Восеньскія клопаты на сухіх палях

Сельское хозяйство

img_9651На кожным відзе сельгасработ ёсць свае вядомыя імёны. Як правіла, на жніве – адны «зоркі», на сяўбе – іншыя героі, а на ўборцы «каралевы палёў» – свае перадавікі. Напрыклад, тэлефаную галоўнаму аграному эксбазы «Стралічава», каб высветліць, хто ў іх зараз задзейнічаны на пасяўной, а сама ўжо прыкідваю, што напэўна гэта будзе Юрый Дрончанка – так яно і ёсць. Размаўляю з веляцінскімі спецыялістамі і здагадваюся, што на дыскаванні будзе Сяргей Яромчык – і зноў не памыляюся. Ды і тое, што кукурузу на сілас у «Судкове» ўбірае Рыгор Сцішанок, прадказальна. Канешне, пэўныя перастаноўкі бываюць, але ў асноўным кожны механізатар замацаваны за сваёй тэхнікай і справай. Вось цяпер зноў надышоў зорны час сейбітаў і корманарыхтоўшчыкаў.

img_9578На гэтых здымках яны ўсміхаюцца, але нам цяжка нават уявіць, як ім зараз складана працаваць. Каб дайсці па полю да тэхнікі, я раз дзесяць трапляла ў «пясочнае тарнада». На палетках, акрамя велізарнага слупу пылу, складана нешта разглядзець – у ім цалкам хаваецца нават трактар. А ўявіце, як кіраваць, калі амаль нічога не бачна вакол. Таму пакуль усе атрымліваюць асалоду ад цёплага пачатку восені, гэтыя мужчыны мараць аб дажджу. Але сіноптыкі, на жаль, не радуюць…
img_9527Механізатары, як заўсёды, падымаюць адзін аднаму настрой. На судкоўскім полі, каля Казялужжа, удалося «злавіць» для здымкаў адразу пяць чалавек. І як толькі дастала фотаапарат, «уключыўся» механізатарскі гумар: «А Вы нашаму Васю Касабуцкаму ў газеце пагаліце бараду?»
img_9577Наогул барада – паказчык таго, што чалавек працуе з раніцы і да позняга вечару, і ў яго не хапае часу нават на гэта. Такі аргумент я прыводзіла і Сяргею Яромчыку, які наадрэз адмаўляўся фатаграфавацца, бо, па яго словах, дрэнна выглядае. А мне здаецца, што такія здымкі наадварот больш душэўныя.
img_9601Прыемна было бачыць знаёмыя твары, аднак, адзін малады чалавек здаўся мне новенькім. Хаця высветлілася, што Алег Шлёг працуе на трактары шэсць гадоў, проста рэдка бывае ў «раёнцы». Мы вырашылі, што гэта ўпушчэнне варта выпраўляць – ён абяцаў старанна працаваць, каб быць у ліку лепшых і часцей трапляць на старонкі газеты.
img_9612А вось Уладзімір Бельскі працаваў на камбайне, жніво скончылася – і ён тут жа ўключыўся ў новую справу – заняты на адвозцы зялёнай масы.
img_9626Асобных слоў павагі заслугоўвае трактарыст Анатолій Пабядзінскі, які амаль сорак гадоў працуе ў гаспадарцы. У спрытнасці на кукурузных палетках ён і сёння не саступае маладым калегам.
img_9672Механізатары працуюць бесперапынна, таму нават на фатаграфаванне выдзяляецца літаральна некалькі хвілін. Адзіная пауза – гэта абед, які дастаўляюць ім прама ў поле. Пакуль чакалі сейбіта Андрэя Краўчанку, пазнаёміліся з абаяльнай раздатчыцай Наталляй Драздовай.

img_9645Яна палявод, але вось ужо трэці сезон змяняе прафесію на час жніва і пасяўной. Работа жанчыне падабаецца, ды і людзі задаволены харчаваннем. У дзень нашага прыезду Наталля раздавала салат з памідораў і агуркоў, суп, грэчку з катлетай, булачкі і кампот. Пакуль доўжыўся непрацяглы абедзенны перапынак, мы паспелі з пад’ехаўшым Андрэем Краўчанкам абмеркаваць самыя актуальныя пытанні: надвор’е, сяўбу і хатнія справы – як складваюцца справы з бульбай.

Усё-такі ў нас цудоўныя людзі, такія працавітыя, пасля кожнага падарожжа па палях надоўга зараджаешся пазітыўнай энэргіяй. І так хочацца, каб усё ў іх атрымлівалася добра. Поспехаў вам і… дажджу!

Тэкст і фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *