Не ўпусціць час

Сельское хозяйство

У мінулую пятніцу, у час знаходжання ў Смалявіцкім раёне Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка, гаворачы аб недалёкай ужо азімай сяўбе, асаблівую ўвагу звярнуў на якасць насення збожжавых культур і азімага рапсу. І гэта невыпадкова, бо ад належных пасяўных кандыцый насеннага матэрыялу ў многім залежыць лёс будучага ўраджаю.

 Адным з асноўных патрабаванняў тэхналогіі вырошчвання сельскагаспадарчых культур і, асабліва азімых збожжавых, з’яўляецца абавязковае пратручванне насення. Справа ў тым, што азімыя збожжавыя пастаянна нясуць высокую інфекцыйную нагрузку грыбоў – узбуджальнікаў каранявой гнілі, снежнай цвілі, галаўні, спарынні, септарыёзу і інш. Восенню іх пасевы могуць паражацца ўсімі пералічанымі хваробамі, а таксама бурай іржой, рынхаспарыёзам, а ў апошнія гады і мучністай расой. Пагэтаму пратручваць неабходна ўвесь насенны матэрыял азімых збожжавых, прызначаны для сяўбы. Гэты этап фарміравання аптымальнага фітапаталагічнага стану пасеваў, як правіла, акупляецца колькасцю (0,2-4,8 ц/га) ўраджаю збожжа. Яшчэ і па гэтай прычыне абавязковае пратручванне ўсяго насення азімых збожжавых культур поўнасцю апраўдана як з эканамічнага, так і экалагічнага пункту гледжання.

Ва ўмовах, дзе назіраецца ўмеранае або эпіфітатыўнае развіццё снежнай цвілі, якая можа выклікаць гібель раслін, для пратручвання насення супраць яе найбольш эфектыўныя такія прэпараты, як “Барытон” (КС 1,25-1,5 л/т), “Кінта Дуа” (ТК 2,0-2,5 л/т), “Максім” (КС 2 л/т), “Цэлест топ” (КС 1,5-2 л/т),”Максім стар” (КС 1,5 л/т).

Таксама варта мець на ўвазе, што зніжэнню эфектыўнасці гэтага прыёму апрацоўкі насення спрыяюць няякаснае пратручванне насення альбо заніжаная норма расходу прэпарата. А выкарыстанне для абеззаражвання насення розных камбінацый пратручвальнікаў, якія яшчэ не зусім вывучаны, можа прывесці да з’яўлення ўстойлівых форм узбуджальнікаў.

Непакоіць тое, што па стану на 13 жніўня гаспадаркі раёна толькі на 16 працэнтаў ад патрэбнага забяспечаны пратручвальнікамі. У тым ліку: “Стралічава” – 70%, “Судкова” – 17%, “Веляцін” – 11%, “Велікаборскі” – 2%. У астатніх сельгаспрадпрыемствах раёна пратручвальнікі адсутнічаюць наогул.

Не аптымістычна выглядае і сітуацыя з забяспечанасцю гаспадарак раёна гербіцыдамі для апрацоўкі пасеваў азімага рапсу – усяго толькі 3% ад патрэбнага па раёну. Іх маюць толькі ААТ “Хойніцкі Аграсеріс” (17% ад неабходнага), агракамбінат “Віць” (13,1%) і КСУП “Велікаборскі” (10%).

Астатнім сельгаспрадпрыемствам неабходна адшукаць усе рэзервы для таго, каб не ўпусціць час і ўступіць у азімую сяўбу з якасна пратручаным насеннем, а таксама мець неабходны запас прэпаратаў для апрацоўкі пасеваў.



А. ЧЭКАН, начальнік раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціну і ахове раслін. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *