Утрымацца на плаву


Адбыўся справаздачна-выбарны сход упаўнаважаных раённага спажывецкага таварыства, на якім разгледжаны вынікі работы за 2004-2008 гады і вызначаны задачы па далейшаму развіццю і ўдасканальванню дзейнасці спажывецкай кааперацыі раёна. Аб зробленым трымалі справаздачу старшыня райспажыўтаварыства Н.У. Тараева і старшыня рэвізійнай камісіі Г.У. Васільева.

Выступаючы ў абмеркаванні дакладаў упраўляючая філіяла № 326 “Беларусбанка” Г.В. Аніскавец выказала заклапочанасць тым, што слаба яшчэ ў гандлёвых кропках укараняецца прынцып безнаяўных разлікаў за тавары. Старшыня Барысаўшчанскага сельскага Савета А.У. Сташкевіч прапанавала правесці на падведамаснай тэрыторыі семінар для маладых спецыялістаў: у магазінах вёсак Віць і Барысаўшчына працуюць загадчыкамі і прадаўцамі людзі з вялікім вопытам работы. Дырэктар Партызанскай СШ Н.М. Прыходзька параіла больш увагі ўдзяліць рэкламе тавараў айчыннай вытворчасці, асабліва тых, якія патрабуюцца сельскім жыхарам у час правядзення сезонных работ.

Прысутнічаючая на сходзе першы намеснік старшыні Гомельскага аблспажыўсаюза Н.Я. Коўтун выказала заклапочанасць тым, што ў апошні час Хойніцкае райспажыўтаварыства  з другога месца сярод аднатыпных арганізацый вобласці перамясцілася на семнаццатае. Рашаючую ролю ў гэтым адыграла падзенне аб’ёмаў тавараабароту, які летась да ўзроўню папярэдняга года склаў толькі 80 працэнтаў. Слаба ўкараняецца метад самаабслугоўвання пакупнікоў. Псуюць выгляд горада неэксплуатуемыя гандлёвыя памяшканні. Калектыву райспажыўтаварыства трэба мяняць стратэгію дзейнасці: больш увагі удзяліць заявачнаму прынцыпу рэалізацыі тавараў, падбору і расстаноўцы кадраў.

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так візітнай карткай кожнай гандлёвай кропкі павінна стаць культурнае і ветлівае абслугоўванне пакупнікоў. Бо гандаль, у першую чаргу, – гэта служба настрою, адзначыў выступаючы на сходзе старшыня райвыканкома А.В. Бічан. І пакупнік пры сённяшнім багацці форм гандлёвага абслугоўвання пойдзе ў той магазін, дзе яму не толькі прапануюць якасны тавар, але і зададуць добры настрой. На вялікі жаль, “карабель” пад назвай райспажыўтаварыства мала чаго прадпрымае, каб утрымацца на плыву. Няма сістэмнай работы з кадрамі маладых спецыялістаў, якіх патрэбна рыхтаваць да работы ў спажыўкааперацыі ўжо са школьнай парты. Першаступеннае значэнне павінна надавацца якасці выпускаемай прадукцыі.

На справаздачным сходзе зацверджаны зводны баланс і размеркаванне прыбыткаў мінулых і справаздачнага года.


Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *