Вірусу грыпу – ад варот паварот

Медыцына і здароўе

З наступленнем асенніх халадоў самы час падумаць аб найбольш дзейсным метадзе прафілактыкі грыпу – вакцынацыі. Прышчэпка, зробленая ў сярэдзіне восені, дае магчымасць арганізму выпрацаваць спецыфічную абарону ( імунітэт) супраць вірусу грыпу на працягу двух тыдняў. Усе супрацьгрыпозныя вакцыны, закупленыя рэспублікай сёлета, уключаюць кампаненты некалькіх вірусаў грыпу, у тым ліку А/Н1N1, даўшага ў мінулым годзе значны прырост захворваемасці грыпам ва ўсім свеце.

Механізм абароны пры ўвядзенні вакцыны заключаецца ў наступным: на ўведзеных з вакцынай аслабленых вірусах або іх часцінках арганізм “трэніруецца”, напрацоўвае зброю, так званыя антыцелы, для абароны ад “дзікага” вірусу. А сустрэўшыся з ім, адразу абараняецца напрацаванымі раней антыцеламі. Пры гэтым цяжкасць захворвання і рызыка грозных ускладненняў пасля перанесенага грыпу значна зніжаецца.

Для бясплатнай імунізацыі ў раён у бліжэйшы час паступіць 1900 доз вакцыны, якой будуць прышчэплены асобы, якія адносяцца да груп рызыкі (з хранічнымі захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання, уключаючы бранхіяльную астму, пакутваючыя на цукровы дыябет) і асобы, падвержаныя рызыцы захворвання па прафесійнай дзейнасці (медработнікі, работнікі сферы абслугоўвання), а таксама работнікі, якія адносяцца да службы жыццезабеспячэння раёна.

Для забеспячэння магчымасці імунізацыі насельніцтва на платнай аснове зараз праводзіцца актыўная работа па закупцы вакцыны за кошт сродкаў прадпрыемстваў і арганізацый. І гэта апраўдана, бо чым больш людзей прышчэплена, тым меншая верагоднасць узнікнення масавых захворванняў на канкрэтным прадпрыемстве.

На жаль, у свабодны продаж вакцына паступаць не будзе, таму жадаючыя прышчапіцца за свой кошт могуць звярнуцца да кіраўніка прадпрыемства, арганізацыі для фарміравання заяўкі ад прадпрыемства. На падставе заяўкі будзе заключаны дагавор з Хойніцкай ЦРБ, пастаўку вакцыны забяспечыць цэнтралізаванае прадпрыемства “Белфармацыя”.

Ва ўстанове “Хойніцкі райЦГЭ” адкрыта “гарачая” лінія па пытаннях імунізацыі супраць грыпу. Пытанні можна задаваць па тэлефоне 2-20-89.


Н. ЛАГВІНЕЦ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *