Выступілі дастойна

Спорт

Горад Капыль Мінскай вобласці добра вядомы аматарам лёгкай атлетыкі як месца традыцыйнага нацыянальнага фестывалю эстафетнага бегу “Капыльскія пагоркі”. Вулічны рэльеф гэтага райцэнтра нават пераўзыходзіць мазырскі, і пагоркі гэтыя на ім вылучаюцца куды большай круцізной схілаў, таму  ўдзельнікам мерапрыемства – спартсменам з Беларусі, Украіны і Расіі даводзіцца зусім няпроста на дыстанцыях забегаў. Тым не менш, дастойна выступіла на гэтых спаборніцтвах зборная каманда нашага раёна з  ліку спартсменаў – выхаванцаў хойніцкіх СДЮСШАР і ДЮСШ.

Так, у эстафеце 4х400 метраў першае месца занялі хлопчыкі 1996-97 гадоў нараджэння – Сяргей Зелянкоўскі, Міхаіл Шаметаў, Уладзіслаў Буглак (усе навучэнцы Мазырскага вучылішча алімпійскага рэзерву) і Уладзімір Мастабай са Стралічаўскай СШ.
Усяго крыху не хапіла да п’едэстала гонару і эстафетнай камандзе дзяўчат такога ж узросту, якая стала чацвёртай у спаборніцтве на такой жа эстафетнай дыстанцыі: яны ўступілі саперніцам толькі ў фінішным створы на самых апошніх метрах. У склад каманды ўваходзілі Юлія Козуб і Інга Шэвелева з Паселіцкай СШ, Яніна Лех (СШ №3), Насця Багушэвіч (Мазырскае РВАР).
Пятым месцам сярод больш чым 20 каманд адзначылася і эстафетная зборная хлопчыкаў (таксама 4х400 метраў) 1998-99 гадоў нараджэння, за якую выступалі навучэнцы гімназіі Алег Мядзведзеў і Уладзіслаў Церашонак, Яўгеній Лазарчук з Паселіцкай СШ і вучань СШ №1Уладзіслаў Дворнік.
Напэўна, самая цікавая барацьба разгарнулася ў камбінаванай эстафеце сярод дарослых. На яе трох першых этапах мужчыны беглі па 6 кіламетраў, а на заключным, чацвёртым, выступалі жанчыны, якія спаборнічалі на трохкіламетровай дыстанцыі. Хайнічане, за якіх выступалі Аляксандр Яўжэнка, Артур Асаўляк, Аляксандр Свецянкоў і Марыя Карэльская, таксама паказалі сябе нядрэнна, заняўшы шостае месца.



Віктар НАЗАРАНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *