычныя, чым летась. Так, валавыя прывагі свіней за 7 месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам леташняга  скараціліся амаль удвая: 405 цэнтнераў сёлета супраць 800 ц летась. Толькі сельгаспрадпрыемствам “Веляцін” і “Аравічы” ў гэтым годзе ўдалося пераўзыйсці лічбы валавых прываг, атрыманых за сем месяцаў мінулага года.

Па сярэднясутачных прывагах свіней гаспадаркі раёна ў большасці таксама мінусуюць, а сярэднераённы паказчык такі: 184 грамы ў 2010 годзе супраць 288 г у 2009 г. Толькі двум сельгаспрадпрыемствам – “Аравічы” і “Судкова” ўдалося пераўзыйсці лічбы мінулага года.

Сярод фактараў, якія абумовілі ўзнікшыя мінусы ў паказчыках работы жывёлаводаў, ёсць акалічнасці як аб’ектыўнага, так і     суб’ектыўнага характару. Даўно вядома, што ў жывёлагадоўлі на адкорме добрых вынікаў можна чакаць, захоўваючы два асноўныя патрабаванні – паўнацэнны і збалансаваны рацыён харчавання жывёлы і ўмовы яе ўтрымання: чыстыя памяшканні, забяспечанасць вадой, мінеральнымі падкормкамі і інш. Па вялікаму рахунку, усім гэтым патрабаванням у поўнай меры адпавядае толькі работа жывёлаводаў сельгаспрадпрыемства імя Мележа, ва ўсіх жа астатніх ёсць тыя альбо іншыя недапрацоўкі.

Наўрад ці парадуе добрымі вынікамі ў рабоце і гарачы сёлетні жнівень. Бязлітасная спякота  прымусіла паставіць у памяшканні маладняк узростам да 6 месяцаў, а вось бычкі і цёлачкі ўтрымліваюцца ў кашарах і пад павецямі. Галоўнае зараз – у поўнай меры забяспечыць іх вадой, зялёнай травяной масай, камбікормам з біялагічнымі дабаўкамі і кукурузай. 



У. БОНДАР,галоўны заатэхнік райсельгасхарчу.




У ліку пераможцаў рэспубліканскага працоўнага спаборніцтва на дарошчванні і адкорме БРЖ за 2009 год названы аператар па адкорму  КСУП імя Мележа – Яўгеній Аляксеевіч Цітараў.
Дэвізам у рабоце ўсіх жывёлаводаў раёна павінны стаць яго словы аб сакрэце свайго поспеху ( у мінулым месяцы ён атрымаў сярэднясутачныя прывагі 751 г):
– Нічога незвычайнага тут няма. Трэба проста сумленна выконваць свае абавязкі: своечасова пакарміць жывёлу, пачысціць стойлы і праходы ў памяшканнях, пастаянна сачыць за сухасцю падсцілкі. Тады і жывёла будзе адчуваць сябе камфортна, і паказчыкі ў рабоце будуць абнадзейваючымі.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *