Адклад не ідзе ў лад


12 жніўня адбылося пасяджэнне райвыканкома. Каменціруючы вынесеныя на разгляд пытанні аб ходзе падрыхтоўкі:
— жывёлагадоўчых памяшканняў да зімова-стойлавага ўтрымання;
— арганізацый раёна да ацяпляльнага перыяду;
— да правядзення Дня беларускага пісьменства ў Хойніках;
кіраўнік раёна А.В. Бічан неаднаразова падкрэсліваў: “Трэба арганізавацца і працаваць сумленна, а не абы адбыць час на працы. Сёння ў аднолькавых умовах гаспадарання мы маем розныя вынікі, а адстаючых у выкананні паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця не павінна быць”.


Павярнуцца тварам да жывёлагадоўлі

І летась, і сёлета выдатнымі тэмпамі ў раёне ідзе нарыхтоўка травяных кармоў, агранамічная служба і механізатары стараюцца.  Але, як аказваецца на справе, умеем гатаваць, ды не ўмеем падаваць. І слабае звяно тут жывёлаводы.
Пацвярджэнне таму лічбы – невысокія сярэднясутачныя прывагі БРЖ у 565 грамаў і сярэднясутачныя надоі ў 8,4 літра малака на карову. Сітуацыя, як кажуць, “не до жиру, быть бы живу”. Не прымаецца такое таптанне на месцы ў сельскай гаспадарцы. Курс на худа-беднае выжыванне не для нас, наш адзіны і правільны – курс на эфектыўнае развіццё. 

Безумоўна, спрацоўвае чалавечы фактар – не вытрымліваюцца ўмовы ўтрымання жывёлы. Самае дрэннае ў галіне жывёлагадоўлі раёна тое, што мы прывыклі да беспарадку, маўкліва сузіраем як рвецца там, дзе тонка. Да 1 кастрычніка засталося крыху менш чым паўтара месяца, але толькі дзве гаспадаркі раёна – КСУП імя Мележа і “Аравічы” маюць гатоўнасць памяшканняў для пастаноўкі буйной рагатай жывёлы пад 100 працэнтаў. У астатніх работы непачаты край.

Каб кардынальна выправіць сітуацыю, перш-наперш патрэбна распланаваць работу па кожнаму жывёлагадоўчаму памяшканню – вывезці арганіку, стварыць брыгаду і прыступіць да рамонту. Каб валодаць сітуацыяй і каардынаваць дзеянні, своечасова ўхіляць недахопы, кіраўнікам важна кожны дзень слухаць справаздачу кадраў за даручаны ўчастак работы. Згодна з прынятым два гады назад рашэннем райвыканкома за дапамогай у выдзяленні будматэрыялаў, тэхнікі звяртацца ў лясгас, на завод ЖБВ, ДЭУ-155.

Неабходна прадумваць усё ад “а” да “я” з пазіцый эфектыўнасці. Каб не несці неабгрунтаваных вялікіх затрат, не кідаць грошы на вецер па рамонту на год-два амаль разваліўшыхся жывёлагадоўчых памяшканняў, лепш зрабіць дабротную кашару для зімова-стойлавага ўтрымання бычкоў – з павеццю, водапаеннем. І думаць пра будаўніцтва сучасных жывёлагадоўчых памяшканняў.






Працаваць у адной звязцы

Не церпіць адкладу рэгістрацыя пашпартаў гатоўнасці спажыўцоў цеплавой энергіі да работы ў асенне-зімовы перыяд 2010-2011 гг. Як падрэсліў старшыня райвыканкома А.В. Бічан, канешне, не ўпрыгожвае неразваротлівасць кіраўніцтва РАНС, аддзела статыстыкі па Хойніцкаму раёну ў выкананні гэтай важнай справы. Але і работнікам Энерганагляду не да твару проста канстатаваць гэты факт, патрэбна заняць актыўную пазіцыю і не чакаць, калі да іх звернуцца за кансультацыяй, а самім прапанаваць яе, унікаць у сітуацыю і працаваць на станоўчы вынік у адной звязцы з суб’ектамі гаспадарання.

Адзначалася, што па стану на 6 жніўня зарэгістраваны ўсе 5 пашпартаў гатоўнасці цеплакрыніц да работы ў асенне-зімовы перыяд.






Бляск – за хайнічанамі

Няўмольна трохзначная лічба дзён, застаўшыхся да Дня беларускага пісьменства, зменшылася да двухзначнай, хутка і іх лік завершыцца. У канцы бягучага месяца павінны закончыцца ўсе работы плана мерапрыемстваў па  добраўпарадкаванню горада і раёна. Па стану на 10 жніўня большая частка яго 69 пунктаў выканана.

Так, выраблены і ўстаноўлены ўязны знак з калінкавіцкага напрамку, адрамантаваны ўязныя знакі з рэчыцкага напрамку. Адрамантавана і пафарбавана жалезабетонная агароджа Настольскіх і Малішаўскіх могілак. Праведзены бягучы рамонт і афарбоўка фасада адміністрацыйнага будынка Хойніцкага РЭСа, РКЦ № 4 ААТ “Белаграпрамбанк”, філіяла № 326 ААТ “ААБ Беларусбанк”, ДЭУ-45, ПУП “Палескія сыры”, торфабрыкетнага завода.

Адрамантаваны фасады будынкаў і дахі ДТСААФ, цэнтральнай раённай аптэкі, адміністрацыйны будынак і інтэрнат ДПТВ-183, Хойніцкі ўчастак па вытворчасці камбікармоў, ПДРЭЗ, ДЭУ-155. Па гэтых аб’ектах неабходна завяршыць добраўпарадкаванне прылягаючых тэрыторый. За ўзор ім – афармленне і догляд за кветкамі на прылягаючай тэрыторыі да РКЦ № 4 ААТ “Белаграпрамбанк” і філіяла № 326 ААТ “ААБ Беларусбанк”.

Па шэрагу аб’ектаў работы выконваюцца падраднымі арганізацыямі і ўжо блізкія да завяршэння: Хойніцкі цэх газавай гаспадаркі, аўтастанцыя, КБА, РДК, дзіцячая школа мастацтваў, РВПС, чыгуначная станцыя “Хойнікі”, пракуратура.
Вырашылася пытанне па фінансаванню аб’ектаў: “Рэканструкцыя будынка РАУС”, “Капрамонт будынка ДАІ”, “Капрамонт з элементамі мадэрнізацыі Хойніцкага райвыканкома”. Работы па іх вядуцца ў адпаведнасці з графікам.

У ходзе падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства работнікі ПДРЭЗ, лясгаса, леспрамгаса, філіяла па дрэваапрацоўцы “Палескі”, заводаў гідраапаратуры, ЖБВ, рамонтнага, ААТ “Хойнікірамбуд”, ДБУ-23, Хойніцкай ПМК, ДАК замянілі і адрамантавалі драўляныя агароджы па вул. Савецкай, Чырвонаармейскай, Паркавай, Кірава, Карася, Калініна, Сялянскай, Катоўскага, 60-ці камсамольцаў-падпольшчыкаў і зав. Савецкі.

Вялікі аб’ём работ выкананы райспажыўтаварыствам. Завершаны работы па магазінах “Зручны”, “Дарожны”, кафэ “Надзейка”, бутэрброднай “Віраж”, магазіна ў вёсцы Глінішча. Вядуцца работы па гандлёваму комплексу “Цэнтральны”, па рынках “Калгасны”, “Юбілейны”, піўному бару. Тры гандлёвыя кропкі знесены.

Неабходна актывізаваць работы па прывядзенню ў парадак лесапалос уздоўж дарогі Рэчыца – Хойнікі, па прывядзенню ў парадак вучэбна-курсавога камбіната, Хойніцкага ўчастка Энергазбыту, КПУП “Паліграф”.
Не прыступілі да рамонту фасадаў будынкаў і збудаванняў леспрамгас, фабрыка мастацкіх вырабаў, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”, агракамбінат “Віць”.

 Падводзячы рысу, кіраўнік раёна А.В. Бічан адзначыў, што далёка не ўсе рэзервы задзейнічаны. Разам мы, жыхары Хойнікшчыны, можам намнога больш. Каб карцінка прыгажосці і чысціні райцэнтра пасля ад’езду будаўнікоў была завершанай, хайнічане павінны надаць яму бляск. Гэта павінны зрабіць менавіта  мы самі.

Толькі афіцыйна запрошана на свята больш за 850 чалавек. А колькі прыбудзе гасцей, ураджэнцаў раёна! Мы павінны прадэманстраваць як любім свой родны горад, клапоцімся аб ім. Няхай усе, хто прыедзе, нам па-добраму пазайздросцяць і падзеляцца гэтымі ўражаннямі з іншымі.






Дробязей у рабоце не бывае

Сёлета 21 мая ў КСУП “Аравічы” пры выкананні работ па дэзінфекцыі жывёлагадоўчай фермы адбыўся няшчасны выпадак. У выніку разрыву рабочага шланга падачы дэзраствору ад цыстэрны ўстаноўкі да распыляльніка механік гаспадаркі атрымаў хімічны апёк.     

Няшчаснага выпадку можна было б пазбегнуць, каб усё праводзілася згодна з патрабаваннямі заканадаўства па ахове працы.

Пацярпеўшы работнік уводны інструктаж па ахове працы атрымаў аж у 2004 годзе, інструктаж па ахове працы на рабочым месцы пры рабоце з устаноўкай ДУК-1 не атрымаў, абучэнне бяспечным метадам і прыёмам работы з прымяненнем ДУК-1 і праверку ведаў па пытаннях аховы працы пры выкананні работ па дэзінфекцыі не прайшоў, сродкамі індывідуальнай абароны для вытворчасці работ па дэзінфекцыі не быў забяспечаны, медагляд не прайшоў.
Як кажуць, каментарыі тут залішнія. У каторы раз пацвярджаецца ісціна – дробязей у рабоце не бывае. Важна ўсё ведаць і выконваць! 
       


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *