Адрадзіць і зберагчы


Так супала, што ў верасні неабходна было праводзіць планавае пасяджэнне пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па пытаннях сацыяльнай сферы, справах моладзі, спорту і турызму і чарнобыльскіх праблемах з парадкам дня “Аб рабоце ўстаноў культуры раёна па духоўна-маральнаму развіццю насельніцтва і стварэнню ўмоў для рэалізацыі творчых здольнасцей людзей”, а таксама  чарговую сесію Алексіцкага сельскага Савета з парадкам дня “Аб рабоце ўстаноў культуры па арганізацыі культурнага адпачынку насельніцтва”. Да таго ж на першы месяц восені было запланавана правядзенне Дня гэтага Савета.
Чаму б тры мерапрыемствы не сумясціць, калі прасочваецца агульнасць тэматыкі? Да таго ж, адзін з пунктаў пратакола даручэнняў старшыні абласнога Савета дэпутатаў М.А. Бондар  патрабуе адраджэння мясцовых традыцый, звычаяў, абрадаў, г.зн. захавання культурных традыцый беларускага народа.
Таму і вырашана было пайсці на свайго роду эксперымент і задзейнічаць не толькі Алексіцкі, а і Барысаўшчанскі сельскі Савет.

Культурныя набыткі народа неаддзельныя ад духоўнага пачатку. Таму ўдзельнікі мерапрыемства першай справай наведалі Свята-Нікольскую царкву ў вёсцы Храпкаў. Настаяцель храма манах айцец Міхаіл расказаў аб гісторыі заснавання царквы, аб жыцці Мікалая Свяціцеля і адслужыў кароткі малебен аб здравіі.
Затым традыцыйна пацікавіліся станам падвор’яў у населеным пункце. Асаблівай дагледжанасцю вызначаецца двор і прыдамавая тэрыторыя дома Марыі Сцяпанаўны Мазырэц, дзе ўсё літаральна патанае ў кветках, вырашчаных гаспадыняй.

У Барысаўшчанскім СДК работнікі гэтай установы культуры ўвазе наведвальнікаў прапанавалі адкрытае мерапрыемства “Да дабрыні праз слова” на рэлігійную тэматыку, а таксама невялікую выстаўку работ мясцовых рукадзельніц. Трэба сказаць, што і мерапрыемства, і выстаўка не пакінулі нікога раўнадушным. Незабыўнае ўражанне не выкажаш, проста хочацца памаўчаць, задумацца аб жыцці, аб сваім месцы ў ім.
Пабывалі ў вёсцы Віць, даведаліся, у якім санітарным стане ўтрымліваецца гэты населены пункт. А самае цікавае чакала ў вёсцы Слабажанцы – інсцэніроўка вясельнага абраду, падрыхтаваная самадзейнымі артыстамі Слабажанскага і Глінішчанскага сельскіх Дамоў культуры. На ўездзе ў вёску перагарадзілі дарогу госці з вяселля, патрабавалі плату за праезд. Давялося частаваць “мытнікаў”. А ў Доме культуры чакалі і выкуп нявесты, і бласлаўленне маладых бацькамі, і дзялёж караваю. І ўсё гэта так прыгожа: нацыянальныя касцюмы, дасціпныя жарты на мясцовым дыялекце, саматканыя ручнікі, вышыванкі, запаленыя свечкі… Здавалася, на самай справе трапіў у стагоддзе назад на вяселле палешукоў.

У вёсцы Глінішча пабывалі ў памяшканні мясцовага сельскага Савета, пазнаёміліся з яго работай. Неабходна адзначыць, што тут ёсць пэўныя зрухі ў афармленні нагляднасці.
У мясцовым Доме культуры адбылася чарговая сесія сельскага Савета, затым пасяджэнне камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, справах моладзі, спорту і турызму і чарнобыльскіх праблемах, якую ўзначальвае дэпутат райсавета Н.У. Ешчанка. Са справаздачай аб рабоце ўстаноў культуры па арганізацыі культурнага адпачынку выступіла галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Л.В. Няволіна. Праблем у гэтым пытанні нямала, але ўсе яны вырашальныя, і ў прынятым камісіяй рашэнні дэталёва акрэслены шляхі іх рэалізацыі. Старшыням сельскіх Саветаў дэпутатаў, сельскім выканаўчым камітэтам неабходна на сесіях і пасяджэннях выканкамаў штогод разглядваць пытанні арганізацыі культурнага адпачынку насельніцтва, штомесяц заслухваць справаздачы работнікаў аддзела культуры аб праводзімай рабоце ў гэтым напрамку; арганізоўваць рэйды з удзелам дэпутатаў сельскіх Саветаў, упаўнаважаных па вывучэнню работы ўстаноў культуры.

Ад продкаў спакон вякоў нам засталася спадчына – пісаў беларускі пясняр. І спадчына гэтая бясцэнная, у чым яшчэ раз пераканаліся ўдзельнікі мерапрыемстваў таго дня. Есць яшчэ людзі, якія многае могуць паказаць, расказаць, навучыць. Таму ёсць меркаванне правесці паэтапна конкурс праектаў, накіраваных на адраджэнне і захаванне духоўных, культурных традыцый жыхароў Хойнікшчыны, улічыўшы магчымасць прадстаўлення праекта на атрыманне гранта міжнародных арганізацый для яго рэалізацыі.

У мерапрыемствах прыняў удзел і выказаў свае меркаванні галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гомельскага аблвыканкоама Я.А. Галкін.


Л. МАРЧАНКА, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *