На стадыі завяршэння


Аб гатоўнасці да ацяпляльнага сезона гутарка з галоўным інжынерам КЖУП “Хойніцкі камунальнік” С.У. НЕСЦЯРЭНКА.

– Сяргей Уладзіміравіч, што можна сказаць аб гатоўнасці цепласетак?

– Іх працягласць у раёне складае 75 км. Па стану на 20 верасня на ўсіх цепласетках праведзены гідраўлічныя выпрабаванні, якія паказалі, што сістэмы падачы цяпла гатовы да работы. Адзначу, што ў гэтым годзе заменена 10 км цепласетак, практычна завершаны работы па мадэрнізацыі цепласетак у межах вул. К. Маркса і Савецкай з пераключэннем цепланагрузак ад кацельні аўтарамонтнага завода на цэнтральную кацельню па вул. Савецкай, 82.

Зараз вядуцца работы па рэканструкцыі цепласетак ад ЦТП торфабрыкетнага завода да такога ж   аб’екта па вул. Першамайскай,14а, і да спажыўцоў. Таксама запланавана мадэрнізацыя цепласетак ад кацельні ТБЗ да вул. Жукава, якая пачнецца ўжо ў самым хуткім часе, а цяпло ў гэтым напрамку пакуль што будзе падавацца па існуючай цеплатрасе. Работы па мадэрнізацыі будуць весціся паралельна.

Мадэрнізацыю цепласетак па вул. Першамайскай плануем завяршыць да пачатку ацяпляльнага сезона. Акрамя таго, у інстытуце “Белкамунпраект” зараз распрацоўваецца праект мадэрнізацыі цепласетак па астатніх напрамках.

– У якім стане знаходзяцца кацельні?

– Усяго на балансе КЖУП “Хойніцкі камунальнік”  19 кацельняў, 8 з іх працуюць на газавым паліве, астатнія – на дрывах і торфе. На многіх з іх заменена абсталяванне, на ўсіх выкананы неабходныя падрыхтоўчыя работы. Пашпарты гатоўнасці па стану на 28 верасня атрымалі 9 кацельняў, астатнія абследаваны спецыялістамі Дзяржэнерганагляду, на іх зараз ухіляюцца выяўленыя энергетыкамі недахопы.

Прыступілі да праверкі і спецыялісты Прамнагляду, подпіс якіх таксама будзе патрэбен пры выдачы пашпартаў гатоўнасці.

У цэлым кацельні забяспечаны кадрамі аператараў і толькі на некаторых сельскіх кацельнях патрэбна даўкамплектаванне. У гэтым пытанні дапамагло тое, што людзі, якія ў мінулым ацяпляльным сезоне працавалі аператарамі кацельняў, па яго заканчэнні не звальняліся, а заставаліся  ў “Хойніцкім камунальніку” і займаліся іншымі работамі. Зараз жа, з пачаткам новага сезона, яны зноў прыступяць да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў.

– А што з забеспячэннем палівам?

– Дроў нарыхтавана з запасам: пры патрэбнасці 2400 кубічных метраў маем 2900 м3. Заключаны дагаворы на пастаўку тарфянога брыкету з райпалівазбытам, які з-за адсутнасці памяшканняў для яго захоўвання мы будзем забіраць са складаў гэтага прадпрыемства па меры неабходнасці.



Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *