На небяспечнай мяжы


Кажуць, шлюбы заключаюцца на нябёсах. У наш час не рэдкасць і задужа прыземленыя. Хаця як меркаваць: сустрэнуцца два адзіноцтвы, сужыцельствуюць, і адносіны выдатныя, і дзетак глядзяць. А часцей жа не так. Ад сям’і толькі назва адна. Праблема для грамадства, дзеці пакутуюць, не дагледжаныя.

У жыхаркі горада Хойнікі Марыны Касьян іх трое. У 2003 годзе нарадзіла дачку, у 2005 і 2007-м –  сыноў. Вельмі рана стала Марына маці, цяпер ёй 21 год. Як гаворыцца, гуляць бы яшчэ ды гуляць. А мацярынства – справа адказная, хіба можна даверыць дзіця чалавеку, у якога “вецер у галаве”. Інакш не скажаш, мяркуючы па паводзінах Касьян. У жыллі беспарадак. Есць невялікі агарод, на якім можна мець сваю цыбулю, агуркі, буракі, моркву, каб не купляць ды не паглядаць, хто дасць. Зарос той кавалак зямлі пустазеллем. Не прывучана была з дзяцінства Марына да працы. Затое прывучана да застолляў. Варта толькі атрымаць “дзіцячыя”, некалькі дзён гудзе вясёлая кампанія. Сяброўкі – аднаго з ёй поля ягады, адна з іх пазбаўлена бацькоўскіх правоў.

Не раз здаралася, што пакідала дзяцей Касьян адных, а сама накіроўвалася на гулянкі.

Выклікалі на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, зрабілі апошняе папярэджанне. Не возьмецца за розум – будзе пазбаўлена бацькоўскіх правоў, як і сястра яе Святлана.

На дзіцячую дапамогу жывуць муж і жонка Рыгор Леанідавіч і Таццяна Іванаўна Музычэнкі з вёскі Малішаў. Сям’я іх таксама лічыцца сацыяльна небяспечнай. Трое дзяцей: 2005, 2006 і 2008 гадоў нараджэння. Чакаюць чацвёртае. Таццяна знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, але гэта не значыць гульма гуляць лета, не навесці належны парадак у доме і на падворку.

Рыгор на пытанне, чаму нідзе не працуе, спасылаецца на тое, што даглядае састарэлую маці. Аднак жа такі догляд нідзе не аформлены.

Ніяк не сабяруць Музычэнкі неабходныя дакументы для таго, каб уладкаваць дзяцей  у дзіцячы сад. Ніхто ім не ставіў бюракратычныя заслоны, проста, як і да ўсяго, абыякавыя, лянота  даймае.
На вялікі жаль, гэта не адзінкавыя прыклады, калі людзі падышлі да той небяспечнай мяжы, калі трэба адумацца або ўпасці канчаткова.


А. СОДАЛЬ, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *