З Благадатным Агнём у душы


У Дзень беларускага пісьменства ў наш горад прыбыла экспедыцыя “Дарога да святыняў”, якая прынесла Лампаду з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга. З вялікай радасцю сустракалі праваслаўныя хрысціяне ўдзельнікаў экспедыцыі. “Што для Вас значыць Лампада і вера ў Бога?” – гэтае пытанне наш карэспандэнт задаў жыхарам горада пасля таго, як быў закладзены Сад Малітвы каля помніка Смутку, адбыўся Хрэсны ход і адпраўлены святочны Малебен у Свята-Пакроўскай царкве.

Алена Станіславаўна Содаль, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме:
– Адно з праяўленняў вышэйшай Боскай сілы – з’яўленне Благадатнага Агню ў Вялікую суботу на Гробе Гасподнем, на месцы пахавання і ўваскрасення Госпада нашага Іісуса Хрыста.
Мне выпаў гонар сустракаць і суправаджаць членаў экспедыцыі “Дарога да святыняў”, прайсці ў Хрэсным ходзе і ўзяць дадому Благадатны Агонь.
Немагчыма было не далучыцца да таго духоўнага зараду, які панаваў і на цырымоніі закладкі Сада Малітвы каля помніка Смутку.
Шчыра верую ў Бога творцу і малю яго, каб аблегчыў шлях выхавання падрастаючага пакалення ўсім бацькам і педагогам у вялікай ісціне, праўдзе і любві Божай.

Соф’я Венядзіктаўна Пацалуева, пенсіянерка:
– Гэта ж такая падзея ў маім жыцці! Яна сагравае душу, усяляе надзею на тое, што на нашай шматпакутнай хойніцкай зямлі больш ніколі не будзе бяды ні ад чужынцаў, ні ад мірнага атама. Чытала, што ад сустрэчы з Лампадай зніжаецца ўзровень смяротнасці, павялічваецца колькасць пар, якія ўступаюць у шлюб, колькасць нованароджаных, паступаемасць у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.
І сапраўды, у гэты дзень быццам адступілі ўсе немачы, якія непазбежна прыходзяць рана ці позна з узростам. Бачыла, якую дабрыню выпраменьваюць вочы людзей у храме, якой надзеяю азораны твары. А я падумала: “Калі мая сціплая праца на жыццёвым шляху прынесла карысць душы хрысціянскай, то гэта вялікая радасць. І ды акажа  міласць нам сваю Гасподзь Бог і яго Прачыстая Маці, ды адгародзіць  сілай Лампады з Благадатным Агнём ад усялякага зла.

Міхаіл Шпак, навучэнец ДПТВ-183:
–  Восьмы год ужо на мяжы лета і восені напярэдадні Дня беларускага пісьменства Благадатны Агонь бярэцца з алтара галоўнага храма нашай Радзімы, каб асвяціць усё новыя дарогі і храмы Белай Русі, блаславіць нас на богаўгодныя ўчынкі і справы. І гэтае Божае блаславенне ўзгараецца ў сэрцах людзей веруючых любоўю да бліжняга, да роднай Беларусі.
Гасподзь спадобіў мяне на тое, каб сустрэць экспедыцыю “Дарога да святыняў”, адчуць атмасферу святла і радасці гэтай сустрэчы. Лампада духоўнасці з Благадатным Агнём творыць цуды, і я веру ў іх. Кожную нядзелю іду ў Пакроўскую царкву, шчыра малюся, каб мір і спакой быў на нашай зямлі, каб доўга-доўга жылі мае бацькі, сястрычка, брат і пляменнік. Вера ў Бога дапамагае мне ва ўсіх добрых справах і ўчынках.


Запісаў Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *