Мясцовае самакіраванне


Каб указ пачаў працаваць

Недастатковай прызнана работа раённай камісіі, сельвыканкомаў, сельскіх Саветаў дэпутатаў па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 70 “Аб мерах па ўпарадкаванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці”.

У раёне гэта праблема існуе востра. Каб указ пачаў працаваць, неабходна граматна, на падставе заканадаўства рыхтаваць дакументы на знос пустуючых і старых дамоў. А калі ўласнік на такое домаўладанне знаходзіцца і не дае дазвол на яго знос, трэба абавязаць яго  прывесці ў парадак домік у вёсцы. Каб і агароджа стаяла і была пафарбавана, і падкошана было на  ўласнай тэрыторыі і прылягаючай. Гаспадарскі падыход павінен быць у справе навядзення парадку на зямлі.



Выявіць і ўмацаваць слабыя звенні

Пры абмеркаванні хода рэалізацыі Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неспрыяльных сем’ях” адзначалася якасна пастаўленая работа па ранняму выяўленню дзяцей, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. Як вынік – з года ў год зніжаецца колькасць падлеткавай злачыннасці.

Разам з тым выяўлены слабыя звенні ў ланцужку вяртання грошай дзяржаве за ўтрыманне дзяцей, выхаваннем якіх не займаюцца бацькі. Растлумачана, што нерацыянальна ўладкоўваць абавязаных асоб на працу ў арганізацыі, дзе нізкая зарплата. І што кіраўнік, які пры наяўнай вакансіі адмаўляе ў прадастаўленні рабочага месца абавязанай асобе, можа панесці за гэта адміністрацыйнае пакаранне. Пры нявыхадзе на працу абавязаных неабходна тэрмінова паведамляць па тэл. 102. Усім мірам мы павінны ставіць на шлях выпраўлення аступіўшыхся, каб іх дзеці не раслі сіротамі пры жывых бацьках. Для правядзення прафілактычнай работы неабходна ў поўнай меры выкарыстоўваць патэнцыял працоўных калектываў, ідэалагічнай і кадравай служб, прафсаюзных арганізацый, актыўна прапагандаваць найбольш эфектыўныя формы і метады работы.






Навядзенне парадку – справа агульная

Пры разглядзе пытання аб стане работы па добраўпарадкаванню сельскіх населеных пунктаў у першую чаргу былі названы вёскі, дзе можна павучыцца, як бляск наводзіць. Гэта населеныя пункты Алексіцкага сельсавета – Глінішча, Слабажанка, Судкоўскага – Судкова, Казялужжа, Стралічаўскага – Стралічава, Велікаборскага – Вялікі Бор. Раўняцца на іх неабходна ў першую чаргу вёскам Барысаўшчанскага і Паселіцкага, а таксама аддаленым вёскам усіх сельсаветаў.

Безумоўна, плён у справе добраўпарадкавання будзе, калі старшыні сельвыканкомаў будуць складаць тэматычны план на год, штомесячна аналізаваць яго на агульных сходах вяскоўцаў і забяспечваць выкананне кожнага пункта. Растлумачваць неабходна людзям, што не заўсёды толькі за грошы можна змяніць карціну добраўпарадкавання ў лепшы бок. Часцей толькі рукі трэба прыкласці, аднесціся з любоўю да зямлі роднай – яна чакае нашага ўдзелу і клопату.



Ірына ВАСІЛЬЕВА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *