19 верасня – Дзень работнікаў лесу


Дырэктар Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка П.М. КУДАН:“Без працы з людзьмі сябе не ўяўляю”

– Пётр Міхайлавіч,  у сённяшніх умовах нялёгка быць кіраўніком, тым больш такога даволі спецыфічнага па віду дзейнасці вялікаколькаснага калектыву.  Як вядома, дырэктарам запаведніка Вы сталі прыйшоўшы з пасады першага намесніка старшыні Брагінскага райвыканкама. З чаго пачалі на новай пасадзе?

– У першую чаргу з навядзення парадку і дысцыпліны. Заўсёды лічыў і лічу, што кіраўнік павінен быць чэсным і адкрытым з усімі. Толькі тады табе людзі павераць. Цяпер у падначаленым калектыве працуе 730 чалавек, кожны з іх мае свой характар, звычкі, патрабаванні. Я не пабочнік скарачэнняў, бо ў многіх сям’ях дзеці. Але абавязковым лічу адно: выконвай свае абавязкі добрасумленна і атрымлівай заслужаныя грошы. Працуем разам у імя выканання ўскладзеных задач.

– Задачы ж гэтыя даволі разнастайныя, і кожная з іх мае сваю значнасць. Асобным радком стаіць лясная гаспадарка. Напярэдадні Дня работнікаў лесу хацелася б, каб Вы акрэслілі кола абавязкаў працаўнікоў менавіта гэтай сферы.

– Яно даволі шырокае.  Эксперыментальнае лесаўзнаўленне, лесаразвядзенне, ахова тэрыторыі ад пажараў, барацьба з браканьерствам, ахова насаджэнняў  ад хвароб і шкоднікаў, лесакарыстанне, улік дзікай жывёлы і біятэхнічныя мерапрыемствы – гэта тыя напрамкі, па якіх вядзе сваю дзейнасць аддзел лясной гаспадаркі і аховы штатнай колькасцю 413 чалавек. Хачу адзначыць, што ў сваёй большасці яны паспяхова спраўляюцца са сваімі абавязкамі.

– Што хацелі б сказаць работнікам, чыя праца звязана з лесам, у сувязі з іх святам?

– Шчыра жадаю поспехаў у стваральнай працы, моцнага здароўя, дабрабыту, бадзёрасці, шчасця і доўгіх гадоў жыцця. Няхай у іх дамах заўсёды пануюць любоў і павага, дастатак і цяпло сямейнага ачага!
Асобныя словы віншаванняў хачу адрасаваць ветэранам лясной справы запаведніка, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку і хачу адзначыць, што добрыя працоўныя традыцыі папярэдніх пакаленняў лесаводаў прымнажаюцца і захоўваюцца.

–  Пётр Міхайлавіч, знаходзячыся на  адказнай пасадзе, што хацелі б зрабіць для свайго калектыву?

– Усё, што зрабіў і планую зрабіць, – дзеля дабрабыту людзей. Разам з імі будзем працаваць і зарабляць. Толькі будучы адзіным цэлым мы можам дабіцца стабільнасці як у вытворчасці, так і ў жыцці ў цэлым.






Задачы важныя надзённыя

Адным з важных падраздзяленняў ПДРЭЗ з’яўляецца аддзел лясной гаспадаркі і аховы. Кіраўніком яго з’яўляецца малады спецыяліст, выпускнік Беларускага дзяржаўнага універсітэта па спецыяльнасці “інжынер лясной гаспадаркі”, дэпутат райсавета дэпутатаў Максім Уладзіміравіч Кудзін, які з’яўляецца галоўным ляснічым запаведніка. Яго расказ – аб сферы дзейнасці падначаленага калектыву:

– Аддзел, які ўзначальваю, плануе і ажыццяўляе комплекс лесагаспадарчых мерапрыемстваў, накіраваных  на прадухіленне пераносу радыенуклідаў за межы зон забруджвання, удзельнічае ў правядзенні радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу флоры і фауны, радыебіялагічных даследаваннях, распрацоўцы навуковых асноў рацыянальнага прыродакарыстання і аховы прыроды.

У састаў аддзела ўваходзяць 16 лясніцтваў: Бабчынскае, Варацецкае, Вербавіцкае, Верхнеслабадское, Дзёрнавіцкае, Крукаўскае, Калыбанскае, Новапакроўскае, Аравіцкае, Партызанскае, Прыпяцкае, Радзінскае, Тульгавіцкае, Чыкалавіцкае, Хільчанскае. Лясніцтвамі штогод ствараюцца новыя лясныя культуры на плошчы больш за 300 гектараў, з якіх доля цвёрдалісцёвых парод складае больш 30%. У мэтах зніжэння супрацьпажарнай абстаноўкі і аператыўнага рэагавання на магчымыя ўзгаранні  праводзіцца расчыстка і разрубка квартальных прасек, дарог лесагаспадарчага і супрацьпажарнага значэння агульнай плошчай 280 гектараў. Таксама сіламі лясніцтваў ажыццяўляецца добраўпарадкаванне могілак, помнікаў, супрацьпажарных вадаёмаў у адселенай зоне.

Выяўленнем месц знаходжання жывёлы, занесенай у Чырвоную кнігу, і забеспячэннем яе уліку, адследжваннем міграцыі займаецца егерская служба запаведніка ў складзе паляўніцтвазнаўцы і 4 егераў.

Работнікі егерскай службы і лясной аховы пад кіраўніцтвам работнікаў навуковай часткі праводзяць зімовы маршрут дзікай жывёлы, займаюцца адстрэлам ваўкоў з мэтай рэгулявання іх колькасці і зніжэння эпізаатычнай абстаноўкі. У вясенне-летні перыяд нарыхтоўваюцца сена, збожжаадходы, авёс, кармавыя буракі, бульба, галінкавы корм, а таксама ствараюцца падкормачныя палі, каб зімой насельнікі лясоў адчувалі сябе камфортна.






Не так даўно працуе ў запаведніку  майстрам лесу Тульгавіцкага лясніцтва Алег Мікалаевіч Еўтушэнка. А аб ім ўжо смела адзываюцца як аб работніку старанным, адказным. Бо знайшоў сваё прызванне ў працы, з веданнем справы займаецца адводамі дзялянак у рубку на тэрыторыі Тульгавіцкага лясніцтва, плошча якога складае  20818 га, закладвае пробныя пляцоўкі ў лясных культурах, а таксама пляцоўкі на вызначэнне санітарнага стану леса.






Звычайным мерным крокам ідзе чалавек у форменнай вопратцы, аглядвае вялікую зялёную гаспадарку: ці няма парубак незаконных, ці добра прыжываюцца саджанцы. Лес для Л.Д. Лук’яненкі – ляснічага Варацецкага лясніцтва ПДРЭЗ – лепшы сябар і дарадчык. Лес заспакойвае, тут добра думаецца. Хаця раздумваць многа не даводзіцца, бо кожны дзень насычаны адказнай працай.

– Асноўнымі напрамкамі дзейнасці лясніцтва, – гаворыць Леанід Дзмітрыевіч, – з’яўляюцца лесаахоўныя і супрацьпажарныя мерапрыемствы, лесаўзнаўленне і лесаразвядзенне, пазабюджэтная дзейнасць, а таксама забеспячэнне кантрольна-прапускнога рэжыму. На тэрыторыі лясніцтва маецца гадавальнік плошчай 0,10 гектара, дзе вырошчваем сеянцы дуба чарэшчатага, ясеня і сасны звычайных. Гэтай вясной новыя лясныя насаджэнні размясціліся на тэрыторыі лясніцтва на плошчы 18 гектараў.

Выкананне розных задач пад сілу калектыву зладжанаму і згуртаванаму, такому, які ляснічы ўзначальвае. Нездарма ж па выніках працоўнага саперніцтва калектыў гэты ў ліку перадавых  у ПДРЭЗ.

– Вялікая заслуга ў гэтым усіх работнікаў, – працягвае Л.Д. Лук’яненка, – адказных, добрасумленных, хварэючых за агульную справу. Выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі мой памочнік Эдуард Мікалаевіч Калыхан, лесавод Мікалай Віктаравіч Сачанка , леснікі Сяргей Іванавіч Красоўскі, Анатолій Мікалаевіч Котчанка, Уладзімір Аляксандравіч Новікаў, Дзмітрый Мікалаевіч Заяц і іншыя – аб кожным работніку лясніцтва магу сказаць толькі самыя добрыя словы.

Нягледзячы на пасаду Леанід Дзмітрыевіч ніколі не стаіць у баку ад калектыву. Не лічыць за сорам, закасаўшы рукавы, працаваць фізічна нароўні з усімі. А яшчэ на яго папячыцельстве пчолапасека ў Бабчыне з 65 пчоласем’яў. І на гэтым участку ў ляснічага справы добра ладзяцца.

За добрасумленную працу Л.Д. Лук’яненка неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі, ён – спецыяліст экстракласа па лясной гаспадарцы. У 2006 годзе яму была ўручана высокая ўрадавая ўзнагарода – медаль “За працоўныя заслугі”. 





Супраць пажараў

У ПДРЭЗ функцыяніруюць тры пажарна-хімічныя станцыі, дзве з якіх першага тыпу і адна – другога. Задачай станцый першага тыпу з’яўляецца забеспячэнне хуткай ліквідацыі ачагоў узгарання і пажараў на абмежаванай плошчы, станцыя другога тыпу ажыццяўляе тушэнне пажараў, якія распаўсюдзіліся на ўсёй тэрыторыі запаведніка. На ўзбраенні ПХС для прадухілення і тушэння лясных і тарфяных пажараў маецца спецыяльная тэхніка і абсталяванне пажаратушэння. Зыходзячы з гэтага, прымаюцца прафілактычныя меры, накіраваныя на папярэджанне ачагоў узгарання не толькі на тэрыторыі запаведніка, але і на прылягаючых землях сельгаспрадпрыемстваў трох адміністрацыйных раёнаў.

У мэтах забеспячэння супрацьпажарнай бяспекі ў пажаранебяспечны перыяд ажыццяўляецца кругласутачнае функцыяніраванне трох пажарна-хімічных станцый – у в. Бабчын Хойніцкага, г.п. Камарын Брагінскага і н.п. Канатоп Нараўлянскага раёна, на якіх задзейнічаны 64 работнікі супрацьпажарнай службы і 21 адзінка пажарнай і спецыяльнай тэхнікі.





Без дазволу ў зону нельга

Мерапрыемствы, накіраваныя на ахову тэрыторыі запаведніка ад несанкцыяніраванага пранікнення грамадзян, транспартных сродкаў, спыненне браканьерства, незаконнай вырубкі лесу выконвае створаны ў 2002 годзе сектар лясной аховы, у якім працуюць  22 чалавекі .

На сённяшні дзень умацавана матэрыяльная база падраздзялення. У 2006 годзе набыты аўтамабіль, у 2008-м – лодачны матор, зараз вядзецца зборка маламернага судна.

Кругласутачнае аўтапатруляванне праводзіцца работнікамі сектара аховы по трох адміністрацыйных раёнах – Хойніцкаму, Брагінскаму і Нараўлянскаму. Агульная працягласць маршрутаў складае 1255 кіламетраў. За час змены па запланаванаму маршруту аўтамабіль мяняе некалькі месц дыслакацыі, што дазваляе ажыццяўляць кантроль і назіранне на большай тэрыторыі.

Ахоўна-рэжымныя мерапрыемствы на тэрыторыі запаведніка ажыццяўляюцца ў цесным узаемадзеянні з работнікамі Адміністрацыі зон адсялення і адчужэння, органаў унутраных спраў, Дзяржаўнай інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Гомельскім пагранічным атрадам.

З моманту стварэння сектара аховы было спынена 1780 выпадкаў незаконнага пранікнення грамадзян на тэрыторыю запаведніка, складзены 1993 пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.



Матэрыялы старонкі падрыхтавалі
Клаўдзія БОСАК і Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *