Эксклюзівы краязнаўчага музея

Культура

img_0901

У раённым краязнаўчым музеі захоўваюцца унікальныя экспанаты беларускага побыту. Некаторым з іх больш за 100 гадоў.
Цяжка выдзяліць, да чаго цягнецца погляд у зале гісторыі і этнаграфіі краязнаўчага музея. Хочацца каля вітрыны з нацыянальным жаночым уборам пастаяць і падзівіцца той майстрысе, што абшывала кашулю чырвонай абярэжнай ніццю. У куце ўтульна размясціўся ложак, пакрыты клапатлівай рукой покрывам. Быццам у любімай бабулі апынулася. Побач у шкляным корабе вісіць абраз. Па словах супрацоўніка музея В.У. Маслака, выява Мікалая Цудатворцы датуецца сярэдзінай ХІХ стагоддзя. Такія ў кожнай вясковай хаце глядзелі з чырвонага кута. Каштоўнасць маляванага на дошцы святога менавіта ва ўзросце – людзі пазамінулага стагоддзя маліліся аб шчасці сваёй сям’і каля гэтай іконы.
Экспанаты, якія заслугоўваюць шматлікай увагі, па іроніі, не так прыцягваюць позіркі. Але варта было б. Адзін з іх – кузнечныя мяхі. Гэты важны складнік любой беларускай кузні на дзіва добра захаваў свой выгляд. Яго больш падзёртыя блізнюкі ў іншых музеях часам і не бачаць цікаўных наведвальнікаў, так і ляжаць ў сховішчах. Хойніцкі ж, наадварот, – у цэнтры залы.

img_0842
Яшчэ адной «разынкай» можна назваць бортніцкі набор – лязіва і кадолы. Перакладаючы на сучасную мову, гэта вяроўкі і сядзёлка, а таксама своеасаблівы рычаг для падняцця бортніка (пчаляра) да вулля. Менавіта ў хойніцкім музеі на ўсеагульнае агляданне прадстаўлены ўвесь набор бортніка, за выключэннем хіба што драўлянага ствала – для поўнай карціны.
Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *