Выйграць спаборніцтва ў саміх сябе

Сельское хозяйство

У мінулым годзе хлебаробы КСУП імя Мележа з кожнага гектара намалацілі па 44,2 цэнтнера збожжавых. Якія планы сёлета, што зроблена і робіцца для таго, каб замацаваць дасягнутае і пайсці далей, расказвае галоўны аграном гаспадаркі Міхаіл Мікалаевіч БОНДАР.

1415 гектараў – такая плошча яравой сяўбы сёлета, у тым ліку 405 гектараў зоймуць збожжавыя і зернебабовыя, 100 – цукровыя буракі, 40 – бульба, 230 – кукуруза на зерне і 500 – на зялёную масу,120 – аднагадовыя травы, 5 гектараў – агародніна. Безумоўна, задача перад хлебаробамі стаіць не з лёгкіх. Але яна ўпаўне ажыццявімая. Калі расцягнуць тэрміны, то разлічваць на паўнацэнны ўраджай не давядзецца. Згодна з прагнознымі паказчыкамі патрэбна атрымаць збожжа з кожнага гектара па 56 цэнтнераў. За кошт натуральнай урадлівасці ворыва ў 31 бал можна атрымаць 16 цэнтнераў. Прыбаўка будзе дасягнута ў 24 цэнтнеры за кошт NРК (на кожны гектар мінеральных угнаенняў будзе ўнесена па 320 кілаграмаў у дзеючым рэчыве), мікраўгнаенняў (6 цэнтнераў), сродкаў абароны раслін ад шкоднікаў і хвароб (да 10 цэнтнераў).

У зімовы час  працавалі на будучы ўраджай. З восені ўзнята зябліва, унесена 4200 тон арганікі, а ўсяго пад веснавую сяўбу яе нарыхтавалі і маем рэальную магчымасць унесці каля 40 тысяч тон. Актыўна вялі давядзенне да пасяўных кандыцый насеннага матэрыялу, займаліся сортаабменам і сортаабнаўленнем. Да прыкладу, набылі 6 тон элітнага насення ячменю сорту “Бровар”, 4 тоны яравой пшаніцы “ Кокса”. Есць 60 тон свайго насення ячменю сорту “Стратус” і столькі ж яравой пшаніцы “Мунк”, 22 тоны аўсу першай рэпрадукцыі сорту “Паланез”. Дарэчы, летась гэтыя сарты добра зарэкамендавалі сябе на нашых палетках. Ячменю намалацілі па 57,6 цэнтнера з гектара, яравой пшаніцы – па 61,7 цэнтнера, добра ўрадзілі азімая пшаніца (51,1 ц/га), азімае трыцікале ( 43,2 ц/га).

У гаспадарцы прыбавілася новай тэхнікі, а наяўная была падрыхтавана да веснавых палявых работ задоўга да іх пачатку. Так што агранамічнай службе застаецца сачыць уважліва за паспяваннем глебы і ажыццяўляць граматны тэхналагічны манеўр на веснавым полі, умела, па-гаспадарску распарадзіцца ўсімі рэсурсамі, весці работы ў комплексе.

Рабочым планам прадугледжваецца пасеяць раннія яравыя збожжавыя за 7 рабочых дзён. Стаўка зроблена на высокаэфектыўнае выкарыстанне тэхнікі, належную арганізацыю работ, актывізацыю чалавечага фактара, у тым ліку і за кошт дзейсных мер па ўдасканальванню матэрыяльнага і маральнага стымулявання, дабіцца галоўнага – высокіх тэмпаў і якасці выканання ўсіх тэхналагічных аперацый на веснавым полі. Усе працаўнікі не абдзелены ўвагай кіраўніцтва, прафсаюзнага камітэта. Для кожнага звяна распрацаваны ўмовы маральнага і матэрыяльнага заахвочвання. Для ўдзельнікаў пасяўной арганізавана двухразовае гарачае харчаванне ў полі, пасля працоўнага дня для іх у мехпарку працуе душ-лазня.

Работы ў полі пачаліся. Вядзём падкормку азімых, сенажацей і выпасаў, уносім арганіку, пачалі сяўбу. Як і ў мінулыя гады, шчыруюць на будучы ўраджай нашы механізатары І.І. Бандарчук, С.В. Ярмоленка, А.А. Жыгулін, Ю.В. Харкевіч, Д.М. Блізнец, М.Р. Барысенка, М.П. Гарыст, У.Ю. Харкевіч і іншыя. Хлебаробы нацэлены на тое, каб не толькі замацаваць дасягнутае летась,  але і дабіцца большага, калі можна так сказаць, – выйграць спаборніцтва ў саміх сябе.


Запісаў Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.


На здымках: механізатар Ю.В. Харкевіч (заняты падкормкай азімых угнаеннямі); сеяць збожжавыя новым высокапрадукцыйным агрэгатам АПП-6 даручана С.В. Ярмоленку і Д.М. Блізняцу; якасна вядуць падкормку шматгадовых траў, сенажацей і выпасаў М.Р.  Барысенка і М.П. Гарыст.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *