Рэальны шанц – кааператыў


Не патрэбна ўжо нікому растлумачваць, што атрымаць кватэру, стоячы ў чарзе нават многа год, у наш час немагчыма. Адзіны рэальны шанц для больш як 600 чалавек, якія стаяць на ўліку ў райвыканкаме на паляпшэнне жыллёвых умоў – будаўніцтва кватэры на ўмовах жыллёвых кааператываў. Час агітацыі і тлумачэнняў на гэту тэму прайшоў, лічыць начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах ліквідацыі вынікаў на ЧАЭС райвыканкама Р.І. Каржанок.

– Раіса Іванаўна, што мы маем на сённяшні дзень?

– Як гаворыцца, лёд крануўся. Сёлета здадзены дом на вуліцы 70 год Кастрычніка жыллёва-будаўнічага кааператыву, у якім навеселле справілі 60 сем’яў. Сфарміраваны ЖБК № 2 на базе 20-кватэрнага жылога дома таксама ў мікрараёне “Юбілейны”. Пачатак яго будаўніцтва – чацвёрты квартал бягучага года, увод – у наступным годзе.

Зараз вядзецца фарміраванне ЖБК №№ 3 і 4. Першы – гэта 10-кватэрны пяціпавярховы жылы дом, у якім будуць толькі двухпакаёвыя кватэры. Узводзіцца ён будзе на вуліцы Карла Маркса,7. ЖБК № 4 фарміруецца на базе 40-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне “Юбілейны”.

Есць 6 заяў ад грамадзян на жыллёва-будаўнічы кааператыў № 3 і  30 на ЖБК № 4. Такім чынам для канчатковага фарміравання неабходна адпаведна яшчэ заявы ад 4 і 10 чалавек, і тады будзе аформлена фінансаванне, а таксама фарміраванне ЖБК № 5 пры неабходнасці.

– Умовы крэдытавання засталіся ранейшымі?

– Так, і хачу напомніць, што згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 120, які ўступіў у сілу з першых дзён сакавіка 2010 года, грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў атрымліваюць 100 працэнтаў нарматыўна льготна крэдытуемых 20 квадратных метраў на кожнага члена сям’і (да прыняцця Указа было 90 працэнтаў і членам кааператыва патрэбна было  ўкладваць уласныя сродкі на працягу будаўніцтва жылога дома). Трэба таксама зазначыць, што льготны крэдыт у 100 працэнтаў  ад кошту жылля прадугледжаны для дамоў, якія будуюцца з поўнай аддзелкай. Калі дом здаецца без аддзелкі, то льготны крэдыт застаецца на ўзроўні 90 працэнтаў ад кошту жылля.

У тым выпадку, калі кватэра будуецца больш нарматыўнай плошчы, то за дадатковыя квадратныя метры (больш 20 на чалавека) давядзецца плаціць з асабістых зберажэнняў.

Крэдыт банк дае пад 1 працэнт тэрмінам да 40 год. Аднапакаёвая кватэра крэдытуецца ў 36 квадратных метраў, двух і больш – 20 квадратаў.

Кожны грамадзянін, які мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і знаходзіцца на ўліку ў сельскім Савеце, у любой арганізацыі на тэрыторыі Хойніцкага раёна, можа будаваць жыллё ў г. Хойнікі і ў іншых населеных пунктах раёна.


Запісаў Уладзімір СЯМЕНАЎ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *