Майстэрства, творчасць і натхненне

Образование

У наш час на культработніка ўскладзена  высокая місія: прывіваць чалавеку веды, прыгажосць, гармонію, задавальняць яго эстэтычныя запатрабаванні ва ўмовах хуткаразвіваючайся цывілізацыі. Асноўнымі задачамі  з’яўляюцца захаванне гісторыка-культурнай спадчыны, далейшае развіццё нацыянальнай культуры, стварэнне ўмоў для ўсебаковага росту духоўных і эстэтычных патрабаванняў насельніцтва, арганізацыя яго самадзейнай творчасці і культурнага адпачынку.

Агульны кніжны фонд бібліятэк складае 300,3 тысячы экземпляраў (у 2009 годзе было 291,5 тыс.). За дзевяць месяцаў года кнігавыдача склала 155392 экземпляры, абслужана 9069 чытачоў.
Бібліятэкі актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна, адгукваюцца на ўсе значныя падзеі, святочныя і памятныя даты. Сумесна з клубамі і школамі праводзяцца вечары, літаратурна-музычныя мерапрыемствы, віктарыны, забаўныя і гульнявыя праграмы.

Пытанні адраджэння нацыянальнай культуры, выхаванне любві да роднага краю з’яўляюцца ключавымі напрамкамі ў іх дзейнасці. Практычна ўсе бібліятэкі маюць краязнаўчыя куткі, а Стралічаўская, Слабажанская, Барысаўшчанская – пакоі народнага быту. У Велікаборскай ёсць пакой-музей пісьменніка Б.І. Сачанкі.

Пры дамах культуры горада і вёсак дзейнічаюць 75 гурткоў і аб’яднанняў. У іх рабоце ўдзельнічаюць 745 чалавек, у сельскай мясцовасці – 613 (з іх для дзяцей – 512, у вёсках – 457).
Мае званне народнага драматычны тэатр, рэжысёрам якога з’яўляецца А.В. Сярмяжка. Ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў” пацвердзіў сёлета фальклорны ансамбль “Спадчына” (кіраўнік Л.У. Краўчанка). Носіць назву ўзорнага ансамбль “Верасок” пры дзіцячай школе мастацтваў (кіраўнік У.М. Чарнякоў), прайшоў абарону на прысваенне звання народнага ансамбль “Крыніца” (кіраўнік У.І. Мінін), які за высокае мастацкае майстэрства і папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны аргкамітэтам  Першага адкрытага фестывалю этнакультурных традыцый “Покліч Палесся” адзначаны Дыпломам і грашовай прэміяй у 300 тысяч рублёў.
30 верасня 2010 г. адбылося адкрыццё мастацкага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў у будынку раённага краязнаўчага музея. Набраны 2 групы вучняў. Дзеці вучацца жывапісу, малюнку, кампазіцыі, скульптуры. Зараз у дзіцячай школе мастацтваў 285 навучэнцаў. Акрамя ансамбля народнай песні “Крыніца” і дзіцячага ўзорнага ансамбля “Верасок” дзейнічаюць гурткі скрыпачоў, акардэаністаў, народных інструментаў, вакальны, харавы, танцавальны.
У маі гэтага года 9 дзяцей удзельнічалі ў ХV рэспубліканскім свяце мастацтваў “У будучыню – з надзеяй”, у Белдзяржфілармоніі сустрэліся з вядомымі артыстамі Беларусі. Прымалі таксама ўдзел у ІІ міжнародным фестывалі дзіцячай і юнацкай творчасці “Крокі”.

Для жыхароў раёна работнікамі клубных устаноў за 9 месяцаў гэтага года праведзена амаль 2000  мерапрыемстваў, з якіх 940 платных, у тым ліку 355 канцэртаў, 80 тэатралізаваных прадстаўленняў і 100 выставак.
Трэба адзначыць, што адным з напрамкаў работы аддзела культуры па выкананню дзяржаўных сацыяльных стандартаў з’яўляецца аказанне платных паслуг насельніцтву. Асноўныя з іх – дыскатэкі, вечары адпачынку, канцэрты – усяго каля 30 відаў. Мэтанакіраваная работа ў гэтым напрамку дазваляе выконваць даведзены прагнозны паказчык. Толькі за студзень-верасень гэтага года аказана паслуг на 57,1 мільёна рублёў пры плане 39,4 мільёна.
Галоўнае ва ўсіх нашых дасягненнях – людзі, работнікі культуры. І кожны новы творчы поспех – вынік дзейнасці клубнага і музейнага работніка, бібліятэкара, педагога, музыканта. Менавіта яны захоўваюць і прымнажаюць культурныя нацыянальныя традыцыі. У планах на перспектыву – правядзенне паэтапна конкурса праектаў, накіраваных на адраджэнне і захаванне духоўных, культурных традыцый жыхароў Хойнікшчыны. Распрацавана палажэнне аб аглядзе-конкурсе па захаванню традыцый і абрадаў нашага раёна.

Пры Доме рамёстваў (дырэктар З.С. Бураўцава) будзе адкрыта школа дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва для сельскіх клубных устаноў, пры РДК – створаны вакальны маладзёжны і танцавальны калектыў, на базе народнага тэатра – дзіцячы тэатральны калектыў.
Напярэдадні прафесійнага свята выказваю ўдзячнасць усім работнікам культуры. Нізкі паклон ветэранам працы, якія захавалі лепшыя традыцыі ў сферы культуры і шчодра дзеляцца сваім вопытам.


 


Л. НЯВОЛІНА, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама.






Аддзел культуры ўнёс на разгляд райвыканкама прапановы па правядзенню культурна-масавых мерапрыемстваў у 2011-2012 гадах, прымеркаваных да 500-годдзя г. Хойнікі. Гэта арганізацыя выставак работ мастакоў у карціннай галерэі краязнаўчага музея, свята народных рамёстваў “Дзень добры, горад майстроў”, выстаўка работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Будзе падрыхтавана тэатралізаванае прадстаўленне, якое адлюструе ўсе этапы гісторыі развіцця горада, свята-конкурс абрадавай выпечкі і свята Двара, раённае свята гумару з запрашэннем тэатра мініяцюр. Есць задумка правесці фестываль нацыянальных культур, удзельнікамі якога стануць прадстаўнікі нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі раёна.







Сетка ўстаноў культуры – гэта 46 аб’ектаў. Сярод іх раённы Дом культуры, ГЦКіС “Меліяратар”, раённы Дом рамёстваў, 19 сельскіх дамоў культуры і клубаў, аўтаклуб, 25 бібліятэк, у тым ліку 5 у горадзе, раённы краязнаўчы музей, Дом-музей І.П. Мележа, музей “Трагедыя Чарнобыля”, дзіцячая школа мастацтваў, якая мае 4 філіялы ў сельскай мясцовасці і мастацкае аддзяленне ў раённым краязнаўчым музеі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *