Школа даўжынёй у 55 гадоў

Асобы Хойнікшчыны

773204-2Шчыра пераканана, што ў кожным чалавеку закладзены нейкі талент, прычым талент паўнавартасны, маштабны. Галоўнае – яго знайсці, набыць, і тады можна сябе рэалізаваць у поўнай меры. Застаецца толькі пытанне працаздольнасці, чаго не займаць Ганне Іванаўне Дабрынеўскай. Наша зямлячка – заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, жыве ў Мінску, працуе ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі метадыстам вышэйшай катэгорыі Цэнтра прафесіянальнага развіцця і інавацыйнай адукацыі ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы. З’яўляецца стваральніцай першай у рэспубліцы педагагічнай гімнізіі г. Мінска, якую доўгі час і ўзначальвала. Член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі навук педагагічнай адукацыі. Агульны педагагічны стаж – 55 гадоў. Узнагароджана медалямі «За асваенне цалінных зямель», імя Крупскай, «Ветэран працы».

Усе мы родам з дзяцінства. Ганна Іванаўна Дабрынеўская поўнасцю раздзяляе гэта сцвярджэнне, бо ўсе найбольш моцныя ўражанні, пад уздзеяннем якіх склаліся яе адносіны да свету, з таго часу. Нарадзілася яна 7 лютага 1939 года на станцыі Хойнікі, і яе першыя крокі ў жыцці звязаны з вайной.
– Памятаю, – гаворыць Ганна Іванаўна, – у нашай хаце было цёмна-цёмна, бо ўсе вокны былі завешаны нечым шчыльным. Мама не дазваляла адкрываць іх або запальваць лямпу. Аднойчы ў гэтай цемры нейкі мужчына падхапіў мяне моцнымі рукамі і высока падкінуў уверх, злавіў, моцна да сябе прытуліў і рэзка адпусціў. Гэта мог быць мой бацька або нехта з маміных братоў. Яны ўсе адыходзілі на фронт праз нашу станцыю.
Яшчэ ўзгадваецца, як мама Браніслава Антонаўна Данчанка давала дачцэ нейкія пакуначкі, перавязвала іх пад ляльку, прасіла перанесці праз шашу і пакласці пад кусцік. Як потым маці расказвала, гэтыя пакуначкі забірала яўрэйка, якая разам з іншымі людзьмі хавалася ад немцаў у лесе.
А дзяўчынка з малодшым братам ад немцаў хаваліся дома пад ложкам. Ганна Іванаўна не ведае цяпер, што тыя рабілі ў хаце, але ад іх гучнага смеху дзецям было страшна. Дзе была мама тады, таксама не памятаецца. У нейкі момант немцы ўспомнілі пра дзяцей, выцягнулі іх з-пад ложка. Затым паставілі дзяўчо да дзвярэй, сталі прыцэльвацца і страляць паверх яе галавы. Такая была ў іх забава. Брат моцна плакаў, а яго сястрычка не разумела, што адбываецца, таму, напэўна, і спужацца не паспела.
Наступныя яркія ўспаміны ваенных часоў – бамбёжка станцыі. Нічога вакол не бачна – толькі зямля і пыл, якія закрываюць неба. Маці з братам таксама няма побач. Ад гэтай цемені ды яшчэ ад рову матораў самалётаў і выбухаў снарадаў зрабілася вельмі страшна. Раптам аднекуль выскачыла жанчына ў вышыванай белай кофтачцы, схапіла дзяўчынку за руку і пацягнула ў акоп.
Пасля той бамбёжкі сям’я пераехала ў вёску Берасцечка, дзе жылі матчыны бацькі. Там у 1945 годзе Ганначка пайшла ў школу. Праўда, ніхто не планаваў яе адпраўляць у першы клас у той год. Усё атрымалася выпадкова – проста дзяўчынка пайшла ўслед за дзецьмі, якія зайшлі потым у нейкую хату, як аказалася, там была школа. Так Ганна Іванаўна і засталася ў школе на ўсё жыццё. Яе першую настаўніцу звалі Моніка Уладзіславаўна Касцюк.
Сямігодку заканчвала ў Стралічаўскай школе, дзе выкладаў фізіку родны дзядзька Альберт Антонавіч Навіцкі. Ён змог прывіць пляменніцы інтарэс да гэтага прадмета, што ў вялікай ступені пасадзейнічала выбару яе прафесіі.
Ва ўзросце 13 гадоў і чатырох месяцаў дзяўчынка паступіла на вучобу ў Рэчыцкае педвучылішча. На выхадныя дабіралася дамоў на падножцы цягніка, бо грошай на білет не было. На шчасце, былі праваднікі, якія дазвалялі зайсці ў тамбур пагрэцца. На зваротны білет таксама выдаткоўваў сродкі дзядзька.
Увогуле, што такое холад і голад, пакаленне Ганны Іванаўны пазнала з самага дзяцінства.
Пасля заканчэння педвучылішча адра-зу паступіла на фізіка-матэматычны факультэт Гомельскага педінстытута імя Чкалава. Вучылася на выдатна, прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ВНУ. Двойчы ў саставе студэнцкага атрада ў час летніх канікулаў выязджала на цаліну. Акрамя таго, была актыўнай удзельніцай асветніцкіх студэнцкіх атрадаў – юнакі і дзяўчаты ажыццяўлялі лыжныя вылазкі ў сельскія населеныя пункты, выступалі ў калгасах, клубах, напачатку сустрэч расказвалі пра палітычнае жыццё краіны (галоўнай тэмай выступленняў тады быў палёт чалавека ў космас), а затым давалі канцэрт мастацкай самадзейнасці.
Заўсёды на «біс» ішла песня «Грушица кудрявая», якую студэнтка Данчанка двойчы, а то і тройчы ў час канцэрта выконвала са сваёй аднакурсніцай Галінай Бразоўскай. І толькі значна пазней Ганна Іванаўна зразумела, чаму так адбывалася, іншыя ж нумары былі таксама дастойныя вялікіх апладысментаў, – проста песня гэтая была вельмі папулярнай, і гледачы прасілі паўтору для таго, каб запісаць яе тэкст.
Калі Ганна вучылася на пятым курсе, адбылася лёсавызначальная падзея ў яе жыцці – яна выйшла замуж.
Са сваім абраннікам пазнаёміліся выпадкова, ехалі ў адным купэ цягніка. Гэта было каханне з першага погляду, варта было толькі глянуць у вочы сваёй спадарожніцы, як юнак зразумеў, што яна будзе яго другой палавінкай. Вяселле гулялі камсамольскае, арганізавалі яго два камітэты камсамола – педінстытута і БІІЧТа, дзе вучыўся муж Франц Дабрынеўскі, ураджэнец Асіповіч. А пасажоным бацькам на вяселлі ў іх быў акадэмік Уладзімір Аляксеевіч Белы. У ладзе і згодзе Дабрынеўскія пражылі 55 гадоў, але, на вялікі жаль, сёлета ў лютым мужа не стала, яшчэ свежая рана на сэрцы Ганны Іванаўны ад непапраўнай страты.
Працоўную дзейнасць сям’я Дабрынеўскіх пачынала ў Львове, дзе Франц Фадзеевіч працаваў на чыгуначным заводзе, а Ганна Іванаўна выкладала ў вячэрняй школе, затым у тэхнікуме лёгкай прамысловасці. Пасля чатыры гады сям’я Дабрынеўскіх жыла і працавала ў Мураме да пераезду ў Мінск. Тут у поўнай меры раскрыўся педагагічны талент Г.І. Дабрынеўскай – працавала ў школе настаўніцай, завучам, дырэктарам. Але самым высокім дасягненнем па праву лічыць сваю дзейнасць у педагагічнай гімназіі: як яе стваральніку і кіраўніку, Ганне Іванаўне прыемна было чуць водгукі адміністрацыі вышэйшых навучальных устаноў аб тым, што выпускнікі гімназіі – гонар той або іншай профільнай ВНУ.
Як педагог-наватар, Ганна Іванаўна Дабрынеўская была актыўнай удзельніцай усесаюзнага эксперыменту па дэмакратызацыі кіравання школай, праводзімага Акадэміяй педагагічных навук СССР.
Наступны этап працоўнай дзейнасці гераіні нашага праекта адбываецца ва ўстанове адукацыі «Акадэмія паслядыпломнай адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Гэтая ўстанова рэалізуе адукацыйную праграму павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі, выконвае фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні, экспертныя, прагназуючыя, інфармацыйна-аналітычныя і навукова-метадычныя функцыі ў сферы дадатковай адукацыі дарослых. Ганна Іванаўна, з’яўляючыся метадыстам вышэйшай катэгорыі Цэнтра прафесіянальнага развіцця і інавацыйнай адукацыі ўпраўлення сацыяльнай і выхаваўчай работы, уносіць дастойны ўклад у выкананне пастаўленых задач. Ёю ў сааўтарстве выдадзена 7 метадычных кніг, больш за 50 артыкулаў па інавацыйнай дзейнасці ў педагогіцы апублікаваны за яе подпісам у спецыялізаваных газетах і часопісах Беларусі і краін СНД.
Пра сваю малую радзіму Ганна Іванаўна ніколі не забывае. Кантактуе са сваёй зямлячкай Браніславай Антонаўнай Ляшчынскай, былым педагогам, якая жыве ў Хойніках. Цесныя сувязі падтрымліваюцца з калектывам СШ № 3 г. Хойнікі, у прыватнасці тут на працягу 2013-2016 гг. рэалізоўваўся праект «Укараненне мадэлі фарміравання грамадзянскіх кампетэнцый удзельнікаў адукацыйнага працэсу на аснове сістэмнай арганізацыі ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці». Ганна Іванаўна прыязджала ў школу, праводзіла семінар па новых педагагічных тэхналогіях, а намеснікі дырэктара гэтай школы наведвалі тэматычныя семінары ў Акадэміі паслядыпломнай адукацы.
Да сваіх абавязкаў Дабрынеўская адносіцца з уласцівай адказнасцю і высокім прафесіяналізмам.
– Работа мяне не стамляе, – гаворыць яна. – Магчыма, прагучыць гэта высакамоўна, але я пераканана, гэта ў тым выпадку, калі чалавек умее любіць жыццё, радавацца сваім поспехам і поспехам сваіх калег, сяброў, проста акружаючых. Бо чалавек павінен несці ў гэты свет дабро, любоў, радасць. А калі такімі прынцыпамі кіруешся, то жыць цікава і ўсякая праца не ў цяжар.
Так, Ганна Іванаўна Дабрынеўская вельмі прывязана да працы. Але самым вялікім дасягненнем лічыць сваіх дзяцей, абодва – і сын, і дачка – з’яўляюцца кандыдатамі навук. Сяргей заканчваў фізічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, Таццяна –філасофскі факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Радуюць чацвёра ўнукаў – старэйшы Аляксандр, з дынастыі фізікаў, ужо доктар фізічных навук, абараніў доктарскую дысертацыю ў 27 гадоў у Парыжы.
Увогуле Ганна Іванаўна на свой лёс не скардзіцца. Гаворыць, што ёй пашанцавала застацца жывой у тую страшную вайну, у яе па жыцці былі добрыя настаўнікі і вучні, сустракаліся добрыя і сардэчныя людзі. Усё жыццё займаецца любімай справай, а побач быў чалавек, які разумеў і кахаў. Адданасці ў прафесіі вучылася яна ў сваіх настаўнікаў, а працавітасць, бескарыслівы клопат аб іншых, імкненне даводзіць пачатую справу да канца – гэта ад матулі Браніславы Антонаўны Данчанка.
Вось які адказ пачула я ад Ганны Іванаўны на пытанне: «Якія якасці дапамаглі Вам адбыцца ў прафесіі, быць паспяховай і запатрабаванай?»:
– Па-першае, мне заўсёды хацелася вучыцца. А па-другое, я пазітыўны чалавек, эмацыянальна не канцэнтруюся на негатыве, узнікшыя праблемы стараюся вырашаць рацыянальна і энергічна. І галоўнае – строгая да сябе ў прафесіі. Кожную раніцу з задавальненнем і ахвотай іду на работу і таксама радасна вяртаюся дамоў. Што яшчэ патрэбна чалавеку ў жыцці?

Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *