Шаноўны юбілей паважанага чалавека

Людзі і лёсы

Пяць скліканняў апар, будучы тэхнікам-асемянатарам, выбіраўся дэпутатам Паселіцкага сельскага Савета Арсенцій Дзмітрыевіч Камеш.

– Гэта нераўнадушны, ініцыятыўны чалавек, – гаворыць старшыня Паселіцкага сельвыканкама Л.М. Зелянкоўская. – Мае сапраўдны дар  на грамадскую работу, таму невыпадкова яго выбралі ўпаўнаважаным вёскі Карчовае, дзе жыве, і пасёлка Акцябр. Нягледзячы на паважаны ўзрост (А.Д. Камешу 20 верасня сёлета спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння), яму давяраюць жыхары, прыходзяць да яго са сваімі праблемамі і надзеяй на дапамогу ў іх вырашэнні. За многа гадоў працы ў якасці дэпутата і ўпаўнаважанага вёсак не адну падзяку пачуў ад людзей.

Людміла Мікалаеўна параіла сустрэцца з А.Д. Камешам, заўважыўшы, што ён на дзіва цікавы субяседнік. Хутка гэтая нагода падаспела, і мы размаўляем у яго гасцінным доме.

– Два жыццёвыя моманты вызначылі мой лёс: самае вялікае гора і самая вялікая радасць, – не сказаў, а хутчэй выдыхнуў дзесьці з глыбіні душы гэтыя словы Арсенцій Дзмітрыевіч.

І адразу заінтрыгаваў, з ходу перакрэсліўшы ўсе пытанні-нарыхтоўкі.

Самае вялікае гора здарылася ў яго ў 1965 годзе, калі ў маладым узросце з-за цяжкай хваробы памёрла жонка, пакінуўшы на руках трох дачушак ад чатырох да сямі гадоў.

– Ну, а радасць, якая была самай памятнай? – робіцца спроба “адцягнуць” субяседніка ад яго балючай тэмы.

– Гэта тады, калі атрымаў дыплом аб заканчэнні Рэчыцкага зоаветтэхнікума, – ажыўляецца Арсенцій Дзмітрыевіч. – Выйшаў у бліжэйшы скверык і па-хлапечаму заплакаў – такі этап пераадолець.

На той час А.Д. Камеш звязаў свой лёс з другой жонкай, якую, як і першую, завуць Кацярына. Нарадзілі яшчэ дзвюх дачок. Дачакаліся ўжо і двух праўнукаў. Зараз у дом пенсіянераў  Камешаў часцей, чым нехта іншы, наязджаюць дзеці, што стаяць на нагах даволі моцна, ва ўсім дапамагаюць бацькам, якія па-ранейшаму апрацоўваюць прысядзібны ўчастак і трымаюць дамашнюю жыўнасць. У час нашага прыезду тут з мужам гасцявала дачка Таццяна, жывуць яны ў Расіі, у горадзе Самара. Свой 55-гадовы юбілей, які прыходзіцца на 10 верасня, дачка вырашыла адсвяткаваць на  малой радзіме.

А наша размова зноў скіроўваецца да абавязкаў А.Д. Камеша, як упаўнаважанага. З якімі пытаннямі давялося яму сутыкацца ў паўсядзённай рабоце? Наколькі гэта адказна – быць звязуючым звяном паміж насельніцтвам і мясцовай уладай? Бо не сакрэт, што ў пераважнай большасці вырашэнне той або іншай праблемы патрабуе ўдзелу многіх структур.

– Для таго каб правесці тэлефанізацыю вёскі Карчовае, хадзіў на прыём да былога  міністра сувязі Рэспублікі Беларусь У.І. Ганчарэнкі, які ён праводзіў у райвыканкаме, – расказвае А.Д. Камеш. – Папярэдне, канешне, звяртаўся па гэтаму пытанню ў раённы вузел электрасувязі. З 2001 года праблема не існуе: тэлефанізаваны не толькі аб’екты вытворчасці і сацкультбыту, усе жадаючыя маюць дамашні тэлефон. Людзі звяртаюцца да мяне з самымі рознымі пытаннямі: водазабеспячэнне, добраўпарадкаванне, аўтобусныя зносіны. Многае ўдаецца вырашыць пры ўзаемадзеянні з сельсаветам, райвыканкамам, кіраўніцтвам ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”. Мінулая зіма была вельмі суровай, са снежнымі заносамі, таму часта да мяне звярталіся адзінокія пажылыя жанчыны з просьбай прачысціць дарогу да іх дому. Звяртаўся да начальніка ДЭУ-155 П.П. Фурса, адмовы ад яго не чуў, работа была выканана хутка. Але ёсць пытанні, якія цяжка зрушыць з месца, напрыклад, патрабуецца працяглы час або немалыя фінансавыя сродкі.

Арсенцій Дзмітрыевіч лічыць, што работа ўпаўнаважанага  – клопатная і адказная. Патрэбна быць стрыманым, настойлівым, цярплівым, знаходзіць агульную мову з чалавекам, улічваючы яго ўзрост, характар, звычкі. Як сапраўдны патрыёт  роднага краю, ён вельмі любіць расказваць аб сваіх населеных пунктах Карчовае і Акцябр, іх працавітых людзях.

– Есць у нас малочнатаварная ферма, каля 900 гектараў ворнай зямлі і 200 гектараў сенакосаў, – зазначае А.Д. Камеш. – У асноўным вяскоўцы заняты ў жывёлагадоўлі. І нават выйшаўшы на заслужаны адпачынак, многія па меры сіл і магчымасцей дапамагаюць “Хойніцкаму Аграсервісу”, шчыруюць у паляводчай брыгадзе. Ды кожнага, вазьміце, хто пражыў тут, на калгаснай зямлі, усё жыццё, аддаў ёй сілы і здароўе – заслужаны, бо заслужыў аўтарытэт сялянскай працай.

У курсе А.Д. Камеш, як арганізавана гандлёвае, культурнае, медыцынскае абслугоўванне жыхароў, адзначыў, што вельмі выручае іх у апрацоўцы прысядзібных участкаў сельгаспрадпрыемства.
– А як наконт таго, што співаецца вёска?

– Гэта не пра нашы, – весела адкінуў гэтыя словы ўпаўнаважаны. І дадаў: – Не без таго, канешне. Есць грошы і гарэлачка, здараецца і вып’ем, а няма – дык і няма.

У час нашай размовы зазвінеў тэлефон у доме А.Д. Камеша. Аднавяскоўка прасіла ўпаўнаважанага пагаварыць з мужам, каб той працаўладкаваўся, і пры магчымасці дапамагчы ў гэтай справе.

Па дарозе ў Хойнікі падумалася: хоць і ціхае, мернае жыццё ў Карчовым і Акцябры, але тут ёсць вясковая ўлада – у асобе ўпаўнаважанага Арсенція Дзмітрыевіча Камеша, якому давяраюць і ў якога вераць людзі. І якія, канешне ж, павіншуюць яго з такім шаноўным юбілеем, пажадаюць здароўя і даўгалецця.


Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *