Распачалі!

Сельское хозяйство

IMG_1851Усё ж нездарма пра жніво існуе мноства песень і вершаў – гэта надзвычай прыгожая пара, якая напаўняе душу невымоўным пачуццём і натхненнем. І нават калі ты далёкі ад сельскай гаспадаркі чалавек, нельга застацца раўнадушным, гледзячы на тое, як у небе паволі плывуць воблачкі, ветрык ласкава калыша налітыя сонцам каласы, а на родным полі стаіць з затоенай радасцю аграном. Тут – у кожным каласку, яго старанні, перажыванні і надзеі.
IMG_1839Дарэчы, ведаеце, заўважыла такую тэндэнцыю, якая стала ўжо добрай прыкметай: калі на пачатку ўборачнай першым на палетку ўбачыць галоўнага агранома КСУП «Судкова» С.В. Мастабая, то ўраджай будзе добры. Варта спадзявацца, што яна «спрацуе» і на гэты раз, бо менавіта ён сустрэўся нам першым на «жніўным» шляху. Судкаўчане ўбіралі рапс, якого сёлета ў гаспадарцы 300 гектараў. Пытаюся ў Сяргея Віктаравіча, як справы, на што ён з гумарам адказвае: «Год высакосны, значыць могуць быць сюрпрызы» і тут жа дадае: «Але ж ніхто не кажа, што яны абавязкова павінны быць дрэннымі. Рапс не асабліва радуе, але 25 цэнтнераў з гэктара ўзяць плануем».
Камбайны малацілі, грузавікі адвозілі здабытыя каштоўныя тоны, а ўслед за імі ішла тэхніка, якая «афармляла» ў рулоны салому. Вось так спраўна працуе ўборачны канвеер!
IMG_1880У адным з камбайнаў ужо здалёк убачыла «зорку» палёў, калі так можна выразіцца, перадавіка многіх папярэдніх уборачных кампаній Леаніда Краўчанку. А вось хто побач з ім – не пазнала, бо напарнік змяніўся. Спыняем «зубастую махіну» і знаёмімся з памочнікам. Гэта Яўгеній Судзенка. Жыве малады чалавек у Казялужжы, працуе ў КСУП «Судкова». На жніве ўжо быў задзейнічаны, але раней, гадоў пяць таму. А сёлета, калі месца камбайнера вызвалілася, з задавальненнем згадзіўся паўдзельнічаць ва ўборцы ўраджаю. Робім здымкі і жадаем поспехаў першапраходцам на судкоўскіх палях, далей накіроўваемся ў КСУП «Веляцін».
IMG_1983Жняяркі камбайнаў акуратна падразаюць сцябліны. Абмалочаны скарб на некаторы час знікае недзе ў жалезных механізмах, а потым у кузавы аўтамабіляў цячэ рапсавы ручай. Карціна сапраўды заварожваючая, хаця калі стаяць вельмі блізка да тэхнікі, то можна «пачарнець», як той самы рапс. Нават доўгакрылыя гаспадары палеткаў – буслы, гуляючы па полю, з беласнежных ператварыліся ў шэрых. Але ад гэтага не сталі менш прыгожымі і вытанчанымі.
IMG_1903Да слова, у «Веляцін» мы прыехалі невыпадкова – хацелася паглядзець на новы камбайн у рабоце. КЗС-1218 «Палессе» GS12″ сёлета папоўніў камбайнавы парк гаспадаркі. Пётр Ярац нават крыху пакатаў мяне на ім. Цікаўлюся ў механізатара: як яму «навічок»? «Тэхніку добрую зараз робяць. Тут шырыня захопу жняяркі – 7 метраў, а прапускная здольнасць – 12 кілаграмаў хлебнай масы ў секунду. Ды і кабіна зручная, кандыцыянер ёсць», – адказвае мужчына. Дарэчы, вы маглі бачыць гэты камбайн на парадзе ў Хойніках 3 ліпеня.
А вось камбайны КСУП «Аравічы» напэўна б і да гэтага шэсця не даехалі, не кажучы ўжо пра ўборку. Бо большасць стаіць яшчэ разабраная. Становішча ў гаспадарцы не простае – шукаюць усе магчымасці, каб набыць запчасткі, але жніво ж ніхто не адменіць і тэхніка спраўнай у любым выпадку павінна будзе выйсці ў поле. Таму трэба паспяшацца. Тым больш, што услед за рапсам у некаторых гаспадарках пачалася ўборка збожжавых.
IMG_1977Па стану на 8 ліпеня ў раёне ўбрана 661 гектар рапсу з 1025 запланаваных. Сярэдняя ўраджайнасць па раёну 19,4 цэнтнера з гектара. Найбольшая ўраджайнасць 23,8 ц/га ў КСУП імя Мележа.

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *