З ювелірнай вытанчанасцю


Жыхаркай горада Хойнікі Алена Назаранка стала пасля катастрофы на ЧАЭС, пераехаўшы сюды з радыяцыйна забруджанай вёскі Навасёлкі. Але і тут не змяніла ранейшы ўклад сваёй сям’і: як і ў вёсцы, апрацоўвае прысядзібны ўчастак, трымае дамашнюю жыўнасць, стараецца, каб яе домік на вуліцы Першамайскай летам патанаў у кветках.

І засталася страсць да вышывання, чым пачалася займацца вучаніцай пятага класа, азы майстэрства атрымлівала ад сваёй маці.

Лепшым падарункам ад сваіх дачок лічыць  наборы для рукадзелля з рознакаляровымі ніткамі. Па вечарах прымаецца за работу, якая патрабуе руплівасці, цярпення і ўвагі. Паступова, сцяжок за сцяжком, яркімі колерамі ажываюць малюнкі на тканіне.

Алена Дзмітрыеўна – ледзьве ці не адзіная ў раёне майстрыха, якая спецыялізуецца на вышыўцы  ручнікоў. Імі ўпрыгожаны і ўласны дом, і дамы дзяцей, ёсць яе работа і ў Пакроўскай царкве.

На вышыўку аднаго ручніка ўходзіць каля трох тыдняў, але работа жанчыне падабаецца. Гаворыць, што варта толькі ўзяць у рукі іголку, як душа напаўняецца радасцю і спакоем. За ціхім няспешным заняткам праходзіць час, многае паспела пераасэнсаваць у сваім жыцці, малюсенькімі сцяжкамі ствараючы рукадзельныя ўзоры.

Асабліва падабаецца вышываць ёй вясельныя ручнікі. Яны былі пасагам на вяселлі дачок, зараз рыхтуюцца да вяселля ўнука, урачыстая рэгістрацыя яго шлюбу адбудзецца 2 кастрычніка. Хоча, каб на яе ручніку стаялі маладыя ў час урачыстай рэгістрацыі ў Доме абрадаў і на вянчанні ў царкве. І, канешне ж, не пакупнымі, а вырабленымі з любоўю і пяшчотай ручнікамі, будуць перавязаны сваты за вясельным сталом.

Многа вышыла А. Назаранка і навалачак на падушкі, з імі ад раённага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва ездзіла летась на абласную выстаўку народнай мастацкай творчасці ў Гомель і заняла там прызавое месца. Цікавы момант: спачатку журы ўсумнілася ў тым, што гэта вышыўка, а не выбіты малюнак. Папрасілі дазволу расшыць навалачку, каб паглядзець швы ад сцяжкоў на тыльным баку. І потым доўга здзіўляліся ювелірнай вытанчанасцю вышыўкі.

Былы жывёлавод, знаходзячыся на заслужаным адпачынку,  жыве з адчуваннем шчасця ўжо толькі ад таго, што можа займацца любімай справай, якая прыносіць радасць ёй і людзям. І ахвотна дапамагае іншым здабыць гэту радасць. Тэлефонныя званкі раздаюцца ў  доме часта, Алена Дзмітрыеўна гасцінна сустракае тых, хто імкнецца паследаваць яе прыкладу, паказвае свае работы, падказвае, з чаго пачаць. Вельмі радуецца, што вышыўка выклікае вялікі інтарэс у маладога пакалення.



Клаўдзія БОСАК.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *