Хойнікшчына ў люстэрку пяцігодкі


На маючым адбыцца чацвёртым Усебеларускім сходзе будзе прыняты важнейшы дакумент жыцця нашай дзяржавы – праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў наступнай (2011-2015 гг.) пяцігодцы. Сёння мы пачынаем цыкл публікацый, прысвечаных сацыяльна-эканамічнаму развіццю нашага раёна ў дзеючай пяцігодцы.

Першы год дзеючай зараз пяцігодкі прайшоў пад знакам 20-годдзя чарнобыльскай катастрофы.  Людзі Хойнікшчыны  не скарыліся пад націскам бяды, плённа працуюць, выхоўваюць дзяцей, паляпшаюць свае жыллёвыя ўмовы, культурна і змястоўна адпачываюць.

І ўсё ж жыццё на забруджанай зямлі накладвала свой адбітак, мела сваю спецыфіку. З гэтым было звязана адкрыццё ў сакавіку 2006 года на базе палявой вучэбнай станцыі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя А.Д. Сахарава рэгіянальнага вучэбна-інфармацыйнага цэнтра па праблемах радыяцыйнай бяспекі. І вось ужо пяты год супрацоўнікі гэтай установы паспяхова спраўляюцца з пастаўленымі  задачамі – правядзенне пастаяннай асветніцкай і ідэалагічнай работы сярод насельніцтва і павышэнне кваліфікацыі кадраў дзяржаўнага кіравання, настаўнікаў, урачоў, кіраўнікоў гаспадарчых суб’ектаў Хойніцкага, Брагінскага, Нараўлянскага і іншых раёнаў вобласці ў сферы радыяцыйнай бяспекі.

Аднак не адным толькі сумным чарнобыльскім юбілеем жыла Хойнікшчына 4 гады таму назад. Актыўна вяліся работы па добраўпарадкаванню населеных пунктаў раёна, развівалася жыллёвае будаўніцтва. Галоўным дасягненнем стала здача пад ключ жылога дома на 40 кватэр палепшанай планіроўкі па вуліцы Камсамольскай райцэнтра. Акрамя таго, у 2006 годзе ў эксплуатацыю былі здадзены 14 індывідуальных жылых дамоў у аграгарадку Судкова, жылы дом у вёсцы Веляцін, 3 дамы ў Куравым, 8 дамоў у  Храпкаве і 3 жылыя дамы ў пабудаваным у тым жа годзе аграгарадку Глінішча. Будаўніцтва ўсяго гэтага жылля вялося гаспадарчым спосабам (у Судкове і Велеціне) і арганізацыямі-падрадчыкамі з-за межаў раёна.

Вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванню ў 2006 годзе быў выкананы па вуліцы К. Маркса райцэнтра і ў вёсцы Глінішча, якая ў тым жа годзе набыла статус аграгарадка. Для гэтага ў Глінішчы тады  многае было зроблена. Пералічым толькі самыя галоўныя аб’екты. Гэта  капітальны рамонт бальніцы сястрынскага догляду, рэканструкцыя водаправодных сетак, рэканструкцыя і рамонт сярэдняй школы-сада імя І.П. Мележа, сельскага Дома культуры, гандлёвага цэнтра і інш. На АТС “Глінішча” было ўстаноўлена новае лічбавае абсталяванне, якое значна пашырыла спектр тэлефонных паслуг.
У 2006 годзе ў Хойніках была праведзена рэканструкцыя водаправодных сетак па вуліцах Я. Коласа і 60-ці камсамольцаў-падпольшчыкаў, а ў пабудаваным у 2005 годзе аграгарадку Судкова – рэканструкцыя сістэмы водазабеспячэння і капітальны рамонт сельскага Дома культуры.

У 2006 годзе было пракладзена 2 км размеркавальнага (вулічнага) газаправода, да крыніц прыроднага газу было падключана 209 жылых дамоў. Таксама была здадзена ў эксплуатацыю новая газавая аўтазаправачная станцыя.
Стабільна працавала і прамысловасць раёна. У змешчанай у адным з нумароў газеты “Ленінскі сцяг” табліцы аналізу тэмпаў росту выпуску таварнай прадукцыі прадпрыемствамі раёна з 1990 года добра бачны паступовы рух да стабільнасці ў эканоміцы за гэты перыяд. Што ж датычыць 2006 года, то найбольш адчувальныя тэмпы росту выпуску таварнай прадукцыі ў параўнанні з годам папярэднім былі атрыманы на заводзе “Гідраапаратура”      (165,8 %), торфабрыкетным заводзе (132,1 %), ДЛГУ “Хойніцкі лясгас” (131 %).

У параўнанні з 2005 годам палепшыліся паказчыкі ў сельскай гаспадарцы. Так, сельскагаспадарчымі арганізацыямі атрымана 124,2 тысячы тон прадукцыі земляробства ў пераразліку на кармавыя адзінкі, што больш узроўню 2005 года на 0,8 тыс. тон, або на 0,6 %. На 0,8 цэнтнера кармавых адзінак павысілася прадукцыйнасць паш і сенакосаў.
У жывёлагадоўлі валавы надой сельгаспрадпрыемстваў склаў 18800 тон, надой ад каровы – 3531 кг, сярэднясутачныя прывагі на адкорме – 469 грамаў.


 


Падрыхтаваў  Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *