Наведвайце краязнаўчы музей

Образование

5 верасня пасля рэканструкцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё комплексу “Сядзібны дом”. Цяпер тут, у адным з самых прыгожых будынкаў горада, размяшчаецца раённы краязнаўчы музей – каштоўная гістарычная скарбніца багатага на культурныя традыцыі Хойніцкага краю. Змяніўшы прапіску, музей набыў другое жыццё, стаў прасторным і па-свойму унікальным, і зараз з’яўляецца своеасаблівай візіткай раёна. З дня адкрыцця яго наведала каля тысячы чалавек, у тым ліку госці з блізкага і далёкага замежжа.
Значна павялічылася не толькі экспазіцыйная плошча, але і колькасць экспанатаў. Цікавыя рарытэтныя рэчы – пуцяводныя ніці па мінулым Хойнікшчыны – размясціліся ў сучасных вітрынах і на выставачных подыумах.
Шматвекавая гісторыя і слаўныя традыцыі раёна на высокім прафесійным, мастацкім і эстэтычным узроўнях прадстаўлены ў экспазіцыях пяці з сямі залаў музея. Унікальную частку фонду складаюць калекцыі тканіны і народных касцюмаў, прадметаў сялянскага быту, нумізматыкі, зброі, фотаздымкаў, дакументаў, прадметаў матэрыяльнай культуры, чучалы жывёл, асабістыя рэчы знакамітых землякоў. Знаёмства з экспазіцыямі прыносіць у душу ні з чым не параўнальныя пачуцці, сапраўднае свята адкрыцця. Упэўніцеся ў гэтым, наведаўшы раённы краязнаўчы музей – цудоўны куфар з назапашанымі гістарычнымі і культурнымі скарбамі.




Зала № 1.

Гісторыя сядзібы і яе ўладальнікаў

Прыадчыняем гістарычную заслону і трапляем у ХVІІІ ст. Гэты перыяд часу звязаны  з іменем Караля Прозара, аднаго з уладальнікаў сядзібнага дома, у якім зараз размешчаны музей. Прозары з’явіліся на Хойнікшчыне ў 1782 годзе. Бацька Караля Юзэф Прозар, віцебскі ваявода, удавец ажаніўся з княгіняй Марыянай Шуйскай з роду Халецкіх, удавой Адама Шуйскага, старасты Загальскага. Караль, які жыў да таго ў маёнтку бацькі, перасяліўся ў Хойнікі і сустрэў тут юную Людвіку, дачку Марыяны Шуйскай. Хутка згулялі вяселле. Аб іх насычаным рознымі падзеямі сумесным жыцці вы зможаце даведацца з тэматычных вітрын першай залы. Больш глыбока акунуцца ў тую эпоху, адчуць яе непаўторны каларыт дазваляюць фрагменты тагачаснай сядзібы, посуд, адзенне. Асаблівую цікавасць выклікае паданне пра буталь з пергаментам і манетамі, якія Караль паклаў у грабніцу сваёй жонкі. Гэта гісторыя знайшла адлюстраванне ў малюнках і фотаздымках.

На жаль, нашчадкі Караля не змаглі ўтрымаць у сваіх руках маёнтак. Апошні ўладальнік Канстанцін Прозар, праўнук Караля, вёў разгульны лад жыцця.

У 1882 годзе Канстанцін прадае маёнтак у Хойнаках арлоўскім купцам Аўраамавым і Курындзіну. Будаўніцтва новага дома замест старога Прозараўскага пачаў старэйшы з Аўраамавых Міхаіл. Не дабудаваўшы, ён памёр у 1910 годзе, а заканчваў сядзібу ўжо яго сын Андрэй. Сядзібны дом, якому прысвечана асобная вітрына, быў пабудаваны ў 1912 годзе. Тады ж былі пасаджаны дрэвы ў парку і закладзены падмурак басейна для фантана. У музеі захавана плітка з адбіткам аўтара, якая была ў будынку да рэстаўрацыі, і ўзор паркетнай дошкі.

Перагортваем старонку гісторыі роднага краю і трапляем у ХІХ ст. Архітэктурным помнікам у Рудакове і Барысаўшчыне прысвечаны наступныя вітрыны залы. Прадстаўленыя там экспанаты, у тым ліку будаўнічыя матэрыялы, ажыўляюць мінулае, дазваляючы наведвальнікам падарожнічаць па ім.



Зала № 2.

Прырода краю

Экспазіцыя другой залы дазваляе атрымаць цэласнае ўяўленне аб прыродных скарбах нашага непаўторнага краю. Асаблівую ўвагу наведвальнікаў тут прыцягваюць чучалы жывёл і птушак. Зубр, казуля, дзікі, цецярукі, глушэц, каршун  прадстаўляюць жывёльны свет ва ўсёй яго прыгажосці. Асобнае месца выдзелена насельнікам рэк, азёр і балот.

Вялікая ўвага ў экспазіцыі нададзена гербарыям і апісанню лекавых уласцівасцей карысных раслін.



Зала № 3.

Этнаграфія

Шчыры інтарэс у трэцяй зале ў наведвальнікаў выклікаюць арыгінальныя матэрыялы археалагічных раскопак на тэрыторыі раёна: рэшткі буйных жывёл, асколкі разнастайных крэмніевых, керамічных і металічных вырабаў, упрыгожванні, першабытныя прылады працы. 

Праходзячы па зале, заўважаеш, як ад адной вітрыны да другой, а яны размяшчаюцца ў часовой храналагічнай паслядоўнасці, паляпшалася матэрыяльная культура, удасканальвалася гаспадарчая дзейнасць людзей, якія насялялі тэрыторыю раёна.

Тут таксама прадстаўлены экспанаты, якія адлюстроўваюць побыт, жытло, працу сялян канца ХІХ ст.-пачатку ХХ ст. Гэту экспазіцыю можна пракаменціраваць словамі М. Горкага: “Асноватворцамі мастацтва былі ганчары, кавалі і златакавалі, ткачыхі і ткачы, муляры, цесляры, рэзчыкі (па дрэву і косці), збройнікі, маляры, краўцы, швачкі і наогул – рамеснікі, людзі, чые артыстычна зробленыя рэчы, радуючы нашы вочы, напаўняюць музеі”. Шматлікія экспанаты: ткацкі станок, церніца, прасніца з ільняной кудзеляй, сукала, грэбні драўляныя і металічныя, матавіла, самапрадка і шмат іншых  рэчаў дэманструюць нам разнастайнасць рамёстваў і промыслаў, распаўсюджаных у даўнія часы сярод жыхароў Хойнікшчыны. У вітрынах адзенне сялян – жаночыя сарочкі, вышытыя беларускім арнаментам, ручнікі, посцілкі, вытканыя каляровымі ніткамі і вышытыя ўручную. Тут жа сабраны рэчы хатняга ўжытку: маслабойка, качалкі для прасавання бялізны, ухват, гліняныя збаны для малака, падоўжная піла, лапата для выпечкі хлеба, жорны для размолу зерня на муку, снасць для пад’ёму вулляў на высокія дрэвы. І што адметна – кожная прылада перадае наведвальнікам асаблівую станоўчую энергетыку.



Зала № 4.

Край у гады Вялікай Айчыннай вайны


Экспазіцыя чацвёртай залы прадстаўляе шматгранную панараму жыцця краю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Па абавязку і сумленню ўвесь народ нашай краіны падняўся на вайну супраць фашысцкіх захопнікаў.
У вітрынах экспануюцца экземпляры зброі – гільзы ад снарадаў і патроны, міны розных калібраў, гранаты, супрацьтанкавая сістэма Дзегцярова, ручны кулямёт. Акрамя таго, тут сабраны ваенныя трафеі, здабытыя ў баях, узнагароды, асабістыя рэчы салдат, рэпрадуктар, нямецкі компас, ліхтарык, франтавыя лісты, дакументальныя фотаздымкі. 

Асабліва значныя вітрыны з тымі экспанатамі, што аддаюць даніну памяці людзям, якія ахвяравалі сваім жыццём у імя свабоды і незалежнасці  Радзімы, загінулі ў час нямецка-фашысцкай акупацыі. Мы не забываем і тых, хто прайшоў праз усе жахі вайны, вярнуўся дадому і дапамагаў аднаўляць родны край пасля разбурэнняў, – нашых ветэранаў.



Зала № 5.

Сучасная гісторыя раёна

У пятай зале размешчана некалькі рознатэматычных экспазіцый. Пры дапамозе унікальных экспанатаў адлюстраваны час стваральнай працы па аднаўленню гаспадаркі. Тут фотаздымкі людзей, якія не толькі адолелі ў цяжкім паядынку магутнага ворага, але і здзейснілі яшчэ адзін подзвіг – працоўны.

Аформлена вітрына, прысвечаная афганскай вайне і яе ўдзельнікам. Сем хайнічан з той вайны вярнуліся дамоў у цынкавых трунах. Іх імёны назаўсёды застануцца ў гісторыі Хойнікшчыны, у нашых сэрцах.
Чорным крылом у 1986 годзе апусцілася чарнобыльская бяда на хойніцкую зямлю. Рэха катастрофы адгукаецца ў экспанатах дзвюх вітрын.

Матэрыялы наступных стэлажоў знаёмяць са знакамітымі людзьмі, якія выраслі на нашай, хойніцкай зямлі. Сярод ураджэнцаў раёна нямала дзеячаў навукі, культуры. Асобныя вітрыны прысвечаны беларускаму празаіку, паэту, драматургу, публіцысту, народнаму пісьменніку Беларусі Івану Паўлавічу Мележу, паэтам А.І. Канапелька, М.М. Мятліцкаму, празаіку Б.І. Сачанку. Вялікую цікавасць прадстаўляюць іх творы і асабістыя рэчы.

Апошнія вітрыны залы знаёмяць з працоўнымі дасягненнямі сучаснасці. Прадукцыя вядучых прадпрыемстваў і арганізацый раёна апавядае наведвальнікам аб прафесійных вышынях хайнічан.



Зала № 6.

Мастацкая гасціная 

Гэта сапраўдны рай для аматараў мастацтва, месца, дзе адпачываеш душой. Напярэдадні адкрыцця музея ў нашым раёне на працягу трох тыдняў пад старшынствам старшыні Гомельскага саюза мастакоў Роберта Ландарскага праходзіў плэнер беларускіх, расійскіх, украінскіх мастакоў. Усе творы, напісаныя ў той час мастакамі, а гэта 24 работы, былі падораны краязнаўчаму музею.



Зала № 7.

Для зменных экспазіцый

Адзіная размешчаная на другім паверсе сядзібнага дома зала – для зменных экспазіцый. Зараз тут праходзіць этнаграфічная выстаўка “Буслы”, на якой прадстаўлены экспанаты з Веткаўскага музея народнай творчасці, а таксама старажытныя іконы Палаца-паркавага ансамбля г. Гомеля.

Матэрыялы старонкі падрыхтавала Наталля ЧЭКАН.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *