“Покліч Палесся” – погляд у мінулае і будучыню

Рэха падзеі

Важнай падзеяй у жыцці Прыпяцкага Палесся, усёй нашай рэспублікі з’явілася правядзенне ў аграгарадку “Ляскавічы” Петрыкаўскага раёна Першага адкрытага фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся”, які стаў важкай падтрымкай Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў гэтага рэгіёна на 2010-2015 гады. Як адзначыў адкрываючы фестываль прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь С.С. Сідорскі, у рамках праграмы на новы ўзровень будуць выведзены заработная плата, умовы працы і наогул у цэлым якасць жыцця насельніцтва. Усяго плануецца за пяцігодку накіраваць сюды 3,8 трыльёна беларускіх рублёў, 8 мільярдаў долараў будзе ўкладзена ў адраджэнне Палескага краю за кароткі прамежак часу.

Адраджаць – гэта яшчэ і цаніць, зберагаць здабыткі народнага мастацтва, побыт і унікальнасць краю. А яшчэ зрабіць так, каб як мага больш людзей аб ім даведаліся, ацанілі непаўторную прыгажосць яго, заінтрыгаваць патэнцыяльных інвестараў. Фестываль ахапіў восем раёнаў Гомельскай вобласці (Петрыкаўскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Хойніцкі) і тры – Брэсцкай (Лунінецкі, Пінскі і Столінскі) і “запаліў” усім комплексам таго, што нам дасталося ў спадчыну  ад продкаў: песні, танцы, нацыянальная кухня, народныя рамёствы. Можна было, напрыклад, навучыцца ў майстроў вырабляць з цэльнага кавалка дрэва чоўны і лодкі, плесці з лазы кашы і лапці, з саломы – капелюшы і сувеніры. Кожны раён адлюстраваў на сваім падворку ўклад жыцця вёскі. Па розных відах рамёстваў былі арганізаваны майстар-класы. Шмат было конкурсаў, прэзентацый, проста розных забаў, як катанне на брычцы, прагулкі на цеплаходзе.

Парадавалі выступленні дзяржаўнага ансамбля “Песняры” (мастацкі кіраўнік В.В. Шарапаў), Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча (мастацкі кіраўнік М.П. Дрынеўскі), дзяржаўнага заслужанага акадэмічнага ўкраінскага народнага хору імя Р. Вяроўкі, групы “Палац”, арт-групы “Беларусы”, цыганскай шоу-групы “Алюр”, заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля народнай музыкі “Выцінанка”.
Дастойна прадставіў на фестывалі наш раён ансамбль “Крыніца”, удзельнікі якога – выкладчыкі Хойніцкай дзіцячай школы мастацтваў. З 1994 года гэты калектыў нязменна ўзначальвае выкладчык школы У.І. Мінін. Ансамбль выканаў песню “Шумяць вербы”, якая нарадзілася ў вёсцы Глінішча і якую вельмі любіў спяваць наш знакаміты зямляк, народны пісьменнік Беларусі І.П. Мележ. Свае экспанаты на імправізаваным Хойніцкім падворку прадэманстраваў калектыў раённага Дома рамёстваў.

Займальнай была прэзентацыя фатаграфій, відэаматэрыялаў, карцін, якія адлюстроўваюць прыроду, побыт і культуру Палесся. Забытую традыцыю вязання габеленаў прадэманстравала выкладчыца Петрыкаўскай школы мастацтваў Галіна Васільеўна Трыфанава. Дарэчы, гэтае рамяство петрыкаўцы адзіныя прадэманстравалі на фестывалі. Ельскія ж майстрыхі любяць займацца вышыўкай, саломапляценнем, бісерапляценнем, работай з бяростай. А яшчэ яны здзівілі гасцей смачнымі нацыянальнымі стравамі.

У выглядзе хаты падрыхтавалі сваё падвор’е ўмельцы з Калінкавіцкага раёна. Усе дамашнія прылады – ручной работы. Гасцей сустракала вялікая сям’я: бацькі, дзеці, нявесткі, зяці. У ролі іх выступалі прадстаўнікі калектыву народнага гумару “Вясёлыя аўцюкоўцы”.

Арыгінальныя лыжкі народнага ўмельца з Лунінца Мікалая Ярахаўца, унікальныя вазы, кубкі, салонкі, падстаўкі і іншыя патрэбныя рэчы з дрэва, зробленыя па-майстэрску Юрыем Каробскім з Нароўлі, драўляныя статуэткі, вырабленыя віртуозна сякерай 68-гадовым Іванам Супрунчыкам са Століна, ганчарныя вырабы, вышыўкі і іншае ¬ – усё гэта трэба было бачыць, каб па-сапраўднаму ацаніць работу майстроў і адзначыць, што на Палессі жывуць таленавітыя людзі, якія захавалі унікальныя народныя рамёствы, традыцыі, культуру.

Фестываль аб’яднаў сапраўдных аматараў і знаўцаў народнай культуры. На яго былі запрошаны знакамітыя землякі, прадстаўнікі дзяржаўных органаў кіравання, замежных дыпламатычных місій, акрэдытаваных у нашай краіне, сродкаў масавай інфармацыі. “Покліч Палесся” – гэта не толькі сведчанне вялікай павагі да традыцыйнай культуры Беларусі. Гэта пацвярджэнне нашага імкнення захаваць спадчыну Палескага краю ва ўсёй яе спрадвечнасці і шматграннасці. Без перабольшвання можна сказаць, што фестываль зацікавіў замежных гасцей і будзе садзейнічаць развіццю сусветнай культуры і супрацоўніцтву паміж народамі.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



За лепшую калекцыю выставачных работ у конкурсе рэгіянальных падворкаў Аргкамітэт фестывалю Дыпломам і тэлевізарам узнагародзіў калектыў раённага Дома рамёстваў.
**  **  **
За высокае мастацкае майстэрства і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Аргкамітэт фестывалю Дыпломам і грашовай прэміяй у памеры 300 тысяч рублёў узнагародзіў ансамбль “Крыніца” Хойніцкай дзіцячай школы мастацтваў.





 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *