Дарогі, якія не выбіралі


Напэўна, кожны чалавек на пытанні: “Што ёсць усяму пачатак? Дзе твае вытокі?”, адкажа: “У дзяцінстве. У бацьку, у маці”. Так лічыць і Станіслаў Фаміч Лагвінец (на здымку), жыхар нашага горада, якому ў мінулым месяцы споўнілася 85 год. Ен з таго пакалення, якое зведала ў дзіцячым і падлеткавым узросце пафас сталінскіх пяцігодак, у юнацтве – ярмо фашысцкай акупацыі і пекла вайны, узнаўляла разбураную гаспадарку і свята верыла, што “цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме”. А зараз адчувае сябе пастарэўшым, ды толькі не на ўспаміны. І не забудзецца перажытае да апошняга ўдара сэрца. Бо яго ўспаміны –  як кроплі жывой вады з ракі пад назваю Жыццё…

Нарадзіўся ў 1925 годзе ў вёсцы Навасёлкі, калі лета пераваліла за свой пік, і зямля, выпеставаная сонцам і цёплымі дажджамі, шчодра раздавала свае дары. Толькі не шчодрым на прыемныя падарункі аказаўся лёс. Выхоўваўся працай і той добразычлівай атмасферай, якая панавала ў нашай сям’і. Бацька, Фама Кірылавіч, працаваў на смаляным заводзе, маці, Фядора Астапаўна, – калгасніца.

Да навукі асабліва не цягнуўся. І не таму, што на розум яна не ішла. Хацелася самастойнасці. Бацькі згадзіліся, што 5 класаў дастаткова, каб працаваць у вёсцы, бо ў горадзе калгасніку рабіць няма чаго. Уладкаваўся на смаляны завод, падвозіў дровы, а перад вайной трапіў у брыгаду яўрэя Моўшы, чалавека хітрага, але вельмі справядлівага. Брусаваў драўніну. Тады мне сямнаццаты год пайшоў. Быў я хлопец дужы, вынослівы. Дзень на працы, а  вечарам – у клуб. Многа моладзі тады было ў Навасёлках. І Божа збаў, каб нехта з хлопцаў прыйшоў на вячоркі на падпіцці.                    
        
Як немец прыйшоў, амаль нічога не засталося ад смалянога завода. У трывожным чаканні цягнуліся дні і давіла чорная паласа адчаю. Як бяскрайняе поле пад начным небам, абпальвала думка, што нічога добрага ў жыцці ўжо не будзе.
У Германію сталі браць моладзь. З нашай вёскі трох хлопцаў “прызвалі”, у тым ліку і мяне. Сабрала маці торбачку, заплакала горка, а бацька, каб не бачылі слёз,  стаў праціраць вока, быццам парушынка трапіла.

У Хойніцкай царкве нас сабралі, пратрымалі да вечара. Падыходзіць паліцай з нашай вёскі і гаворыць:

– Уцякайце, хлопцы, пакуль не позна…

Хто яго ведае… Можа, хоча, каб пры пабегу нас застрэлілі? Але ж аказалася, з добрых пабуджэнняў так сказаў.

Да дому дабраліся, калі ўжо сцямнела. Сабраліся было вячэраць, як прыбегла суседка: немцы з боку Руднага едуць, вёску акружаюць.

На ўсё жыццё ў памяці тая ноч. Бацька схаваў мяне ў калодзежы, у якім каля самай вады намасціў у выпадку чаго мосцік. Спусціўся ў калодзеж і бачу з цёмнага ў зорках неба стала светла-ружовым. Хаты гараць.

– Вылазь,   сынок, уцякаць трэба да балота, – шэпча зверху бацька.

Гарэлі Навасёлкі. Тады згарэла і вёска Зялёны Гай. Добрыя весткі разносяцца хутка, а дрэнныя яшчэ хутчэй. Гэта цяпер вядома, што за час акупацыі раёна былі закатаваны, расстраляны, спалены і зажыва пахаваны больш двух тысяч жыхароў. А тады разрозненыя весткі, і адна страшней другой: выкалалі вочы Браніславу Краўчанку і Мікіту Шагавіку, забівалі цвікі ў пяты Фёдару Шчукоўскаму, аблілі бензінам і спалілі Пятра і Віктара Данчанкаў, дзяўчат запрэглі замест коней у гармату і цягнулі тыя з вёскі Маладуша яе да Дубровіцы, а потым дзяўчат расстралялі…

Што павінен адчуваць чалавек, які бачыў папялішчы са спаленымі зажыва людзьмі, калодзежы, у якіх скінуты трупы дзяцей, які месяцамі жыў пад страхам смерці, а потым страціў пачуццё самазахавання?.. І калі праз некалькі дзён пасля вызвалення раёна нас пазвалі ў ваенкамат, ішлі туды з адчуваннем радаснай падзеі, якую доўга чакалі, з жаданнем знішчыць карычневую нечысць. І жаданне вярнуцца да роднага дому было мацней, чым страх.

Я не часта ўспамінаю гады вайны. Цяжкі быў час. У кожнага з нас, салдат Вялікай Айчыннай, свая нялёгкая ваенная дарога, якую мы не выбіралі. І хаця я лічу сваю франтавую біяграфію сціплай, гэтая біяграфія салдата-мінамётчыка – сумленная. Подзвігаў, падобных Аляксандру Матросаву, Мікалаю Гастэла, не здзейсніў, не ўсім жа быць героямі на ратным полі і ў мірнай працы. Але ўсе, хто аддаў жыццё сваё за Радзіму – героі.

Быў  і яшчэ адзін чорны дзень на маім жыццёвым шляху, калі нас, яшчэ “зялёных” навабранцаў, паўузброеных літаральна расстрэльвалі немцы пад Калінкавічамі. Многа палегла людзей, якія і пазнаёміцца яшчэ не паспелі. Выжыў я ў той мясарубцы, а мой асколак  ад супрацьтанкавай міны яшчэ чакаў і напаткаў на граніцы з Польшчай. Лячыўся ад ранення ў Грузіі.

Самы ж дарагі дзень –майскі 1945 года. Заплюшчу вочы і бачу: бяжыць наш камандзір батальёна, чалавек скупы на словы, страляе з пісталета ўверх і крычыць: “Хлопцы, вайна скончылася!..”                   
Дадому вярнуўся 1 сакавіка 1948 года, даслужваў свой тэрмін. Сям’ю завёў, дом адбудаваў, сына і дачку вырасціў. За доўгім рублём не ганяўся, месца працы не мяняў. Яно ў мяне было пастаяннае – вальшчык лесу ў леспрамгасе. Як працаваў, няхай людзі скажуць. І зараз не забываюць у Хойніцкім леспрамгасе ЗАТ “Мазырлес”, у свята Вялікай Перамогі, у Дзень работнікаў лесу кіраўніцтва віншуе, падарункі прыносяць.

У складаныя, нават трагічныя перыяды жыцця мне дапамагалі вытрымка, сіла волі, вера ў лепшае. Ніколі не крывіў душою, любіў жыццё і людзей.

Ці шчаслівы быў? Думаю, па-сапраўднаму няшчасны не той, каму не хапае нейкіх рэчаў, а той, хто пастаянна імкнецца мець іх. Людзі ж, якія цэняць жыццё з усімі яго складанасцямі і не падаюць духам у цяжкую мінуту, здольныя захаваць сваю годнасць і стаць шчаслівымі. Маё пакаленне большую частку жыцця пражыло нават без самага неабходнага. Але мы не адчувалі сябе абдзеленымі.

Восемдзесят шосты год пайшоў ад нараджэння. Радасць гэта або выпрабаванне? Калі здароўе дазваляе, безумоўна ж, – шчасце, калі хваробы даймаюць – выпрабаванне. Да выпрабаванняў не дайшло, хоць з узростам і мне, і маёй спадарожніцы па жыцці, жонцы Васіліне, без лякарстваў ужо не абысціся. А лепшыя лекі – гэта здаровы лад жыцця. Больш дваццаці год не куру, абыякавы да спіртнога. І лічу пражытыя гады не дарэмнымі, правільнай выбраную дарогу.


Маналог С.Ф. Лагвінца
запісаў Уладзімір ДАЛГАЛЫЧАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *