Мабілізаваць усе сілы і сродкі

Сельское хозяйство

На 1 кастрычніка  ў гаспадарках раёна налічвалася 20813 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 6820 кароў. Усё пагалоўе на пачатак зімова-стойлавага перыяду неабходна было размясціць на 34 фермах у 134 жывёлагадоўчых памяшканнях, а таксама ў дадатковых кашарах. Натуральна, што да азначанай даты ўсе яны павінны былі быць гатовымі да пастаноўкі жывёлы.

Да пачатку зімова-стойлавага перыяду належным чынам падрыхтаваліся не паўсюдна. Добрае выключэнне ў гэтым сэнсе толькі сельгаспрадпрыемства “Аравічы”, дзе на ўсіх малочнатаварных фермах поўнасцю выкананы ўвесь комплекс падрыхтоўчых работ. У астатніх жа гаспадарках раёна з рознай, праўда, ступенню вастрыні паўстаюць праблемы ў гэтым важным і адказным напрамку дзейнасці.

Напрыклад, у сельгаспрадпрыемстве “Велікаборскі” засталося толькі пабяліць жывёлагадоўчыя памяшканні і правесці іх дэзінфекцыю. Многае зроблена ў плане падрыхтоўкі жывёлагадоўчых памяшканняў да зімоўкі жывёлы і ў КСУП“Судкова”. Аднак тут яшчэ не завершана рэканструкцыя некаторых  памяшканняў Судкоўскай МТФ.

А вось у агракамбінаце “Віць”, эксбазе “Стралічава”, ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” і “Велеціне” яшчэ вельмі многае трэба зрабіць для належнай падрыхтоўкі да зімоўкі жывёлы. Напрыклад, у агракамбінаце належным чынам падрыхтаваны толькі аддзяленні “Валокі” і “Настолле”. А на Малішаўскай МТФ да рамонту памяшкання для ўтрымання дойнага статка да пачатку кастрычніка яшчэ не прыступалі. Рамонту даху, падлогі, сістэмы водапаення патрабуе кароўнік на Кураўской малочнатаварнай ферме. Толькі напалову гатовы памяшканні на Езапоўскай МТФ – тут патрэбна ўстанавіць падвоеныя дзверы ў тамбурах, адрамантаваць малакаправод і сістэму водапаення.
Рамонту патрабуюць кашары і памяшканні на Стралічаўскай МТФ, не пабелены і не прадэзінфіцыраваны памяшканні МТФ  “Губарэвічы” і “Высокае”.

У ААТ “Хойніцкі Аграсервіс” не прыступалі да рамонту жывёлагадоўчых памяшканняў на Карчоўскай (памяшканне для ўтрымання маладняку) і Забалацкай фермах. Больш-менш гатовы да зімы памяшканні ў аддзяленні “Дубровіца”, але тут таксама не праведзена іх дэзінфекцыя і пабелка.
Вядзецца рэканструкцыя памяшкання для дойнага статка на цэнтральнай МТФ КСУП “Веляцін”. У цэлым падрыхтавана да зімоўкі і Звеняцкоўская МТФ, але тут неабходны рамонт памяшкання для маладняку. 
Што датычыць кармавой базы будучай зімоўкі, то хаця яна і бядней за мінулагоднюю (23,50 ц к.а. сёлета супраць 25,94 ц к.а. у 2009-м), але ж у  цэлым гэта дазваляе правесці зімова-стойлавы перыяд без галадання жывёлы. Важна толькі рацыянальна расходваць кармы – каб і рацыён быў збалансаваны, і іх  хапіла да заканчэння зімоўкі.

Пытанне падрыхтоўкі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў да зімова-стойлавага перыяду было разгледжана на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося 28 верасня. У прынятым рашэнні вызначаны канкрэтны тэрмін ухілення выяўленых недахопаў – 15 кастрычніка. Час, як бачым, яшчэ застаецца. І, каб не ўпусціць яго, у гаспадарках неабходна мабілізаваць усе сілы і сродкі.



А. МАХНАВЕЦ, намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *