Як будзем працаваць, так будзем і жыць


28 верасня адбылося пасяджэнне райвыканкама. На ўзнёслай ноце пачаў яго кіраўнік раёна А.В. Бічан. Падзякаваў за работу ўсім, хто меў дачыненне да падрыхтоўкі і правядзення Дня беларускага пісьменства ў Хойніках. “Усё, што зроблена, застанецца нам,” – зазначыў Аляксандр Васільевіч. – Цяпер наша паўсядзённая задача – захоўваць у дастойным выглядзе напрацаванае і прымнажаць добрыя справы на карысць роднай Хойнікшчыны”.

Як кажуць, няма межаў удасканаленню, так і нам нельга спыняцца на дасягнутым, тым больш што з рабочым візітам і ў якасці гасцей у нас пабывае ўся вобласць.
А.В. Бічан уручыў прызы, заснаваныя Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, асабліва вызначыўшымся ў падрыхтоўцы і правядзенні Дня беларускага пісьменства працоўным калектывам – Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка ў асобе яго дырэктара П.М. Кудана і раённага спажывецкага таварыства ў асобе насмесніка старшыні праўлення Т.П. Саханьковай.
У ходзе пасяджэння аб падрыхтоўцы народнай гаспадаркі раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2010-2011 гг. дакладваў намеснік старшыні райвыканкама А.У. Машэўскі. Асноўны дакумент, які адлюстроўвае якасць выканання  падрыхтоўчых работ, – пашпарт гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў цеплавой энергіі. Яго яшчэ не атрымалі агракамбінат “Віць”, КСУП імя Мележа, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”, пракуратура, РАУС, суд, райпо, філіял па дрэваапрацоўцы “Палескі”, раённая інспекцыя па насенняводству, каранціну і ахове раслін, раённая структура ДТСААФ. Тлумачэнне таму – на большасці   аб’ектаў пасля рамонту да Дня беларускага пісьменства не падпісаны акты ўводу, але гэта будзе зроблена ў бліжэйшы час.

Па стану на 20 верасня ў раёне нарыхтавана дроў 89 працэнтаў да задання, брыкету – 82 працэнты. Больш за 50 мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да ацяпляльнага сезона рэалізаваў КЖУП “Хойніцкі камунальнік”. Пры гэтым у пад’ездах дамоў не праведзена зашкленне акон. Але тут віна хутчэй не камунальнай службы, а несвядомых плацельшчыкаў за паслугі. Больш за 200 мільёнаў рублёў запазычылі яны “Хойніцкаму камунальніку”, а грошы гэтыя дарэчы было б пусціць на набыццё шкла, кантрольна-вымяральных прыбораў у цеплавузлы шматкватэрных жылых дамоў.
Завершаны работы па мадэрнізацыі цепласетак у аграгарадку Глінішча, рэканструкцыі каналізацыйных сетак па вул. К. Маркса г. Хойнікі, рэканструкцыі сетак водазабеспячэння па вуліцах Чырвонаармейская, К. Маркса, Кірава, Паркавая, Кастрычніцкая. Не будзе псаваць наваколле дрэнны пах у раёне цэнтральнай аптэкі – асвоены ў поўным аб’ёме 460 млн. руб., выдзеленых на будаўніцтва каналізацыйных сетак па вул. Савецкай (ад СШ № 2  да цэнтральнай раённай аптэкі).

У горадзе да 25 кастрычніка плануецца завяршыць работы па замене цепласетак ад цэнтральнага цеплавога пункта ТБЗ да цеплавога пункта па вул. Першамайская, 14, да 1 лістапада плануецца завяршыць работы па замене двух вадаводаў ад станцыі другога пад’ёму да перакрыжавання вуліц Лермантава і Калесніка.

Для стабільнага энергазабеспячэння раёна праведзена рэканструкцыя сетак 0,4 кВ у г. Хойнікі працягласцю 21,8 км, а таксама ў аграгарадках Вялікі Бор, Глінішча, вядуцца работы ў населеным пункце Веляцін. З запланаваных 45 км адрамантаваны 7,5 км сетак напружаннем 10 кВ. Пры гэтым унесена прапанова перадаць сеткі высокага напружання 5 прадпрыемстваў раёна на баланс РЭС.
Навучанне ў Энерганаглядзе  прайшоў 51 чалавек з ліку электратэхнічнага персаналу.
Гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый да работы ў асенне-зімовы перыяд 2010-2011 гг. пакідае жадаць лепшага ў плане навядзення парадку на мехдварах, аснашчэння станочным, вымяральным, дыягнастычным абсталяваннем майстэрняў, гаражоў і ПТА. Як адзначыў начальнік райсельгасхарчу А.Р. Варабей, на крайне нізкім узроўні вядзецца работа па стварэнню ўмоў працы і адпачынку на жывёлагадоўчых фермах. З маючыхся 28 пакояў адпачынку ў належным стане толькі 15, з 28 душавых на фермах спраўныя 6.
На ўмоўную галаву жывёлы ў раёне нарыхтавана 23,4 ц к.а., з улікам кармоў нарыхтоўкі мінулага года забяспечанасць на зімовастойлавы перыяд 2010-2011 гг. складзе 24,7 ц к.а. Ніжэй раённага паказчыка забяспечанасць кармамі ў КСУП “Велікаборскі”, эксбазе “Стралічава”, вышэй узроўню – у “Аравічах” і “Судкова”.
У ходзе абмеркавання па кожнай з 8 гаспадарак раёна абазначаны праблемныя месцы, дадзены канкрэтныя даручэнні па іх выпраўленню. Пры гэтым архіважнай задачай з’яўляецца ўвод у дзеянне двух хлявоў у Стралічава. Толькі з такімі падыходамі сітуацыя ў жывёлагадоўлі ў корані памяняецца ў лепшы бок.

На строгім кантролі знаходзіцца ход рэалізацыі ў раёне Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх пасяленняў на 2007-2010 гады. На пасяджэнні намеснік старшыні райвыканкама А.М. Іўкова дала ацэнку эфектыўнасці прымаемых мер па яе выкананню ў першым паўгоддзі. У выніку прызнана недастатковай работа: па вытворчасці прадукцыі прамысловасці і спажывецкіх тавараў – Хойніцкага ДАКа; па вытворчасці прадукцыі прамысловасці – філіяла па дрэваапрацоўцы “Палескі”, “Каапнарыхтпрама”, рамзавода, ААТ “Хойнікірамбуд”, КПУП “Паліграф”, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс”, ПДРЭЗ; па вытворчасці спажывецкіх тавараў – завода гідраапаратуры.
Упершыню прынята гэтая праграма, і фактычна яна выканальная. Задачы, параметры і заданні вызначаны дакладна. Яны празрыстыя і зразумелыя для кожнага. І іх магчыма рэалізаваць толькі пры пастаянным кантролі і аналізе  выканання ўсяго намечанага.

На пасяджэнні была таксама заслухана і абмеркавана справаздача начальніка землеўпарадкавальнай службы Хойніцкага райвыканкама А.А. Маліноўскага аб праводзімай рабоце па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 27.12.2007 г. № 667 “Аб адбіранні і прадастаўленні зямельных участкаў” на тэрыторыі Хойніцкага раёна. У святле яго патрабаванняў задача адна – усе пустуючыя зямельныя ўчасткі павінны выкарыстоўвацца – гэта значыць, абслугоўвацца і апрацоўвацца.
Па словах  старшыні  раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічана, бяздзеяння і беспрынцыповасці тут не павінна быць, як і ў пытанні запыту за парадак на ўласных або ўзятых у арэнду зямельных участках. Тое ж датычыць і парадку каля ўласных гаражоў. А гэта магчыма толькі пры ўмове стварэння гаражнага кааператыву.


Ірына ВАСІЛЬЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *