Старшыня Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта А.С. Якабсон: “Мы на правільным шляху паступальнага руху наперад і ніякія ўзрушанні не прымусяць нас збочыць з яго!”


16 жніўня ў Гомельскім абласным выканаўчым камітэце прайшла прэс-канферэнцыя старшыні Гомельскага аблвыканкома Аляксандра Серафімавіча  Якабсона прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі вобласці, акрэдытаваным журналістам рэспубліканскіх выданняў і прадстаўнікам электронных СМІ Рэспублікі Беларусь.






АБ  НАДВОР’І  І  ЯГО  НАСТУПСТВАХ У  СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЙ  ГАЛІНЕ

– Яшчэ ў маі-чэрвені мы не без падстаў разлічвалі на валавы збор збожжа па вобласці ў межах 1,2-1,4 мільёна тон. Аднак усе планы парушыла ліпеньска-жнівеньская спякота, з-за якой Гомельшчына недабрала мінімум 300-400 тысяч тон, прыкладна трэць ад запланаванага. Рэальны валавы збор ураджаю збожжавых гэтага года не перавысіў 800 тон. Недабор датычыць не толькі каласавых культур, але закране і ўраджай кукурузы.

Тым не менш, вобласць выканала дзяржзаказ, забяспечыла сябе насеннем пад будучы ўраджай і фуражным збожжам для патрэб жывёлагадоўлі. Акрамя таго, у нас яшчэ засталіся немалыя запасы збожжа з 2009 года.

Галоўная задача на сёння ў сельскай гаспадарцы вобласці – забяспечыць колькасна і якасна кармамі ўсё грамадскае пагалоўе. І ў сувязі з тым, што сітуацыю са збожжам мы лічым цярпімай, сёння шэрагу раёнаў вобласці дазволена ўбіраць на сілас кукурузу, якая першапачаткова вырошчвалася на збожжа. Гэты крок дазволіць умацаваць кармавую базу грамадскага статка на зімова-стойлавы перыяд утрымання жывёлы. Хаця цяпер па нарыхтоўцы кармоў вобласць працуе з перавышэннем паказчыкаў нядрэннага ў гэтых адносінах мінулага года.






АБ  УРОКАХ  І  ВЫВАДАХ  СЕЗОНА  СПЯКОТЫ

– Сёння агульнапрызнаным стаў той факт, што межы кліматычных паясоў, прынамсі на еўрапейскай тэрыторыі СНД, зрушыліся на 100 кіламетраў у напрамку на поўнач. І зараз Гомель знаходзіцца прыблізна на шыраце Кіева. З улікам гэтага фактара трэба і планаваць на будучае работу ў сельскай гаспадарцы.

Напрыклад, сярод каласавых культур найбольшую аддачу сёлета прынёс азімы ячмень. Тыя гаспадаркі, якія пачалі ўбіраць яго яшчэ да сезона спякоты, атрымалі па 35-45 цэнтнераў з гектара. Аднак насення азімага ячменю на ўсіх не хапіла, значыць яго павінна быць нарыхтавана ўдосталь на будучы год. На гэта, дарэчы, звярнуў увагу і Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка ў час рабочай паездкі па Мінскай вобласці.

Акрамя таго, вучоным і практыкам-насенняводам трэба папрацаваць і над праблемай вывядзення гарачаўстойлівых сартоў кукурузы.

З задачамі ў галіне раслінаводства цесна ўвязваюцца і задачы ў жывёлагадоўлі. Лета гэтага года пераканала нас у тым, што жывёла павінна ўтрымлівацца на круглагадовым стойлавым утрыманні – такая задача пастаўлена на будучы 2011 год. Ніхто не можа выключыць таго, што будучае лета будзе не менш спякотным, чым сёлетняе. На жаль, ад падгарэўшай ад спёкі пашы мы атрымалі зусім не той эфект, які чакалі. Ды і жывёла на ёй больш шукала вады і паратунку ад спёкі, чым пасвілася. Таму на будучае ставіцца задача засяваць пашы кармавымі культурамі: люцэрнай, пайзай, шматгадовымі травамі, кукурузай. Асаблівую ўвагу пры гэтым неабходна ўдзяліць сланечніку – ён мае вялікі як кармавы, так і перапрацоўчы патэнцыял.

Яшчэ адзін важны напрамак работы ў раслінаводстве – укараненне арашэння сельгасугоддзяў. Ужо да вясны на Гомельскім радыёзаводзе будуць выпушчаны эксперыментальныя ўзоры палівальных установак, вырабленых па амерыканскай тэхналогіі, але пры гэтым больш даступных па цане і адаптаваных да нашых умоў. Адна такая ўстаноўка з адной кропкі здольна шчодра ўвільгатніць плошчу ў 300 гектараў! Мяркую, што ў будучым годзе такія агрэгаты зоймуць дастойнае месца на палях вобласці.

Завяршаючы размову аб анамаліях надвор’я, іх наступствах і ўроках адзначу, што мы на правільным шляху развіцця нашага народнагаспадарчага комплексу і ніякія ўзрушанні не прымусяць нас збочыць з яго.







АБ  ПАЖАРАНЕБЯСПЕЧНАЙ  СІТУАЦЫІ НА  ТЭРЫТОРЫІ  ВОБЛАСЦІ

– Самае галоўнае сёння ў гэтым пытанні – не ўпусціць кантролю над сітуацыяй. Пагэтаму ў вобласці зараз дзейнічае самы высокі – 5-ты ўзровень пажарнай небяспекі. Над усёй тэрыторыяй вобласці пастаянна баражыруюць 2 супрацьпажарныя самалёты, якія імгненна выяўляюць і лакалізуюць ачагі ўзгаранняў у лясах і на тарфяніках. Пастаянны супрацьпажарны кантроль вядзецца і супрацоўнікамі МНС на месцах. Мы пайшлі нават на абсалютную забарону наведвання лясоў і тарфянікаў з любымі мэтамі, адклалі адкрыццё сезона палявання. І гэтыя абмежаванні, якія, дарэчы, далі свой станоўчы эфект, будуць дзейнічаць да пачатку восеньскіх дажджоў.






АБ  ДНІ  БЕЛАРУСКАГА  ПІСЬМЕНСТВА

– Хойніцкая зямля мае глыбокія карані беларускай і сусветнай культуры. Таму нездарма менавіта Хойнікшчыне даверана 5 верасня 2010 года правесці гэтае вялікае і маштабнае для нашай краіны свята. Зроблена вялікая падрыхтоўчая работа, і я перакананы ў тым, што людзі, якім раней давялося пабываць у Хойніках, 5 верасня не пазнаюць гэты горад, які стане прыгожым, акуратным, прыстасаваным для жыцця, тыповым невялікім сярэднееўрапейскім гарадком. Прыязджайце – пераканаецеся ў гэтым самі і не пашкадуеце!






АБ  ВЫНІКАХ  МАНІТОРЫНГУ РАБОТЫ  ОРГАНАЎ  УЛАДЫ

– Праверкі, праведзеныя ў Гомельскім аблвыканкоме прадстаўнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, паказалі, што асноўнымі праблемамі людзей з’яўляюцца жыллёва-камунальная гаспадарка, дарогі, а таксама будаўніцтва жылля, яго тэмпы і якасць.

Канешне, як і паўсюдна, хапае ў нас яшчэ валакіты, безадказнасці і раўнадушша да чалавека з боку чыноўнікаў, абыякавасці, непрафесіяналізму і бракаробства ад выканаўцаў работ. Рашуча пазбаўляемся і будзем пазбаўляцца надалей ад такіх начальнікаў і “спецыялістаў”, якія толькі тармозяць паступальны рух грамадства. Вось і па выніках апошніх праверак вінаватыя атрымалі службовыя пакаранні аж да вызвалення ад займаемых пасад.

Тым не менш, ёсць і аб’ектыўныя фактары, якія не дазваляюць працаваць так, як хацелася б. Напрыклад, здадзены пад ключ шматпавярховы жылы дом па нарматывах праз 25 гадоў патрабуе капітальнага рамонту. Для таго каб прытрымлівацца гэтых нарматываў, штогод мы павінны атрымліваць не менш 600 мільярдаў рублёў. Рэальна ж вобласць мае толькі 125-130 мільярдаў, на якія нават пры самым вялікім жаданні ўсё жыллё, якое мае патрэбу ў рамонце, не адрамантуеш.






АБ  ДЗЯРЖАЎНАЙ  ПРАГРАМЕ АДРАДЖЭННЯ  І   РАЗВІЦЦЯ  ВЕСКІ

– Названая праграма застаецца прыярытэтам нашай дзейнасці, у адпаведнасці з яе палажэннямі мы будзем працаваць у бліжэйшыя гады. Адметнасць яе сучаснага этапа ў тым, што акцэнт у рабоце будзе скіраваны не на аграгарадкі (а іх на сённяшні дзень у Гомельскай вобласці 238), а на больш дробныя і аддаленыя населеныя пункты, якія таксама маюць права на хаця б мінімальную сацыяльную інфраструктуру.






АБ  ЗАМАЦАВАННІ   НА   ВЕСЦЫ МАЛАДЫХ   СПЕЦЫЯЛІСТАЎ

– Давайце шчыра прызнаемся сабе ў тым, што сёння ў гэтым пытанні мясцовыя ўлады робяць не ўсё для таго, каб малады спецыяліст  і пасля тэрміну абавязковай адпрацоўкі застаўся працаваць у вёсцы. Звычайна кіраўнікі прадпрыемстваў і гаспадарак абмяжоўваюцца адным толькі выдзяленнем юнаку або дзяўчыне кватэры. Прычым, часцяком далёка не лепшай якасці.

Між тым, мы жывём у ХХІ стагоддзі, і сёння моладзі патрэбны Інтэрнет, камп’ютэр, належныя ўмовы адпачынку, якія не павінны абмяжоўвацца толькі кіно і танцамі ў сельскіх ДК. Так што ў аграгарадках гэтае пытанне павінна вырашацца ў комплексе, пры цесным кантакце і ўзаемадзеянні паміж кіраўнікамі гаспадарак, старшынямі сельсаветаў, работнікамі культасветустаноў і сервіснымі службамі.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *