Галоўны клопат – аб людзях

Сельское хозяйство

Усе працаўнікі нашай гаспадаркі з’яўляюцца членамі прафсаюза. Работа прафкома, у састаў якога ўвайшлі 9 самых актыўных у грамадскім жыцці,  арганізавана згодна з распрацаваным і зацверджаным планам. Асноўны нарматыўны дакумент у ёй – Калектыўны дагавор, перад прыняццем якога правялі апытанне і ўлічылі прапановы і пажаданні людзей наконт абароны іх правоў, арганізацыі працоўнага спаборніцтва і інш.

Пад пільнай увагай – забеспячэнне бяспечных умоў працы. З гэтай мэтай праводзяцца заняткі з жывёлаводамі, паляводамі, механізатарамі. Запрашаем да гутарак, лекцый супрацоўнікаў аддзялення ДАІ аддзела ўнутраных спраў райвыканкама. Аднак навучанне бяспечным прыёмам работы ў асноўным праводзяць спецыялісты сельгаспрадпрыемства. Для гэтага абсталяваны спецыяльны клас, дзе ёсць усё неабходнае для  засваення матэрыялу: наглядная агітацыя, узоры спецадзення і супрацьпажарнага інвентару, неабходныя дакументы (правілы па ахове працы, інструкцыі, памяткі, загады і г.д.). Навучаны – значыць абаронены. І як вынік гэтага, у нас зжыты выпадкі вытворчага траўматызму, не гаворачы ўжо аб няшчасных выпадках са смяротным зыходам.

Дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў магчыма пры  захаванні высокай  дысцыпліны і парадку на вытворчасці. Прыклад у гэтым  паказваюць нашы перадавікі – механізатары Юліян Вячаслававіч Харкевіч і Мікалай Аляксандравіч Камісараў, аператар машыннага даення  з малочнатаварнай фермы вёскі Тунеўшчына Святлана Іванаўна Русу, імёны якіх занесены на Дошку гонару гаспадаркі. І, безумоўна ж, свой плён прыносіць тая работа, што праводзіцца членамі прафсаюзнага камітэта ў вытворчых падраздзяленнях.

Усе рабочыя азнаёмлены з Дырэктывай № 1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пад роспіс. Створана інфармацыйна-ідэалагічная група, у якую ўваходзяць спецыялісты гаспадаркі, прадстаўнікі ад Алексіцкага сельвыканкама, мясцовай школы, сельскага Дома культуры. Вынікова працуе камісія па зваротах грамадзян па прынцыпу “адно акно”. Узначальвае яе сакратар прыёмнай дырэктара гаспадаркі Наталля Аляксандраўна Кавальчук, якая ў любы час працоўнага дня знаходзіцца на месцы і можа прыняць чалавека, які звернецца са сваімі просьбамі, праблемамі.

 Не ў баку застаюцца члены прафсаюзнага камітэта ад той работы, што праводзіцца з так званымі  абавязанымі асобамі. Наведваюць на даму сацыяльна неспрыяльныя сем’і. І, трэба сказаць, што абавязаныя (такіх у нас тры чалавекі) не адчуваюць сябе вальготна.

Пад увагай прафкома моладзь. Многае робіцца для замацавання яе ў вёсцы. Маладыя спецыялісты ў першую чаргу забяспечваюцца жыллём. Не так даўно атрымалі ключы ад кватэр ветурач, ветфельчары браты-блізняты Аляксандр і Яўгеній Жоўнеры, якія пасля заканчэння Рэчыцкага каледжа прыбылі да месца размеркавання. У будучым прадугледжана выдзяленне службовага жылля загадчыку рамонтных майстэрняў. Пакуль ён кватэруе, а плоціць за кватэру гаспадарка.

У вольны ад працы час маладым людзям ёсць дзе адпачыць. Пастаянна праводзяцца дыскатэкі ў мясцовым Доме культуры, былі арганізаваны прагляды мастацкіх кінафільмаў у працоўных калектывах. Асаблівая ўвага – прапагандзе здаровага ладу жыцця, развіццю фізкультуры і спорту. У 2005 годзе сфарміравана футбольная каманда. Узрост ігракоў ад 14 да 32 год. Тут і школьнікі, і настаўнікі, і працаўнікі сельскагаспадарчай вытворчасці.
Адміністрацыя і прафком значную ўвагу ўдзяляюць правядзенню мерапрыемстваў у дні дзяржаўных свят. На Новы год, 8 Сакавіка за кошт прафсаюзнай арганізацыі людзі атрымліваюць падарункі. Выдзяляем грашовыя сродкі для правядзення зажынак, дажынак, у Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Арганізавана гарачае харчаванне людзей, занятых нарыхтоўкай кармоў, уборкай збожжавых і зернебабовых культур.

Кола пытанняў, якія даводзіцца вырашаць прафсаюзнаму камітэту, даволі шырокае. Да ўсяго маем дачыненне, бо галоўнае – клопат аб людзях, абарона іх законных правоў і інтарэсаў.



А. КАРНІЦКІ, старшыня прафсаюзнага камітэта КСУП імя Мележа.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *