Прыгажосцю душы сваёй

Людзі і лёсы

Гэта няпраўда, што прыгожыя людзі толькі ў маладосці. І ў пажылым узросце кожнай маршчынкай на твары, кожным рухам, поглядам чалавек прыгожы. Як гэтая 75-гадовая жанчына, здымак якой зроблены ў час сустрэчы работнікаў камунальнай  службы з жыхарамі дома № 23 па вул. Карла Маркса. Лілія Міхайлаўна Самок адчыніла акно, каб паслухаць аб чым ідзе гаворка. Не ўсё роўна ёй, як будуць вырашаны праблемы жыхароў трохпавярхоўкі, больш таго, калі дачку Ліну яны выбралі сваім упаўнаважаным.

Пажылы ўзрост не перашкода, каб і самой паўдзельнічаць у тым сходзе. Але ж інваліднасць. У першы тыдзень пасля чарнобыльскай аварыі яна, работніца КБА, выязджала  ў адселеныя затым вёскі на комплексныя прыёмныя пункты “сартаваць” тканіну, вырабы з яе, абутак. А к восені, калі капалі бульбу, дрэнна сябе адчула, нага стала балець ад пяты да калена. Лячэнне нічога не дало, стала чарнець і яе ампутавалі.

Думкі, адна чарней другой, не пакідалі жанчыну. Ад бездапаможнасці, залежнасці, хаця і ў родных дзяцей. Бо ўсё сваё свядомае жыццё з 12 гадоў была яна ў працы.

У сям’і Самкоў было 10 дзяцей, трое памёрлі ў галадоўку, а яна, старэйшая, нават школу не магла закончыць, трэба было дапамагаць па гаспадарцы бацькам і малодшых глядзець.

Працавала спачатку ў арцелі інвалідаў, затым у арцелі “Гарантыя”. Шылі рабочае адзенне, штаны, сарочкі, а сукенкі з парашутнага шоўку тады былі апошнім крыкам моды.

 Нядоўгім быў першы шлюб, праз два гады памёр  муж. Няхай і не па каханню выходзіла замуж, бацькі настаялі, аднак трэба было вытрымаць гэты ўдар лёсу. А праз сем год  другое замужжа, каб назаўсёды, каб сапраўдная сям’я, у доме якой звіняць дзіцячыя галасы.

34 гады Лілія Міхайлаўна адпрацавала ў камбінаце бытавога абслугоўвання: швачкай, касірам, прыбіральшчыцай. Цяжка бывала, але ніколі не скардзілася. І ніколі не трымала зла на людзей, якія крыўдзілі словам або ўчынкамі сваімі. Дзяцей таму ж вучыла. Састарэлага бацьку, інваліда Вялікай Айчыннай вайны, да канца яго дзён даглядала.

Заплача бывае зараз, успомніўшы перажытае, а дачка Аліна, якая штодня ў маці, развее, разгаворыць. Сын Валерый таксама. А ўнукі, адзінаццацікласнік Цярэнцій і дзевяцікласніца Алеся, першыя памочнікі ў бабулі. Не так важна, што ўжо многа год на Дзень пажылых людзей, у прафесійнае свята адміністрацыя КБА нават паштоўкай не павіншуе свайго ветэрана, відаць, за вытворчымі праблемамі не да гэтага. Галоўнае, што дзеці і ўнукі не забываюць.

– Для чаго мы прыходзім у гэты свет і што нам для шчасця патрэбна? – пытаецца Лілія Міхайлаўна.– Чаму жыццё аднаго чалавека складваецца так, а ў другога інакш? Долю сваю не напрарочыць і не ўгадаць, не абысці і не аб’ехаць. Гэта вялікая таямніца Божай волі. Вось і маё шчасце ў дзецях і ўнуках. І дзякуй Богу за гэта.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *