Супадзенне сімвалічнае і прыемнае


Не ў звычайным адміністрацыйным будынку, а ў перабудаваным пад сапраўдны казачны церам сустракаюць сваё прафесійнае свята работнікі Хойніцкага цэха газавай гаспадаркі МВУ “Рэчыцаміжрайгаз”. Аб справах і здабытках працоўнага калектыву расказвае яго кіраўнік Васілій Рыгоравіч АКШЭСЯК.

– Асноўнымі задачамі нашага прадпрыемства з’яўляюцца задавальненне патрэб у звадкаваным і прыродным газе насельніцтва, а таксама аб’ектаў прамысловага і сацыяльнага прызначэння (у тым ліку і праз газазаправачную станцыю), тэхнічнае абслугоўванне і рамонт газавага абсталявання, нагляд за станам сістэм газазабеспячэння, лакалізацыя і ліквідацыя ўзнікаючых аварыйных сітуацый і многія іншыя, не менш складаныя тэхнічныя абавязкі. Аднак амаль з большасцю іх наш калектыў паспяхова спраўляецца.

Газавая гаспадарка ў раёне немалая. Толькі з пачатку бягучага года газіфіцыраваны прыродным газам 363 індывідуальныя жылыя дамы і кватэры, колькасць абанентаў звадкаванага газу дасягнула  3648, абанентаў прыроднага газу налічваецца 10407, агульная працягласць газавых сетак – 224,6 кіламетра.

На сённяшні дзень у нашым калектыве працуюць 47 чалавек: 6 спецыялістаў і 41 рабочы. Яго касцяк складаюць людзі вопытныя, адказныя і высокакваліфікаваныя. Такія як, напрыклад, майстар аварыйнай службы Вячаслаў Мікалаевіч Заяц, якога можна назваць не толькі высокаадукаваным і прафесійным спецыялістам, але і ў вышэйшай ступені адказным і прыстойным чалавекам. І ў тым, што аварыйная служба, у штат якой уваходзяць 15 чалавек, кругласутачна працуе бездакорна, ёсць вялікая яго заслуга.

Заўсёды магу давяраць прафесійным і чалавечым якасцям і іншых нашых рабочых і спецыялістаў – Зінаіды Міхайлаўны Цішкевіч, Марыі Васільеўны Лагвіненка, Валерыя Ільіча Бандарэнкі, Васілія Іванавіча Васіленкі, Уладзіміра Аляксандравіча Еўжанкі, Сяргея Віктаравіча Лопуха, Сяргея Міхайлавіча Зубка.

Дастойнай зменай сваім вопытным таварышам па рабоце падрастаюць нашы больш маладыя работнікі – Іван Іванавіч Бажко, Уладзімір Аляксандравіч Яраш, Аляксандр Васільевіч Карасцялёў, Аляксандр Адамавіч Кузьменка, Юрый Аляксандравіч Сенкевіч.

Дзякуючы зладжанай і высокапрафесійнай рабоце названых людзей і іх калег па працы, наш цэх газавай гаспадаркі і выконвае даведзеныя да працоўнага калектыву заданні. Не хацелася б стамляць чытачоў лічбамі, аднак не магу не ўспомніць некаторыя з галоўных паказчыкаў. Так, за 7 месяцаў года план па рэалізацыі прыроднага газу прамысловым абанентам выкананы на 113,8 працэнтаў, насельніцтву – на 102,2%.

Хаця ёсць, канешне, у нас і свае праблемы. Напрыклад, не апраўдваюць сябе пакуль што сродкі, укладзеныя ў будаўніцтва газазаправачнай станцыі – хацелася б большай колькасці яе кліентаў, як з боку насельніцтва, так і ад юрыдычных асоб. Есць праблемы па разліках за спажыты прыродны газ ад насельніцтва, за што іншы раз даводзіцца ісці на, як кажуць, непапулярныя меры – ажно да адключэння крыніц газу.

І ўсё ж не існуючыя цяжкасці вызначаюць сёння агульны настрой калектыву. Усе мы, як і іншыя жыхары раёна, жывём зараз чаканнем Дня беларускага пісьменства. І для ўсіх работнікаў нашага цэха сімвалічна, што агульнарэспубліканскае свята сёлета супадае з нашым прафесійным. Лічу, што наш калектыў дастойна падрыхтаваўся да гэтай двайной падзеі – дастаткова толькі пабачыць тое, як знешне змяніўся наш будынак, якім утульным і зручным стаў яго інтэр’ер. Унутраны рамонт мы праведзены спецыялістамі МВУ “Рэчыцаміжрайгаз”, а з вонкавым бездакорна справіліся спецыялісты будаўнічай фірмы “Каледж”.

 На заканчэнне ад сябе асабіста віншую ўсіх нашых работнікаў з гэтым двайным нядзельным святам і жадаю ім і іх сем’ям здароўя, міру, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні – усяго таго, што і складае сэнс слова “шчасце”.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.    


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *