Гарантуем сучасны сервіс


На сённяшні дзень спектр паслуг, што прадастаўляецца раённым вузлом паштовай сувязі, вельмі шырокі: прыём і дастаўка пасылак, простых і заказных пісем, бандэроляў і паштовых картачак, выплата пенсій, прыём і аплата грашовых пераводаў. Разам з прадастаўленнем традыцыйных відаў паслуг смела ідзём на ўкараненне новых. Прыхільнікаў сваіх сярод насельніцтва і арганізацый раёна знайшлі адпраўленні  “Экспрэс-поштай” (сёння на заўтра),  гібрыднай поштай “Netліст”. Аказваем дылерскія паслугі СТТТ “МТС”, СП ТТТ “МЦС”, ЗАТ “БеСТ”, абслугоўваем трымальнікаў пластыкавых картачак, прымаем плацяжы ад насельніцтва за кватэру, газ, паслугі электрасувязі, ваду, электраэнергію, радыё. Рэалізоўваем латарэйныя білеты, газеты і часопісы, філатэлістычную прадукцыю, тавары паўсядзённага попыту. У нас можна набыць бланкі строгай справаздачнасці, пуцявыя лісты і рахункі-фактуры. Запатрабавана насельніцтвам і такая паслуга, хаця выконваецца адзін раз у год,– пісьмовае віншаванне ад Дзеда Мароза.

Час на стаіць на месцы, а разам з тым развіваецца і паштовая сувязь. Укараняюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі – электронная пошта і Інтэрнет.

У аддзяленнях паштовай сувязі РВПС прапаноўваецца ўзровень сервісу сусветнага стандарта. Так, ахвотна карыстаюцца нашы кліенты адпраўленнямі міжнароднай паскоранай пошты EMS. Гэта адна з выгадных форм дастаўкі карэспандэнцыі па цане і тэрмінах. Як і сістэма паскоранай перасылкі грашовых сум – гэта сістэма абмену грашовымі пераводамі аб’ядноўвае ўсе абласныя і раённыя цэнтры рэспублікі, што дазваляе на працягу некалькіх гадзін атрымаць адпраўленыя з другога горада грашовыя сродкі.

У кожных з пяці створаных на Хойнікшчыне аграгарадкоў аказваецца такі ж спектр паслуг, як і ў гарадскіх аддзяленнях паштовай сувязі. Аддзяленні паштовай сувязі тут аснашчаюцца абсталяваннем, якое забяспечвае сучасны ўзровень сервісу – разлікі па пластыкавых картках, электронная пошта, ксеракс, доступ да сеткі Інтэрнет і г.д.

Цяпер праводзіцца бягучы рамонт аддзялення паштовай сувязі “Веляцін”. Тут таксама будзе ўстаноўлена абсталяванне для аказання сучасных паслуг.

У Хойніцкім РВПС укаранёна аўтаматызаваная сістэма сачэння на аснове штрыхавой індэксацыі за рэгіструемымі паштовымі адпраўленнямі. Гэта азначае, што кожны кліент мае магчымасць прасачыць шлях праходжання рэгіструемага паштовага адпраўлення ад моманту адпраўкі да моманту ўручэння на афіцыйным сайце РУП “Белпошта”.


С. МАРЧАНКА, начальнік раённага вузла паштовай сувязі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *