У поўнай гатоўнасці

Образование

Для настаўнікаў, у адрозненне ад вучняў,  летніх канікул не існуе.  Калектывы ўстаноў адукацыі ў гэты час робяць усё неабходнае, каб падрыхтавацца да новага навучальнага года. Зробленае ацэньвала камісія па прыёмцы школ, якая працавала два дні – 11 і 12 жніўня. Праверана  26 гарадскіх і сельскіх школьных і дашкольных устаноў, у тым ліку Барысаўшчанскі сацыяльны прытулак.






В.М. Шаўчэнка, намеснік старшыні райвыканкома, старшыня камісіі па прыёмцы школ:
–  Хачу адзначыць, што і кіраўнікі ўстаноў адукацыі, і падначаленыя ім калектывы з вялікай адказнасцю аднесліся да падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Па вялікаму рахунку, ніякіх асаблівых заўваг не маецца, а тыя дробныя недапрацоўкі, што выяўлены ў ходзе праверак, можна паправіць на працягу двух-трох дзён. Задаволены ходам праверак: члены камісій працавалі зладжана і аператыўна, а галоўнае – кваліфікавана.






М.Б. Нікіценка, памочнік урача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:
– Прымаю ўдзел у рабоце камісіі па прыёмцы школ не першы раз. І калі па нашай лініі раней назіралася гатоўнасць парадку 80 працэнтаў, даваўся тэрмін на выпраўленне недахопаў, то сёлета карціна выглядае самым найлепшым чынам. Вучэбныя класы паўсюдна адпавядаюць гігіенічным нарматывам. Абедзенныя залы абноўлены. Заменена абсталяванне ў сталовых. Што асабліва парадавала мяне, дык гэта выгляд прышкольных тэрыторый: усюды чысціня і парадак. У сельскіх населеных пунктах, дзе днямі прайшоў дождж, яны радуюць зелянінай і рознаквеццем.






А.І. Грыгаровіч, намеснік начальніка аддзела РАНС па Дзяржпажнагляду:
–  Калектывамі ўстаноў адукацыі праведзяны вялікі аб’ём работ па падрыхтоўцы да новага навучальнага года дзеля выканання правіл супрацьпажарнай бяспекі. У ходзе праверкі высветлілася, што намаганні не засталіся дарэмнымі, праўда, ёсць заўвагі, якія патрэбна ўхіліць да 1 верасня, але асаблівага хвалявання яны не выклікаюць.






Д.П. Драка, дзяржінспектар Хойніцкай раённай энергаінспекцыі:
– Уражанні ад прыёмкі самыя станоўчыя. Ва ўсіх установах адукацыі на сёння належны стан электраўстановак, сістэмы электрабяспекі і электразабеспячэння. Магчыма, гэтаму паспрыяла і тое, што работнікамі нашай інспекцыі на працягу прайшоўшага навучальнага года праводзіліся праверкі і даваліся пэўныя рэкамендацыі па лініі нашай дзейнасці. Дробныя заўвагі маюцца, напрыклад, штосьці трэба падфарбаваць, але іх выканаць проста і лёгка.






Л.Ф. Кулакоўская, начальнік аддзела адукацыі райвыканкома:
– Работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, які пачнецца сёлета пад эгідай Дня беларускага пісьменства, праводзімага 4 і 5 верасня ў нашым горадзе, праведзена калектывамі ўстаноў адукацыі велізарная. Асноўны ўпор ў ходзе прыёмкі рабіўся на выкананне прадпісанняў паднаглядных служб і ведамстваў дзеля бяспечнага знаходжання дзяцей у дашкольных і школьных установах.
Праведзены бягучыя і касметычныя рамонты школ і дзіцячых садоў, вялікае значэнне надавалася эстэтычнаму афармленню класных кабінетаў, абедзенных залаў, прышкольных тэрыторый.
Капітальна рамантуюцца першая гарадская сярэдняя школа, якая знаходзіцца ў эпіцэнтры свята, а таксама Веляцінскі дзіцячы сад па праграме ўзвядзення аграгарадка ў гэтым населеным пункце.
Усё гатова ў нашым раёне для таго, каб 1 верасня пачаўся чарговы паход за ведамі.


Запісала Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *