Па сцежцы, праз неглыбокі, але шырокі роў, які зарос вербалозам і разнатраўем, Рыгор Кандратавіч ішоў ад гандлёвага цэнтра на дальнюю вуліцу старой вёскі. Там, на месцы знесенай некалі сялянскай хаты, саўгас пабудаваў двухкватэрны дом, палавіну якога, як перадавому механізатару, выдзелілі Рыгору Прыходзьку. Яму падабалася такое жыллё. Няхай зімой і цяжкавата – печ паліць трэба, затое вясной і летам раздолле: і палісаднік з кветкамі, кустамі бэзу і руж каля веранды, сад і агарод побач, хлеў з дамашняй жыўнасцю.
Рыгор Кандратавіч выйшаў на ўзгорак, дзе ў засені трох бярозак знаходзілася альтанка. Прысеў. Калі чалавеку за 80, без такіх прыпынкаў у хадзе не абысціся.
Справа ад палявой дарогі, якая пралегла ў кіламетры ад вуліцы, віднелася плаціна.
– Добры вадаём атрымаўся, – адзначыў пра сябе. – І рыба ёсць: карасі, шчупакі, плоткі і іншая дробязь.
Падзеі больш як трыццацігадовай даўнасці завалодалі думкамі. Маленькая рачулка за вёскай працякала. Жывілі яе крынічкі, што бруіліся недзе ў аддаленым раёне. Месцамі была раўчуком, які пераскочыць можна, а месцамі разлівалася вірамі, у якіх купаліся дзеці. У падлеткавым узросце і Рыгор разам з сябрамі, узброіўшыся рыдлёўкамі, наколькі маглі будавалі невялікую плаціну, каб вада хоць на паўметра паднялася, тады вір быў глыбей і шырэй.
Калі стаў механізатарам і ў аддзяленні саўгаса з’явіліся бульдозер і экскаватар, у яго ўзнікла думка спіхнуць частку высокага абрывістага берага, які падмываўся кожнай вясной, у вузенькае рэчышча, перагарадзіўшы яго такім чынам плацінай. Вада б тады, падняўшы свой узровень, у вірлівым месцы метра на паўтара, пайшла па старому рэчышчу (старыцы).
Параіўся з таварышам-бульдазерыстам. Таму ідэя спадабалася. Так і зрабілі. А праз некалькі дзён не пазнаў сваю рачулку. Разлілася. Толькі вось плаціна нізкая, вада пагражала пайсці праз верх і размыць яе.
Пайшоў у суседнюю вёску да экскаватаршчыка. Ен не адмовіўся, падкінуў каўшом грунту, разраўняў, і плаціна стала надзейнай.
Ранняй халоднай вясной адзін з механізатараў паведаміў Рыгору: далі нарад – падцягнуць помпавую станцыю да плаціны. Хочуць там прывазныя кармавыя буракі мыць.
– Уяўляеш, што будзе? – захваляваўся Рыгор. – Усё з гразёю змяшаюць. Нешта ж рабіць трэба…
Пайшоў да старшыні сельсавета Глухава: хто, як не савецкая ўлада, павінен сачыць за выкананнем рашэння абласнога Савета аб барацьбе з забруджваннем малых рэк. Глухаў абурыўся і адразу ж пайшоў на рэчку.
Гусенічны трактар прыцягнуў помпавую ўстаноўку, якая была зманціравана на трактарных санях. Буракоў яшчэ не прывезлі. Неўзабаве пад’ехалі самазвалы. З кабіны першага вылез заатэхнік саўгаса Шумскі і паказаў шафёру месца выгрузкі. Глухаў да яго: пачакайце, што вы робіце, гэта ж адзінае месца для купання і адпачынку…
– Нам жывёлу карміць трэба, а не купацца, – буркнуў заатэхнік.
– Няўжо другога месца знайсці нельга? – не ўступаў Глухаў.
– Уяві сабе, што не знайшлі, – раздражнёна закрычаў Шумскі. – Выгружай! – махнуў ён рукой шафёру.
– А я гавару: не разгружай! – перайшоў на крык і старшыня сельсавета.
– Каго ж слухаць? – здзівіўся шафёр. – Я тут стаяць буду? Яшчэ тры рэйсы зрабіць трэба…
Развярнуў машыну задам да віру, выгрузіў з кузава буракі. За ім паследаваў другі шафёр. Ім, безумоўна, больш выгадна было паслухаць заатэхніка, ён пуцявыя лісты будзе падпісваць.
А Рыгору крыўдна стала за бяссілле прадстаўніка мясцовай улады. Пайшоў Глухаў, пазней паехаў і Шумскі. На беразе засталася куча буракоў, якая павольна распаўзалася чорнай гразёю па маладой траве з яркімі, сонечнымі кветкамі дзьмухаўцоў.
Застаўся і Рыгор з групай мужчын, якім належала выконваць нарад. Думка напружана шукала выйсце.
– Трэба, – падумаў, – не даць запусціць матор станцыі. Але як? Стаяць і нікога не падпускаць? Не стануць жа сілком адцягваць…
Падыходзячы да матора, у кішэні камбінезона намацаў гаечны ключ 12х14 і абрадаваўся ўзнікшай думцы. Хутка адкруціў два балты мацавання, зняў увесь пучок дратоў са свеч, выцягнуў іх з магнета і, сунуўшы пад локаць, адышоў.
Мужыкі не пярэчылі. Яму нават здалося, што абрадаваліся, бо Рыгор узяў адказнасць за зрыў іх задання на сябе.
Тут на возе пад’ехаў упраўляючы аддзялення Бялоў.
– Чаго вы да гэтага часу буракі не мыеце?
– Не можам, – развялі мужчыны рукамі і паказалі на Рыгора.
¬– Ты што ж работу нам зрываеш? У міліцыю званіць? – накінуўся на Рыгора.
– Звані.., – як мага спакойней адказаў. – Магчыма, з ёй хутчэй разбярэмся, хто тут парушае рашэнне абласнога Савета аб ахове малых рэк.
Упраўляючы, мусіць, адразу адчуў яго рашучасць і сур’ёзнасць. Памаўчаў. Потым ужо спакойна запытаў:
– А дзе ж мыць? Каля сажалкі ў вёсцы? Таксама нельга.
– Калі ўжо нельга абысціся без забруджвання рэчкі, то хоць гэты вірок трэба чыстым пакінуць, а мыць буракі ніжэй плаціны. Паставіць помпавую на плаціну або так, каб заборны рукаў можна было апусціць у вір, а напорны накіраваць у другі бок, ніжэй плаціны. Там, на пахілым беразе, і мыць буракі. Уся брудная вада пацячэ па зарасніках асакі і кустоўя.
Упраўляючы моўчкі хадзіў, слухаў, думаў… і згадзіўся. Распарадзіўся зрабіць так, як прапанаваў Рыгор, які ўстанавіў на месца правады. Мужчыны завялі матор, самазвалы звалілі чарговую порцыю буракоў у новае месца – і пайшла работа.
…Праз некалькі год меліяратары капітальную плаціну адбудавалі, стварылі запас вады для паліву культурных выпасаў. Цяпер, праўда, яны не паліваюцца. Але ж месца для адпачынку выдатнае не толькі для дзяцей, а і дарослых. Ды і ў выпадку пажару водазабор для выратавальнікаў ёсць.
…Мала хто ў вёсцы зараз ведае пра ўчынак Рыгора Кандратавіча. Ды і хто б мог падумаць, што гэты ціхі і не надта гаваркі чалавек здольны настаяць на сваім.
Рыгор СІДАРОК.