Дэпутат у сваёй акрузе Г.В. Окунева: «Ніколі не абяцаю таго, што не ў сілах выканаць»


Да выбрання дэпутатам райсавета па Веляцінскай выбарчай акрузе № 35 я не мела дакладнага ўяўлення аб тым, што ўваходзіць у яго абавязкі. Спатрэбіўся час, каб увайсці ў курс спраў. З самага пачатку была забяспечана неабходнай даведачна-інфармацыйнай літаратурай. Акрамя таго, мне выдалі дзённік дэпутата, спісы жыхароў выбарчай акругі, у якіх лічыцца больш за 700 чалавек.

У 2007-2008 гадах правяла 27 прыёмаў грамадзян: 89 чалавек звярнуліся асабіста, 48 – па тэлефоне. Людзям аказана дапамога ў вырашэнні праблем з жыллём, сямейных канфліктаў, працаўладкаванні, прапісцы. Часта даводзілася тлумачыць нормы дзеючага заканадаўства, звязаныя з рэалізацыяй правоў і законных інтарэсаў розных катэгорый насельніцтва. У практыку ўвайшлі сумесныя са старшынёй Паселіцкага сельсавета Л.М. Зелянкоўскай наведванні праблемных сем’яў, сустрэчы з працоўнымі калектывамі.

Востра пакуль стаяць пытанні адсутнасці вады ў калонках у вёсках Паселічы, Звяняцкае, Веляцін, арганізацыі адпачынку моладзі і парушэння правапарадку непаўналетнімі, ужывання алкагольных напіткаў дамашняй вытворчасці.

Пастаянна праводжу вялікую работу па навядзенню парадку на зямлі. Прыкладам у справе добраўпарадкавання тэрыторыі служыць Веляцінская БШ-сад, якую я ўзначальваю.

На жаль, частка насельніцтва займае пазіцыю назіральнікаў, якія чакаюць дапамогі. Па іх меркаванню, нехта іншы павінен садзіць кветкі, убіраць смецце. І мая задача – упэўніць людзей у адваротным.

Дэпутацкая дзейнасць займае нямала сіл і часу. Але яна, безумоўна, мае станоўчы вынік. І таму сёлета будзе працягвацца на карысць выбаршчыкаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *