На палях прапісаўся сланечнік

Сельское хозяйство

Змяненне межаў кліматычных паясоў на тэрыторыі краін СНД і Еўропы прымусіла земляробаў унесці істотныя змены ў структуру севазвароту. Так, у нашым раёне сёлета ўпершыню пасеялі сланечнік. Яго агульныя плошчы занялі 203 га: 110 га засеяла “маленькім сонейкам” сельгаспрадпрыемства імя Мележа, 63 га – КУП “Аравічы”, 25 га – КСУП “Судкова” і 5 га – эксбаза “Стралічава”.
“Аравічы” і “Судкова” ўжо завяршылі ўборку сланечніка. Расказвае дырэктар КУП “Аравічы” Сяргей Васільевіч Дрозд .

– Сланечнік для сельгасвытворцаў вельмі карысная і перспектыўная культура. Справа ў тым, што гаспадарка, правёўшы пасляўборачную дапрацоўку (ачыстку ад прымесяў і смецця) зерня і прасушыўшы яго да вызначанай вільготнасці, здае атрыманы ўраджай перапрацоўшчыкам для вытворчасці алею. А потым атрымлівае ад іх жа шрот, які застаецца пасля перапрацоўкі зерня. Гэты шрот вельмі багаты бялкамі, таму і выкарыстоўваецца ў якасці каштоўнай бялковай дабаўкі ў рацыёне кармлення жывёлы. Выгада атрымліваецца двайная: і грошы за здадзенае зерне можна атрымаць, і шрот у якасці дабаўкі.

Пакуль што не ўзнікае і праблем з пошукам эканамічных партнёраў-перапрацоўшчыкаў: зерне сланечніка хоць сёння гатовы забраць Віцебскі маслаэкстрактны завод і прадпрыемства “Сояпоўнач” Мінскай вобласці. Апошняе прадпрыемства, дарэчы, займаецца і перапрацоўкай соі на аналагічных (з вяртаннем адходаў перапрацоўкі – шроту на кармавыя мэты) умовах.

Па аператыўных даных райсельгасхарчу, самая высокая ўраджайнасць сланечніка атрымана ў “Аравічах” – 8,5 цэнтнера з гектара. У будучым годзе пасяўныя плошчы сланечніка будуць у некалькі разоў павялічаны як у нашым раёне, так і ва ўсёй вобласці.


Запісаў Віктар МІХАЙЛАЎ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *